Кіраўніцтва адукацыйнага цэнтру «SOL Minsk» палічыла, што гэта «агітацыя за апазіцыю».

Марыяна Груздзіловіч, жонка журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, працавала ў камерцыйным адукацыйным цэнтры «SOL Minsk» са жніўня 1998 года. Як распавяла Хартыі’97 звольненая выкладчыца, 24 сакавіка падчас апошняй лекцыі навучэнцы загаварылі пра Дзень Волі.

«Адна дзяўчынка, гадоў трынаццаці, якая ўваходзіць у піянерскую арганізацыю, сказала: «А я ведаю, што такое Дзень Волі. Гэта калі адмарозкі збіраюцца і пачынаюць гарлапаніць», -- узгадвае Марыяна Груздзіловіч. -- Я не змагла змаўчаць, і патлумачыла дзецям, што ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі адзначаюць нармальныя інтэлігентныя людзі, якія праводзяць мірныя акцыі».

Па словах Марыяны Груздзіловіч, дзеці выслухалі яе расповяд з цікавасцю.

На наступны дзень, 25 сакавіка, з выкладчыцай сустрэлася кіраўніцтва цэнтра. Загадчыца навучальнай часткай цэнтра паінфармавала Марыяну, што яна звольненая, паколькі «парушыла ўнутраны статут арганізацыі». Кіраўніцтва заявіла, што вучаніца, якая спрачалася з Груздзіловіч, паскардзілася бацькам, а яе бацька служыць палкоўнікам МУС.

Муж Марыяны, Алег Груздзіловіч, лічыць, што яго жонку звольнілі па палітычных матывах.

«Выходзіць, што нашыя палкоўнікі міліцыі камандуюць не толькі міліцыянтамі, але і выкладчыкамі, прадпрымальнікамі, цэлымі фірмамі», - зрабіў выснову журналіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?