Алёна і Валер.

«Мы кажам дзецям прама: сядзелі суткі, таму што нязгодныя з сённяшняй сітуацыяй у краіне»

Валер павінен быў выйсці на волю яшчэ 12 лютага, але за дзень да гэтага на яго склалі другі пратакол, нібыта за непадпарадкаванне міліцыянерам пры затрыманні. Пры тым што адбылося гэта на судзе ў жонцы, куды ён прыйшоў у якасці сведкі. Мужчына кажа, што быў гатовы і да горшага.

«Гэта абсурдна, але ў такой сітуацыі мы радаваліся таму, што Валеру далі толькі пяць сутак, не больш. Як і я ўздыхнула з палёгкай, калі на судзе пачула, што мне «шыюць» адміністрацыйны артыкул 23.34 (у РУУС мне зусім не казалі, чаму мяне затрымалі), а не нейкую крыміналку, і пасля прысудзілі штраф. Мы ж разумеем, за што нас хацелі пакараць: за нашыя думкі, за тое, што мы не такія, як патрэбна, што так доўга прадавалі «незарэгістраваную сімволіку». Таму можна было чакаць якой заўгодна помсты», — каментуе Алёна.

Пратаколы што мужу, што жонцы пераробліваліся па тры-чатыры разы. У адным з першых Алёна «стаяла на праспекце Незалежнасці, размахвала рукамі, зладзіла пікет», але калі тое, што яна ўвогуле не пакідала краму, прапанавалі пацвердзіць запісамі з камер відэаназірання, ёй перарабілі пратакол на пікет непасрэдна ў гандлёвай кропцы. Што тычыцца Валера, то ў пратаколе ён спачатку аказаўся запісаны прозвішчам свайго будучага сукамерніка, а ў іншым аказаўся намеснікам дырэктара зусім іншай крамы — Symbal.by. Легенда «правапарушэння» сыпецца нават на даце: паводле пратакола міліцыянера, і Валер, і Алёна нібыта праводзілі пікет у сталіцы у той час, калі іх нават не было ў Мінску. 

Нягледзячы на тое падчас адседкі не было ні перадач, ні матрацаў, ні душа, пра свае суткі пара расказвае натхнёна. Усё дзякуючы тым людзям, з якімі яны апынуліся ў адной камеры, а таксама спяванню для настрою песен — «Муры», «Перамен», «Магутны Божа», «Грай».

«Пакуль быў на Акрэсціна, праз маю камеру прайшло 39 чалавек — дактары, айцішнікі, эканамісты. Частка была затрыманая на дваравых маршах. Адзін хопец проста прынёс кветкі да месца забойства Тарайкоўскага ў нядзелю. Яшчэ адзін, таксіст, проста намаляваў на лісце А4 «бчб» і наляпіў на балконе. Кагосьці ізалявалі на час Усебеларускага народнага сходу — даседжваць раней не заседжаныя суткі ў патрэбны момант», — расказвае Валер.

Ён вёў у камеры дзённік, у якім стараўся апісваць усе свае эмоцыі і назіранні, але на выхадзе яго максімальна абшукалі — так, як нікога. Забралі ў выніку ўсё — нават згаданы і запісаны ад рукі верш Уладзіміра Някляева «Хадок». Пакінулі толькі кавалак туалетнай паперы з нагадам пра партыю марскога бою.

Той самы марскі бой. А весці дзённік любіў і тата Валера. Пасля сябе ён пакінуў сапраўдны летапіс жыцця.

Той самы марскі бой. А весці дзённік любіў і тата Валера. Пасля сябе ён пакінуў сапраўдны летапіс жыцця.

Валер быў упэўнены, што суткі на ім ніяк не адаб’юцца, але, як расказвае Алёна, у адну з начэй ён пачаў трызніць, згадваючы сукамернікаў. Прыйшлося піць заспакаяльнае.

«У мяне ў галаве круцяцца думкі пра тых, хто застаўся за кратамі. Шкада людзей. Бо былі такія, якія загналіся і насы апускалі. Некаторыя больш за ўсё баяліся, што іх змаганне і суткі дарэмныя. Я іх стараўся неяк падбадзёрваць», — тлумачыць Валерый.

У жаночай камеры Алёны драматычных настрояў амаль не было: адна з дзяўчат у байцы «Я гуляю» увогуле адседжвала суткі ўжо ў чацвёрты раз і ўсё адно была настроеная бадзёра. Сама ж Алёна расплакалася падчас сваёй ізаляцыі два разы:

«Першы раз — калі нашую сукамерніцу, жанчыну, якую затрымалі разам з мужам і сынам, паклікалі на прафілактычную размову, ціснулі на яе там псіхалагічна, пагражалі, што сын можа сесці надоўга. І другі раз — калі да нас у камеру засялілі пенсіянерку. Ведаеце, такая бабуля, як тыя, што піражкі пякуць на вёсцы. А ёй — 25 сутак, частку за непадпарадкаванне. Агулам жа я цяпер разумею, што тым, хто сядзіць, куды прасцей, чым тым, хто перажывае за іх на волі. Адна мая сяброўка пасля таго, як я выйшла, сказала, што спаць не магла, у яе рукі-ногі дрыжэлі, і што маё затрыманне забрала ў яе 10 гадоў жыцця. Родныя не ведалі, што са мной і як. Я ж пераносіла гэта як дадзенае мне выпрабаванне. Я займаюся ёгай, і гэта, думаю, дамапагае выносіць розныя складанасці».

Пакуль гаспадароў не было дома, кот Фіндус схуднеў амаль на кілаграм, што для яго зусім не характэрна раней — яго нават садзілі на дыету.

Пакуль гаспадароў не было дома, кот Фіндус схуднеў амаль на кілаграм, што для яго зусім не характэрна раней — яго нават садзілі на дыету.

У Есіпёнкаў — двое сыноў: 14-гадовы Ягор і 11-гадовы Макей. Калі бацькі не прыйшлі дадому, даглядаць іх узялася сястра Алёны. Суразмоўца кажа, што хлопцы ў тым узросце, калі разумеюць усё нават лепш за бацькоў.

Валер з сынамі.

Валер з сынамі.

«Яны разумеюць, што я і Валер сядзелі суткі за тое, што нязгодныя з сённяшняй сітуацыяй у краіне, з фальсіфікацыямі і катаваннямі людзей. Яны разумеюць, што так не павінна быць. І мы прама кажам ім: у нармальнай дзяржаве мусіць працаваць Канстытуцыя — гарант нашых правоў, — але яна парушаюцца, — кажа Алёна. — І я хвалююся, асабліва за старэйшага сына. Праз год ён ужо можа не спытаць нас і зрабіць тое, што сам задумае. Гэта падлеткі, а яны ўсе максімалісты і думаюць, што ведаюць жыццё лепш за нас. І як маці я нават не магу думаць пра жанчын, дзяцей якіх пасадзілі, пра маці Ромы Бандарэнкі…».

Такія паведамленні Алёне дасылалі сыны, пакуль яна была затрыманая на трое сутак.

Такія паведамленні Алёне дасылалі сыны, пакуль яна была затрыманая на трое сутак.

«Мяне абурыла тое, што я забылася, як размаўляць па-беларуску» 

Алёна і Валер разам ужо 15 год. Яна — эканамістка па адукацыі, родам з Палесся. Ëн — юрыст з вёскі пад Пухавічамі. Менавіта разам, у пары, яны адкрылі для сябе Беларусь наноў, вывучылі беларускую мову і саспелі да бізнэсу з нацыянальнымі рэчамі.

«У любові да Бацькаўшчыны кожны праходзіць свой шлях. На мяне вельмі паўплывала ў свой час кніжка Ігара Літвіна «Малоизвестные страницы белорусской истории», пасля якой я лепш зразумела, якая мы выдатная нацыя. Потым мы пачалі вельмі шмат вандраваць па Беларусі. Я, напрыклад, вялікі фанат закінутых будынкаў, разбураных замкаў. А неяк, калі ўжо нарадзіўся старэйшы сын, сядзела на кухні і чытала нейкі расповед хлопца пра тое, як ён прыйшоў да беларускай мовы. І задумалася: калі заканчвала школу, то магла лёгка размаўляць і па-беларуску, і па-руску. А што цяпер? З цяжкасцю складаюцца беларускія словы ў сказы. Мяне гэтая бездапаможнасць вельмі абурыла. Так мы з Валерам і яго братам пачалі пакрысе практыкавацца: ехалі ў вандроўку па краіне і размаўлялі па-беларуску. Спачатку, канечне, гэта было падобна да трасянкі, але мы практыкаваліся, набывалі беларускамоўныя кніжкі, «Нашу Ніву» ў шапіках», — расказвае Алёна.

Для Валера і яго брата гэты крок стаў вяртаннем да вытокаў: у іх роднай вёсцы Светлы Бор і бацька, і маці заўсёды размаўлялі па-беларуску (тата нават чытаў на памяць «Новую зямлю» Якуба Коласа, хоць і скончыў у свой час усяго чатыры класы). Для іх гэта было натуральна. Выціскаць гэтую «калгаснасць» з іх пачалі спрабаваць спачатку ў войску, а потым у сталіцы. Пасля ўсё закруцілася: канцэрты «Старога Ольсы», Зміцера Вайцюшкевіча, беларускамоўнае асяроддзе. 

«Нарэшце прыйшло асэнсаванне, што ты — нармальны, не нейкі «не такі». Мы пазнаёміліся з людзьмі з такімі ж думкамі, як у нас, і аказалася, што нас шмат», — згадвае Алёна. «І вельмі важна, што цяпер мы ганарымся тым, што нарадзіліся ў Беларусі. Для мяне істотна, што беларусы — нацыя з багатай гісторыяй і культурай. Вельмі важна несці гэтую інфармацыю да людзей, каб усе ведалі, хто мы ёсць. Без мінулага няма будучыні, а мы праз нашыя гістарычныя гены можам пабудаваць развітую краіну».

Цікава, што на першых выбарах у гісторыі незалежнай Беларусі спадар Валер галасаваў за Лукашэнку, але ўжо пасля рэферэндума па змене дзяржаўнай сімволікі зразумеў, што гэта было памылкай.

«Чаму мы раней не выходзілі на акцыі пратэсту? Мы ведалі, што выбары фальсіфікуюцца (на адных з выбараў у мясцовыя саветы Есіпёнкі выявілі ў спісах для галасавання свайго малога сына — «НН»). І ў 2006 годзе, калі дзяржпрапаганда сцвярджала, што ў намётах на Кастрычніцкай плошчы былі адны наркаманы, было зразумела, што гэта хлусня. Але здавалася, што няма ні ў чым сэнсу: на наступны дзень пасля Плошчы-2010 нібыта нічога і не было. У 2020 годзе яшчэ вясной я ўпершыню планавала байкатаваць выбары, але кампанія апынулася нечаканай. Як і ўсе падзеі пасля яе». 

«Маглі не прадаваць сцягі, але тады здрадзілі б сабе»

Крама сям’і «Мой модны кут» запрацавала ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі» ў 2014 годзе. Суразмоўцы кажуць, што да гэтага года праблем у іх не было. Калі, канечне, не браць да ўвагі час першых месяцаў пандэміі ў Беларусі. Тады яны працавалі ў мінус, але змаглі выжыць.

Кропка, якой больш не існуе.

Кропка, якой больш не існуе.

«Пачыналася ўсё з Пашам Белавусам з Symbal.by, — расказвае Валер. — У іх тады была толькі анлайн-крама, а мы паспрабавалі адкрыць афлайн-кропку з іх асартыментам. Пасля іх калектыў з’ехаў з «Маскоўска-Венскага» на Машэрава, а мы сталі «Маім модным кутом».

Суразмоўцы ўпэўненыя, што ўвага да іх у сённяшніх умовах была справай часу.

«Яшчэ да Новага года мы заўважылі, што да нас пачалі заглядваць так званыя «ябацькі», круцілі галавой. Хай такія наведнікі і былі адзінкавыя, але яны, хутчэй за ўсё, пісалі лісты ў міліцыю: «Прыйдзіце разабрацца, тут прадаюць незарэгістраваную сімволіку». Да нас і раней наведваліся з праверкамі з АБЭЗ, яшчэ восенню мы паказвалі ўсе патрэбныя дакументы і на гэтым разыходзіліся. У гэты ж раз у нас канфіскавалі рэчаў на 28 тысяч рублёў (5 тысяч адзінак). Фармулёўка зноў — «для праверкі». Але калі б гэта была звычайная праверка, было б дастаткова ўзяць на экспертызу па адзінцы кожнага тавару. Забралі ж амаль усё, што вісела на зале і неяк нагадвала белыя і чырвоныя колеры. Ідзе вайна нават не са сцягам, а з гэтым спалучэннем колераў, таму што яны — пратэсныя», — кажуць Алёна і Валер.

Калі ў СМІ з’явілася першая інфармацыя пра затрыманне гаспадароў «ММК», беларусы адразу пачалі масава замаўляць у іх тавары на сайце, і нават прыйшлі ў «Маскоўска-Венскі», хаця крама там была ўжо зачыненая. З усімі анлайн-замовамі Алена разбіраецца і па сёння — хваля салідарнасці была неймавернай.

На гэты момант сям’я плануе і далей развіваць сваю дзейнасць у анлайн-фармаце, выпусціць новае адзенне з вышыўкамі, пашыць ільняныя рэчы. Вярнуцца на ранейшае месца працы, нават калі выправіць усе заўвагі кшталту «заменіць лінолеўм на плітку», ужо немагчыма: ціснуць пачалі і на арэндадаўцу, які здаваў бізнэсоўцам памяшканне. Яго прасілі скасаваць дамову арэнды, і сам ён ужо таксама адбыў 25 сутак.

«У нейкі крытычны момант можна было б часова зачыніцца ці не прадаваць сцягі, перачакаць гэтыя «чысткі». Але так бы мы здрадзілі самі сабе і нашым пакупнікам. Мы згубілі грошы, але гэта не самае страшнае: калі галава на плячах — усё будзе добра. Пакуль важна выратаваць тых, хто знаходзіцца за кратамі. Самыя цяжкае, што у турмах пакутуюць нявінныя людзі. Згубіць грошы ў параўнанні з гэтым — нішто. Тым больш, мы верым у лепшую будучыню. Свабодная Беларусь будзе як новы фільм ці кніга, вельмі захапляльнай. Здаецца, нас чакае сапраўдны выбух у культуры, будаўнічай сферы, у бізнэсе… Пакуль усё гэта ў марах. Спадзяемся, што ў недалёкіх».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?