Чаму ў Расіі некаторыя настойліва даказваюць, што абсалютнай гістарычнай праўды не бывае? Піша Віталь Тарас.

11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў гітлераўскіх канцлагераў, на чыгуначнай станцыі Дрансі ў Францыі быў апаганены мемарыял. Вандалы намалявалі свастыкі на бетонным абеліску і на чыгуначным вагоне — адным з тых, на якіх вывозілі яўрэяў падчас нямецкай акупацыі. У 1941—1944 гадах Дрансі быў галоўным транзітным пунктам дэпартацыі французскіх яўрэяў у лагеры смерці. Усяго туды адправілі 67 тысяч чалавек.

Гэта толькі адно з мноства падобных паведамленняў — ад пачатку году ў краінах ЕС зафіксавана ўжо 1600 выпадкаў антысемітызму і ў Францыі, і ў Бельгіі, і ў Германіі. А ў Вялікабрытаніі і Іспаніі фіксуецца самы вялікі ўсплёск антысемітызму за апошнюю чвэрць стагоддзя. Нечаканым для экспертаў стаў яго рост у краінах Скандынавіі.

У краінах Усходняй Еўропы, асабліва ў Расіі, працвітаюць ксенафобія і фашызм.

Паводле звестак сацыялагічнай службы «Лявада‑Цэнтр», 22% апытаных у Маскве лічаць, што імігрантаў трэба ліквідаваць. Эксперты усё гэта тлумачаць глабальным эканамічным крызісам…

У праявах вандалізму і расізму, зразумела, няма нічога новага. Як і ў паліткарэктных публікацыях на гэтую тэму ў заходняй прэсе. У Беларусі ж і Расіі адно толькі й гавораць, што пра перамогу над фашызмам, асабліва напярэдадні чарговай яе гадавіны. Але ў гэтага параднага медаля ёсць іншы бок. У ягоным бляску ўсё больш праглядае фальш.

А цяпер дыскатэка!

Дзень Перамогі, можна не сумнявацца, будзе адзначаны, як заўсёды — з усім размахам. Кульмінацыяй сёлетніх святкаванняў у Маскве, акрамя ваеннага параду, стане, відаць, конкурс Еўрабачання неўзабаве пасля 9 мая.

Што адметна — сёлета ўпершыню з высокіх афіцыйных трыбунаў прагучалі не столькі святочныя, колькі істэрычныя ноткі.

Спачатку кіраўнік МНС Расіі Шайгу, а потым генпракурор і спікер Дзярждумы заклікалі ўвесці закон аб крымінальнай адказнасці за адмаўленне перамогі СССР у Вялікай айчыннай вайне.
Маўляў, у Германіі ж судзяць за адмаўленне Халакосту. Праўда, факт перамогі над фашызмам, адрозна ад генацыду яўрэяў, ніхто ў Расіі, здаецца, не аспрэчвае… А на іншыя краіны расійская юрысдыкцыя пакуль не распаўсюджваецца.

Сяргей Шайгу на з’ездзе «Адзінай Расіі» патлумачыў сваю пазіцыю: «Я не згодны з тым, што мы ахвяры фашызму — мы пераможцы… Ну, вось прыбалты вывелі сябе з ахвяраў. Простым і элементарным спосабам. Зрабілі нас акупантамі — і яны ўжо не ахвяры фашызму. Яны акупаваныя савецкімі войскамі. Але калі далей так пойдзе — мы дойдзем да ручкі!»

Не зусім зразумела, хто гэта — «мы»? Міністр мае на ўвазе ўсіх савецкіх грамадзянаў, якія ваявалі з фашызмам — то бок, беларусаў, рускіх, украінцаў, грузін, казахаў, яўрэяў, прадстаўнікоў іншых народаў? Ці толькі «вялікі расійскі народ», за выключную ролю якога ў перамозе над Германіяй узняў тост Сталін у 45‑м? І што значыць — «зрабілі акупантамі»? Хіба не было анексіі краінаў Балтыі згодна з Пактам Молатава‑Рыбентропа? А можа, і самога пакту не было? І сумеснага параду нямецкіх і савецкіх войскаў у Брэсце ў 1939‑м таксама? У Беларусі падобныя згадкі ў прэсе называюць экстрэмізмам і канфіскуюць выданні — як у выпадку з часопісам «Аrсhe». У Расіі прапануюць кідаць за краты ўсіх, хто яшчэ памятае, што Савецкі Саюз удзельнічаў не толькі ў Вялікай айчыннай вайне, але і спрычыніўся да развязання Другой сусветнай, 70‑годдзе з пачатку якой мы будзем адзначаць у верасні. А потым ваяваў з Германіяй — дарэчы, разам з іншымі краінамі антыгітлераўскай кааліцыі: Англіяй, ЗША, Францыяй.

Але ўзгадваць гэта лічыцца непатрыятычным.

Патрыёты ці марадзёры?

Памятаю, у 1968‑м, напярэдадні акупацыі Чэхаславакіі, пачуў ад нейкага ветэрана фразу: «Мы іх ад фашыстаў вызвалілі, а яны, гады…» А што яны? Не захацелі быць сатэлітам Савецкага Саюзу? Захацелі самастойна вырашаць свой лёс? І за гэта трэба было прасаваць чэхаў танкамі?

Тады, праз няпоўныя трыццаць гадоў пасля вайны, такія словы ў вуснах ветэрана вайны можна было калі не апраўдаць, дык зразумець. А якое дачыненне да таго «мы» маюць цяперашнія расійскія чыноўнікі? (Між іншым, і беларускія таксама.) Няўжо сапраўды такія кепскія справы ў расійскай дзяржаве, што ганарыцца больш няма чым, акрамя перамогі СССР над гітлераўскай Германіяй? 18 гадоў няма Савецкага Саюзу — цэлае пакаленне вырасла. А ўсё хочацца навучыць іх, гэтых «прыбалтаў», «бандэраўцаў», «пшэкаў» і розных іншых нацыяналістаў, як трэба «радзіму любіць», паказаць ім, што «мы» — гэта, насамрэч, і яны, народы «блізкага замежжа». Толькі яны канечне павінны прызнаць ролю васалаў і да скону веку быць ўдзячнымі Маскве за сваё выратаванне.

А ці маюць маральнае права цяперашнія «правадыры» вялікага і малога (пераважна малога) калібру вучыць іншыя народы, як трэба змагацца з агрэсіяй і перамагаць фашызм? Дапусцім, яны не нясуць адказнасці за масавыя дэпартацыі з краінаў Балтыі да і пасля вайны, рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, за вайну ў Афганістане, хоць і лічаць сябе спадкаемцамі савецкай імперыі. А за дзве чачэнскія вайны, за дзяцей Беслана, за ваенную аперацыю «прымушэння да міру» ў Грузіі? Вайна усё спіша — гэтыя словы і падчас другой сусветнай мелі не надта гуманістычны сэнс. А сёння ад іх патыхае суцэльным цынізмам. Дакладней — марадзёрствам. На ахвярах вайны, якіх дагэтуль так і не падлічылі, на ветэранах, яіх засталася ўсяго жменька, паразітуюць. Імі прыкрываюць свае палітычныя амбіцыі ды імперскія мроі тыя, хто сёння ва ўладзе…

Каму і навошта патрэбна праўда?

Пару месяцаў таму на «ініцыятыву» Шайгу даў адказ на ліберальным сайце Еж.ру вядомы палітолаг Леанід Радзіхоўскі. Але ж дзіўным падаўся мне той адказ.

Усе народы, як спрабуе пераканаць аўтар, так ці іначай грэшныя ў хаванні праўды пра вайну —
і немцы, якія выявілі «запозненую крывадушнасць», прымаючы законы аб адказнасці за адмаўленне Халакосту, і яўрэі, частка якіх прыслужвала гітлераўцам у канцлагерах, і расійцы, якія бамбілі свае ж гарады, і народы Балтыі, якія служылі ў СС, і французы, сярод якіх далёка не ўсе пайшлі ў «макі». Дзіўна, што не былі згаданыя англічане і амерыканцы, якія зруйнавалі дашчэнту Дрэздэн і Гамбург.

Радзіхоўскі не можа, як ён піша, «знайсці ШЧЫРАГА (тут і далей вылучэнне аўтара — ВТ) адказу: каму, навошта патрэбна ПРАЎДА пра вайну?» Пры гэтым, на яго думку, «усё‑такі калі б людзям распавялі, тварам торкнулі ва ўвесь гэты АБСАЛЮТНЫ ЖАХ, без галівудскай патакі і футбольна‑патрыятычнай маны — можа быць, тады нешта і сапраўды змянілася б у свядомасці».

Аўтар, які цудоўна ведае літаратуру, — і не толькі расійскую — робіць выгляд, быццам не было і няма прозы Васіля Быкава і Віктара Астаф’ева, дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі», «Блакаднай кнігі» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна, не было аповесці Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», не было фільму Элема Клімава «Ідзі і глядзі» паводле «Хатынскай аповесці» Адамовіча — «без галівудскай патакі». Тады партыйнае начальства ў Беларусі таксама пагрозліва запытвалася — каму і навошта патрэбна такая ПРАЎДА пра вайну?!

Зразумела, творы літаратуры і мастацтва, нават самыя лепшыя, не здольны змяніць масавую свядомасць. І сучасны стан грамадскай свядомасці ў Беларусі ёсць таму доказам.

Але непачутыя ўрокі нашых бацькоў, пакалення вайны — тэма для іншага артыкулу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0