35-гадовы мінчук Павел Банькоўскі падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці 22 студзеня. Што магло стаць прычынай, пакуль дакладна невядома. 

Былая жонка кажа пра праблемы з алкаголем, праўладныя тэлеграм-каналы адкрыта глумяцца, указваючы на судзімасці Банькоўскага і называючы яго неанацыстам. 

Чытайце таксама: Што вядома пра чалавека, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці. Расказвае жонка

У спробе зразумець, што за чалавек Павел Банькоўскі, «Наша Ніва» пагаварыла з яго сябрамі і знаёмымі.

«Мы з ім з 1999 года былі ў адным рыцарскім клубе «Снежны барс» — гэта клуб рэканструктараў эпохі ВКЛ.

Павел Банькоўскі справа, у чырвоным

Павел Банькоўскі справа, у чырвоным

У клубе Павел узяў сабе рыцарскі псеўданім Лютувер у гонар аднаго з паўміфічных літоўскіх князёў ХІІІ стагоддзя, — згадвае Вячаслаў, знаёмы Паўла. — Паша — неадназначны чалавек: добры сябар, але ў некаторых момантах надта гарачы чалавек, вельмі імпульсіўны. Мог усё ўспрымаць вельмі блізка да сэрца.

З алкаголем былі праблемы. Калісьці ён нават кадзіраваўся. Што ў яго цяпер было са спіртным, я дакладна не скажу — апошнія гады два мы не вельмі падтрымлівалі стасункі. Але Паша працаваў кіроўцам тралейбуса — на такой працы асабліва ж не пап’еш.

Але калі Паша піў — у яго пачыналіся праблемы з галавой. Гэта ўсё было перыядамі: мог доўга не піць, але пасля, калі выпіваў, пачыналіся праблемы, і ў сям’і ў тым ліку.

У яго была судзімасць, так — за марыхуану. Але ён пару тыдняў да суда быў пад вартай, пасля адпусцілі. Прысуд не памятаю, але ў калонію, здаецца, яго не адпраўлялі.

Павел быў актыўны, быў сябрам руху «Зубр», заўсёды быў прабеларускім чалавекам. Дакладна прымаў удзел у вулічных акцыях у пачатку 2000-х, пра апошнія часы — не ведаю».

Алёна, блізкая сяброўка сям’і Паўла падрабязна расказала пра яго.

«Павел — мінчук, родам са звычайнай добрай сям’і. Бацькі рабочыя. Сам Паша вельмі начытаны, мае высокі ўзровень гістарычных ведаў, вялікую бібліятэку, ён захапляўся рыцарствам і гісторыяй ВКЛ.

Паша вучыўся ў інстытуце правазнаўства — але ж пасля крымінальнага артыкула займацца юрыдычнай дзейнасцю ён не мог, — расказвае Алёна. —Працаваў то тут, то там, апошнім часам у тралейбусным парку. Але ён не лайдак — у яго сям’я, якую Павел стараўся забяспечваць. Калі не было лепшай працы, ён і грузчыкам ішоў працаваць.

Яны набылі машыну. Штогод ездзілі на мора — так, у Крым ці Адэсу, але ж рэгулярна і з двума дзецьмі. 

Павел не маргінал, ён любіць сваю сям’ю і сваіх дзяцей. Пазаўчора ў малодшай дачкі быў дзень народзінаў. Праз месяц яго старэйшаму сыну 18 гадоў. Сынам Паша вельмі ганарыцца — хлопец займаецца гандболам, мае добрыя перспектывы».

Павел з сынам

Павел з сынам

У 25 гадоў Павел сапраўды быў асуджаны за захоўванне марыхуаны.

«Яго затрымалі з наркотыкамі. Я так разумею, прадавец проста здаў яго як кліента.

Быў суд, Павел прызнаў віну, атрымаў ці то ўмоўны тэрмін, ці то адтэрміноўку. У калоніі ён не сядзеў. Пасля Паша добра сябе паводзіў, не меў праблем.

Паша вельмі рана стаў бацькам — у 17 гадоў. І ў яго часам былі адчуванні ад жыцця, што ў яго скралі маладосць. Можа, яму хацелася патусавацца, а трэба было выхоўваць дзіця. І ён шукаў такія магчымасці неяк расслабіцца… Гэта было проста па маладосці і па глупстве. І наколькі я ведаю, больш ён да гэтых пытанняў не вяртаўся — гэта быў яго апошні вопыт з наркотыкамі».

Але і Алёна прызнае — з алкаголем у Паўла праблемы былі.

«Ён не быў загульны: не здымаў баб, не піў так, каб бадзяцца па вуліцах ці стаяць пад крамай і страляць грошы. 

Але піў, гэта праўда. Гэта была хвароба — і гэта сам Павел усведамляў. Ён змагаўся з гэтым, разумеў, што мае праблему».

У тым ліку і алкаголь паўплываў на тое, што Банькоўскі развёўся з жонкай. 

«Развяліся, бо вельмі рана ажаніліся і з часам зразумелі, што цяжка ім разам жыць. І жонцы было цяжка, што ён п’е.

Апошні раз я з Паўлам вельмі добра пагаварыла ўлетку. Ён быў у мяне ў гасцях.

Я спытала: «Якія ў цябе мэты ў жыцці?» Ён адказвае: «Я не ведаю».

Я сказала, маўляў, ну прыдумай сабе штосьці… Але мэтаў у жыцці ў яго не было, — уздыхае Алёна. — 

Павел ад таго, што рана ажаніўся, трохі згубіўся ў жыцці. Ён вельмі любіць і жонку, і дзяцей, нягледзячы на развод. І ўсё гэта ён цяжка перажываў: і ўнутраную сваю разгубленасць, і праблемы з алкаголем. Ён казаў мне так: я разумею, што гэта праблема, але не ведаю, як сябе спыніць. 

Летась Павел з жонкай на маршы не хадзілі, але ўсёй душою перажывалі. 

Я сама, маральна ўстойлівы чалавек, часам перажываю і проста не магу прымаць інфармацыю пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі. А што казаць пра чалавека, які мае да ўсяго і іншыя праблемы…

Таму, я мяркую, што ўсе гэтыя навіны і падзеі ў краіне наклаліся на ўсе ўнутраныя праблемы Паўла. І вось вынік.

Учынак Паўла, канечне, быў для мяне шокам. Але ведаючы чалавека, я разумею, што апошнім часам у яго ўнутры была эмацыйная пустэча».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?