Усё яшчэ працягваюцца размовы, ці сабралі патрэбныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў кандыдаты ў прэзідэнты Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачань. У лічбы не вераць нават прадстаўнікі іх штабоў.

Вось адзін штрышок адносна збору подпісаў за Чэрачня. Сваімі ўражаннямі ад працы ў камандзе вырашыў падзяліцца Сяргей Падзолка з Барысава.

Сяргей Падзолка. Фота з фэйсбука.

Сяргей Падзолка. Фота з фэйсбука.

«Нават блізка не сабралі за Чэрачня 100 тысяч подпісаў! Ініцыятыўная група вялікая, але ў рэальнасці мала хто збіраў подпісы. У Барысаве збіралі чалавекі 3-4. І ўсе разам мы сабралі максімум 1500 подпісаў, не больш. Я асабіста здаў 400 подпісаў. Я збіраў па 20-30 подпісаў у дзень. У іншых што, раён горада лепшы быў? Ці людзі іншыя? Не. Я думаю, што па краіне подпісы за Чэрачня рэальна збірала чалавек дваццаць.

Апошні тыдзень збору подпісаў мне казалі ездзіць у Мінск. Каб нехта ўвогуле бачыў, што мы нейкую «актыўнасць» праяўляем. Я стаяў ля «Дана-Мола» тры дні, за дзень прывозіў па 10-15 подпісаў. А былі дні, што людзі збіралі па 2-3 подпісы.

Ніхто не хацеў распісвацца за Чэрачня: невядомы чалавек, ніяк сябе не пазіцыянаваў, не прасоўваў. У яго любімае слова — «калабарацыя», што ён там «скалабаруе» — не зразумела.

Бланкі ніхто не правяраў, ніхто не глядзеў, там куча памылак. У адзін бланк упісваюць і Барысаўскі раён, і Бярэзінскі. Ніхто не заганяўся.

Вырашыў расказаць, бо ўжо зусім трызненне творыцца! То Чэрачань казаў, што будзе здымацца, то не будзе. Тут тыдзень да выбараў застаўся, а ён усё піярыцца.

Подпісы за яго ўгаварыў мяне сабраць Зміцер Бародка [былы кіраўнік «Зубра», родам з Барысава — «НН»]. Спадзяюся, моцна на мяне не пакрыўдзіцца».

«НН» вырашыла спраўдзіць гэтыя словы ў самога кандыдата Сяргея Чэрачня. Перш-наперш ён даслаў здымак адбракаваных штабам подпісаў. «І гэта толькі частка», — запэўнівае палітык. Гэта ён адказвае датычна таго, ці праводзілася праверка.

Адбракаваныя подпісы. Фота прадставіў Сяргей Чэрачань.

Адбракаваныя подпісы. Фота прадставіў Сяргей Чэрачань.

«Што тычыцца Падзолкі, то чалавек ніколі не быў у нас у штабе. Ён сапраўды збіраў подпісы, і сабраў 400 аўтографаў. У апошні тыдзень, калі мы спынілі збор у рэгіёнах, то прапанавалі людзям, калі ў іх ёсць час і жаданне, пазбіраць у Мінску, аплочвалі дарогу, пражыванне. Пікеты за мяне стаялі ў Мінску да апошняга дня збору подпісаў. Але я не разумею прэтэнзій гэтага чалавека», — кажа Сяргей Чэрачань.

Сяргей Чэрачань. Фота Надзеі Бужан.

Сяргей Чэрачань. Фота Надзеі Бужан.

«Наколькі нам вядома, Сяргей Падзолка з’яўляецца сябрам партыі БСДП [гэта адпавядае праўдзе — «НН»], увесь негатыў ідзе ад Ігара Барысава [кіраўнік БСДП — «НН»]. Пасля таго, як я напісаў, што радыкальная дэструктыўная апазіцыя абступіла Свету [Ціханоўскую — «НН»], пачаўся гэты негатыў. Старая апазіцыя разваліла ўжо ўсё, што можна, цяпер яны спрабуюць разваліць і магчымы альянс», — расказвае кандыдат.

Каго Чэрачань мае на ўвазе пад «радыкальнай дэструктыўнай апазіцыяй»? «Мікалая Казлова, Віталя Рымашэўскага, таго ж Барысава… Гэтая кадка абступіла Ціханоўскую. Я зрабіў усё, што мог, каб кааліцыя адбылася», — сказаў Чэрачань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?