У эпоху фэйкаў бывае складана адразу вызначыць, ці праўдзівая інфармацыя перад табой. З такой праблемай сутыкаюцца і карыстальнікі сацсетак, і чытачы СМІ.

Такая ж дылема стаіць і перад рэдактарамі медыя: як пераправяраць інфармацыю, дасланую чытачом? Асабліва калі ў краіне адбываюцца падзеі, у рэальнасць якіх яшчэ год таму не паверыў бы ніколі ў жыцці — а цяпер гэта стала будзённасцю. Атрымаць каментар ад сілавікоў па гарачай тэме складана, амаль немагчыма. Ды і няма гарантыі, што іх адказ будзе дакладным.

У такой сітуацыі прэзумпцыяй даверу могуць карыстацца махляры і правакатары — што часам і робяць. Апошнім часам беларускія СМІ сутыкнуліся з атакай з боку гомельскага дальнабойшчыка Яўгена Катлярова, які часцяком дзейнічае пад псеўданімам «Евгеній Какой-та».

У апублікаванай на Ютубе размове з карэспандэнткай «Белсата» Катляроў тлумачыць, чаму займаецца сваімі правакацыямі. Маўляў, некалі пра яго самога напісалі няпраўду. Іншая матывацыя — яго абурае, што незалежныя СМІ дзейнічаюць непрафесійна і не правяраюць інфармацыю. 

Фота з акаўнта «Евгеній Какой-та» ў фэйсбуку

Фота з акаўнта «Евгеній Какой-та» ў фэйсбуку

«Наша Ніва» прыводзіць прыклады яго ўкідаў у інфармацыйную прастору.

У Курапатах затрымалі актывіста?

У студзені 2019 годзе «актывіст Мікіта Канцавы» напісаў у фэйсбуку, што яго затрымалі ў навагоднюю ноч на варце ў Курапатах. Маўляў, ён правёў ноч у міліцыі, а пасля атрымаў штраф.

З «Канцавым» звязалася рэдактарка агенцтва БелаПАН, выслухала яго версію, але не стала правяраць інфармацыю пра затрыманне ў бараўлянскай міліцыі — бо адказ на такое пытанне звычайна не даюць.

У выніку аказалася, што ніякага «Мікіты Канцавога» не існуе, як не было і яго затрымання.

Збіты Ціханоўскі трапіў у бальніцу?

У маі 2020 года пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага ў інтэрнэце стала распаўсюджвацца інфармацыя пра тое, што блогер быў збіты і трапіў у бальніцу. Крыніца нават назвала нумар палаты, у якой ляжыць Ціханоўскі, — 307 ці 308. У якасці доказу распаўсюджваўся аўдыязапіс.

Паплечнікі Ціханоўскага прыйшлі ў бальніцу і патрабавалі ад галоўнага доктара паказаць ім блогера. Той настойваў, што такога пацыента няма.

У выніку высветлілася, што аўдыязапіс быў зроблены яшчэ паўгода таму. А раскідваў яго па чатах менавіта «Евгеній Какой-та».

Алісу Селязнёву прымушаюць аддаць подпіс за Лукашэнку?

У маі 2020 года па сацсетках гуляў «загад» аб уключэнні настаўнікаў у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі.

«Наша Ніва» пісала пра гэту гісторыю. Яе адметнасць у тым, што яна шматузроўневая, — правакатар не толькі «пацвярджаў» інфармацыю сам, але і падгаварыў гамяльчанку Марыю Семянцову. Яна грала ролю «настаўніцы рускай мовы Алісы Селязнёвай».

Расказваючы пра сітуацыю карэспандэнту «Нашай Нівы», правакатар згадваў нейкага Юрыя Вектара — «адзінага настаўніка, які адмаўляўся падпісвацца за Лукашэнку». Ад гэтага імені цяпер рассылаюцца многія фэйкі. 

Гісторыя не пацвердзілася, але цікава, што ў гісторыю пасля ўлез аўтар «Советской Белоруссіі» Юрый Церах. Ён самы актыўны папулярызатар фэйкаў «Евгенія Какой-та». Церах стаў даказваць, што журналіст «Нашай Нівы» «шантажаваў» «Селязнёву» і «пагражаў пераследам».

Жыхар Новай Баравой атрымаў 20 базавых за дыванок?

У сярэдзіне лістапада ішло супрацьстаянне вакол Новай Баравой, дзе была адключанае ацяпленне. «Жыхар Новай Баравой» паведаміў парталу «Анлайнер» пра аблаву ў пратэсным пад’ездзе. Казаў, што яго самога аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за дыванок пад дзвярыма — маўляў, у выпадку пажару аб яго можна спатыкнуцца і ўпасці.

Іншага суседа нібыта пакаралі штраф за дзіцячы веласіпед у тамбуры, яшчэ аднаго — за дзіцячыя каляскі. «А зараз павязуць у РУУС за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», — паведаміў мужчына.

Журналіст паверыў яго словам — нічога незвычайнага, калі за некалькі дзён да таго сілавікі хадзілі па пад’ездам плошчы Перамен і ўскрывалі дзверы ў кватэрах.

Мужчына прадставіўся Яўгенам Катляровым, стваральнікам «Мікіты Канцавога», які змагаецца з фэйкавымі навінамі.

Сведка ў аўтазаку

Калі ў інтэрнэце з’явілася відэа з камер сілавікоў, многія СМІ сталі шукаць сведкаў падзей — людзей, якія былі ў тым самым аўтазаку, дзе збівалі людзей.

«Гамяльчук Юрый» заявіў парталу Tut.by, што быў непасрэдным удзельнікам падзей. Яго расповед быў падобным да праўды — пра тое, што атрымаў балончыкам у твар, пра людзей, пазначаных фарбай, пра тое, што міліцыянеры шукалі здымкі на яго тэлефоне. 

«Нам давялося ўнесці змены ў публікацыю. Высветлілася, што адзін з нашых суразмоўцаў наўмысна ўвёў у зман карэспандэнта Tut.by. Ён распавёў, што таксама знаходзіўся ў аўтазаку, з якога знялі відэа. На самай справе, яго там не было. Таму гісторыю, расказаную ад імя Юрыя, мы выдалілі», — пасля напісаў Tut.by.

Стралялі з дзіцячага пісталета?

Раніцай 29 лістапада той жа «Евгеній Какой-та» даслаў паведамленне ў тэлеграм-канал «Белсата»: «На Пушкінскай пачаліся затрыманні. Каля Макдональдса стаіць кампанія вайскоўцаў і страляе ў людзей з пластмасавага дзіцячага пісталета палачкамі з прысоскамі. Цэляцца ў твар». Мадэратар удакладніў, як гэта можна пацвердзіць? «Цэлімся, каб сфоткаць незаўважна. Яны зусім побач. Аднаго затрымалі», — адказаў правакатар.

Прымянялі ручныя вадамёты?

Увечары таго ж дня паведамленне прыляцела і ў рэдакцыю «Нашай Нівы»: «Добры дзень! На вуліцы Скрыганава сілавікі прымянілі партатыўныя ручныя вадамёты!» Як і ў сітуацыі з пісталетам з прысоскамі, чытач абяцаў вось-вось скінуць фотаздымкі. «Шукаем вай-фай», — інфармаваў ён. А пасля даслаў нейкі здымак з разгону пратэстаў за мяжой, на якім выяўлены чалавек, які адлятае ад струменя вадамёта.

Акаўнт правакатара быў схаваны, але мы ідэнтыфікавалі яго — вось як выглядае гэты чалавек.

У некаторыя СМІ правакатар паведамляў пра затрыманне калег: «Тут вашага карэспандэнта павязалі. Прасіў вам перадаць інфармацыю». Дадатковы час губляўся на пошукі, пасля аказвалася, што гэта фэйк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0