У СССР гэта быў Дзень Савецкай арміі.

23 лютага 1918 года першыя ўзброеныя фармаванні Чырвонай гвардыі далі бой немцам-кайзераўцам на Пскоўшчыне. Пра тое, што бой чырвонагвардзейцы прайгралі і вымушаныя былі бегчы, звычайна не ўспаміналася.

Да Беларусі дата не мае наўпроставага дачынення. Хоць у гісторыі нямала дат, звязаных са слаўнымі вайсковымі перамогамі продкаў.

Напрыклад, 8 верасня — гэты дзень называюць Днём беларускай вайсковай славы.

8 верасня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага пад Оршай перамагло шматтысячны экспедыцыйны корпус Маскоўскай дзяржавы. Гэта дало ВКЛ перадышку: за наступныя сто гадоў беларусы мелі Скарыну, Сапегу, Статут Вялікага Княства і Залаты век культуры. Уласна, тады і былі закладзены многія асновы нашай нацыянальнай цывілізацыі. І ў вайсковым сэнсе гэта была бліскучая бітва, прадуманая выдатным военачальнікам — праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім.

Другая дата — 27 лістапада — адносіцца ўжо да перыяду нацыянальнага будаўніцтва. Але яна больш трагічная, гэта дзень самаахвярнасці. 27 лістапала 1920 года слуцкія паўстанцы — сяляне, гімназісты, афіцэры — узняліся супраць бальшавікоў, на абарону незалежнай, самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны пацярпелі паразу, але памяць пра іх геройскі чын засталася.

Ёсць яшчэ 15 ліпеня — дзень Грунвальдскай перамогі 1410 года, які беларусы святкуюць супольна з палякамі і літоўцамі. У гэты дзень продкі спынілі крыжацкую экспансію на Вялікае Княства і Польскае каралеўства.

Што ж да 23 лютага, дык не так даўно Святлана Ціханоўская прапанавала адзначаць яго як Дзень Герояў перамен. «Мы павінны кожны дзень нагадваць людзям, што яны героі. Прывязалі да гэтай даты, каб паказаць, што ў нас ёсць сапраўдныя абаронцы айчыны, не тыя, хто бʼе. Надаць гэтаму святу станоўчае значэнне, — тлумачыла яна. — 23 лютага даўно распылілася, большасць беларусаў яго не звязвае з пэўнымі падзеямі. Гэта проста дзень, калі віншуюць мужчын, гэтак жа, як 8 сакавіка віншуюць жанчын».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0