Скрыншот з відэа. Сілавікі на аўтобусах і аўтазаках супраць пенсіянераў. 23 лістапада, Мінск.

Скрыншот з відэа. Сілавікі на аўтобусах і аўтазаках супраць пенсіянераў. 23 лістапада, Мінск.

Пусты праспект і заблакаваныя вуліцы, закрыты выхад з метро «Плошча Леніна», сотні амапаўцаў у чорным — так выглядаў цэнтр Мінска ў панядзелак. Прычына ўсяго гэтага — штотыднёвы Марш пенсіянераў.

Толькі старыя людзі цяпер могуць дазволіць сабе свабоду сходу на цэнтральным праспекце сталіцы Беларусі. Маладзейшых з плакатамі ці сцягамі тут хапаюць бязлітасна.

Аднак сёння лукашэнкаўцы пайшлі далей, сіла была ўжытая і супраць пенсіянераў. Старыя паказалі немалую смеласць, пайшоўшы Маршам у такіх умовах.

Сілавікі атачылі калону. Вось як гэта было:

Пенсіянераў не пускалі, штурхалі. Людзі скандавалі на адрас Аляксандра Лукашэнкі «Пашол вон, ты і твой АМОН!», а на адрас сілавікоў — «Фашысты!» і «Халуі».

Заўважце, што гэта відэа, знятыя жыхарамі горада з акон, бо журналістаў цяпер масава затрымліваюць. 

У выніку сілавікі рассеклі калону на дзве. Частка старых прарвалася да плошчы Перамогі, дзе міліцыянты затрымалі чалавека са сцягам. Другая частка пратачылася па вуліцы Янкі Купалы ў бок Оперы.

Каля Оперы АМАП ізноў рассёк другую калону пенсіянераў на яшчэ дзве. Адна пайшла ў бок праспекта Незалежнасці па вуліцы Пашкевіч, другая — па Камуністычнай. 

У Асмолаўцы АМАП яшчэ раз атакаваў пенсіянераў. Відавочцы паведамляюць пра затрыманні.

Толькі невялікая частка ўдзельнікаў Маршу здолела прарвацца да плошчы Якуба Коласа.

Вось яшчэ трохі фота і відэа з маршу:

***

Гэта ўжо восьмы марш пенсіянераў, першы прайшоў 5 кастрычніка. Ідэя Маршаў у пенсіянераў узнікла тады, калі ўлады сталі масава затрымліваць і адлічваць пратэстуючых студэнтаў. Людзі сталага веку палічылі, што, калі маладзейшым выказвацца не даюць, то даносіць думку грамадства мусяць яны. Некаторыя з маршаў адзначыліся драматычнымі сутычкамі з праваахоўнікамі. Аднойчы супраць пенсіянераў пусцілі газ — калі тыя адбілі затрыманых медыкаў каля 1-й клінічнай бальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?