Фота: Яўген Ярчак

Фота: Яўген Ярчак

«Я адвучылася ў Бабруйску на цырульніцу, затым пераехала ў сталіцу. У Мінску працавала па спецыяльнасці шмат гадоў, пасля пачала пісаць карціны. 

І ў 2020 годзе мне стала цікава, што адбываецца ў краіне. Да гэтага палітыкай я ніколі не цікавілася — 9 жніўня ўпершыню ў жыцці хадзіла галасаваць, — расказвае Юлія. — 

8 жніўня мы сустракаліся з сяброўкамі, абмяркоўвалі, што будзе адбывацца ў дзень выбараў. Ніхто не ведаў, што будзе, мы проста гадалі. У паветры насілася нейкая незразумелая энергія. Хадзілі страшылкі, што будзе нейкі поўны піпец, было страшна, хоць я і не ўяўляла, што будзе настолькі ўсё сур’ёзна, жорстка і крывава. 

Я сказала тады сяброўкам: блін, страшна, але я выйду ў горад. І я выйшла — і так, гэта было вельмі страшна.

Перад выбарамі я шчыра верыла, што мы зараз усе прагаласуем — і ўсё зменіцца. У мяне была надзея на перамены — можа, я была вельмі наіўная? Але я думала: нас жа так шмат! Я не верыла, што ўсё застанецца так, як і раней.

Аказалася, што не. Раней я ніколі не ўдзельнічала ў такіх гісторыях, таму думала, што, можа, раней сапраўды была большасць за Лукашэнку… А пасля пачала цікавіцца і даведалася, што не, што і раней людзі чагосьці хацелі. Ну я маленькая была, што тут зробіш».

Перад выбарамі да Юліі і трапіла тая шыкоўная сукенка.

«Сяброўкі недзе знайшлі вінтажныя сукенкі, і калі я ўбачыла тую вясельную сукенку, то думаю: вау, клас! Тады я дакладна выйду, бо ў такой прыгожай сукенцы буду трансляваць прыгажосць, жаночую сілу. Жанчыны — дабро, любоў і святло. І было вельмі здорава, што сукенка фактычна сама мяне знайшла, — кажа дзяўчына. — 

У дзень выбараў я аддала свой голас за Ціханоўскую: бо ўва мне адгукнулася гэтая гісторыя, спадабалася, як аб’ядналіся людзі, раней жа такога не было. Мне падабаліся праграмы, якія прапаноўвалі іншыя кандыдаты, я хацела галасаваць за Бабарыку — але яго пасадзілі.

9 жніўня мы ўвесь дзень гулялі па горадзе. Каталіся на тым самакаце, які проста ўзялі ў арэнду, смяяліся, здымалі шмат відэа, аб’ехалі ўвесь цэнтр. Калі сцямнела, паехалі на Нямігу, затым па мосце ў бок Стэлы, але вярнуцца не змаглі — бо ўсё было ўжо заблакавана сілавікамі, — узгадвае Юлія. — 

Пасля мы заехалі дадому і пакінулі самакат, затым вярнуліся зноў на вуліцу. Людзей было вельмі шмат. Мы былі на Машэрава, там дзе сілавікі перакрылі вуліцу. Мы проста стаялі і назіралі. Пасля ў людзей кінулі святлошумавую гранату — і людзі пабеглі. 

Мы вярнуліся дадому і засталіся там, а на наступны дзень суседзі расказалі, што мы ўдала вярнуліся, бо пасля ў нашых дварах сілавікі зладзілі сапраўдную зачыстку. 

Нас сфатаграфавалі на самакаце на Нямізе: каля Палацу спорту і ГЦ «Галерэя». Тое, што фота шырока разышлося, я спачатку не ведала.

Інтэрнэта ж пасля выбараў не было. Фота я ўбачыла ўжо пасля 9 жніўня: мне скінулі яго сябры з-за мяжы. Яно прылятала адусюль: ад знаёмых з Украіны, Польшчы, Італіі. 

Тое фота я спачатку запосціла ў сваім інстаграме, пасля выдаліла — мне не было страшна, што мяне знойдуць ці штосьці такое. Проста тады ўжо стала вядома, што кагосьці збіла аўтазакам, пасля загінуў Тарайкоўскі. А мне тэлефануе знаёмая і кажа пра маё фота: вау, гэта так крута, гэта твая хвіліна славы! Мне стала сорамна, што я нібыта хайпую на ўсёй гэтай гісторыі. Я падумала: якая яшчэ хвіліна славы? І выдаліла фота». 

У канцы жніўня Юлія з хлопцам выехалі з Беларусі.

«Калі шчыра, то мой хлопец перажываў не столькі за сябе, сколькі за мяне. Банальна — што сказаць маім бацькам, калі мяне недзе затрымаюць? 

Мне ж было страшна, я зусім не смяльчак, але неяк не верылася, што нейкі мужчына можа проста падысці, схапіць мяне і пасля збіць. І я хадзіла на мітынгі, на акцыі. Часам казала хлопцу: я пайду каву піць. А пасля ён тэлефануе мне і чуе на фоне крыкі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!». І ён такі: ты дзе? Я еду за табою!

На шчасце, нас не затрымлівалі, крымінальных ці адміністратыўных спраў не заводзілі. 

Але і было страшна, і заставацца дома я не магла.

І хлопец прыняў рашэнне, што мы з’язджаем, хаця б часова. Я не супраціўлялася. Толькі месяцы праз паўтара я перастала баяцца міліцыі і плакаць, чытаючы навіны», — кажа дзяўчына.

За мяжой шляхі Юліі і яе хлопца разышліся. Цяпер дзяўчына жыве ў Кіеве. 

«У Беларусі я не развівалася як мастак. А Кіеў мяне вельмі цёпла прыняў. 

Я думала пачынаць працаваць цырульніцай, каб проста зарабляць грошы. Трапіла ў студыю да аднаго хлопца, мы пагаварылі. І ён сказаў: «Ты не цырульнік, ты мастак» і зладзіў мне выставу!



Цяпер я пішу карціны і раблю арт-візуалізацыі, гэта чалавечыя мары ў фармаце карцін. Гэтым і зарабляю. Грошы не стабільныя, бывала і тысяча даляраў у месяц, а бывалі дні, калі няма чаго есці. Але на жыццё хапае, скажам так, — прызнаецца Юлія. —

Я хачу вярнуцца ў Беларусь, гаварыць пра Беларусь. У нас геніяльныя людзі! Калі я бачыла фота з пратэстаў, фота плакатаў і перфомансаў я захаплялася. Гэта было вельмі крута: людзі выходзілі на вуліцы не са злосцю, камянямі і палкамі, а з мастацтвам і любоўю.

І я хачу, каб увесь свет убачыў, што Беларусь мае новы подых і шмат таленавітых людзей.

Але шмат талентаў зараз з’язджае. І я іх разумею: людзям не хочацца баяцца. Я і сама думаю, што не ваяваць нарадзілася на свет, а рабіць прыгажосць. 

Спадзяюся, што вярнуся ў Беларусь. Калі — не ведаю. Не магу загадваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?