Якую дапамогу могуць атрымаць выкладчыкі і дзе яны працаўладкоўваюцца, адказвае Радыё Свабода.

Выкладчыкам не працягвалі кантракты, прымушалі звольніцца «па згодзе бакоў»

Пасьля выбараў па Беларусі пракацілася хваля рэпрэсій у дачыненьні да выкладчыкаў, студэнтаў, навукоўцаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту, запісвалі відэазвароты, выказвалі нязгоду. Адміністрацыя ВНУ, Нацыянальнай акадэміі навук выкарыстоўвала самыя розныя формы ціску: з навукоўцамі не працягвалі кантракты, прымушалі пісаць заявы «па згодзе бакоў».

Сышлі «знакавыя асобы»: дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, дэкан факультэту кампутарных сыстэм і сетак БДУІР Марына Лукашэвіч, намесьнік дэкана прыродазнаўчага факультэту БДПУ Мікалай Страха, дацэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна, дацэнт філязофскага факультэту БДУ Павал Баркоўскі, выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў, Менскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту, іншых ВНУ, і ня толькі сталічных.

Калі з працаўладкаваньнем навукоўцаў-гуманітарыяў праблема паступова вырашаецца, то з мэдыкамі, адмыслоўцамі ў тэхнічных, прыродазнаўчых спэцыяльнасьцях ёсьць пытаньні.

«Галоўная задача — каб навукоўцы не сышлі з прафэсіі», — кіраўніца Офіса па адукацыі ў кабінэце Сьвятланы Ціханоўскай

Існуе некалькі праграм дапамогі рэпрэсаваным выкладчыкам і навукоўцам. У студзені 2021 году Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні прыняў на працу 12 выкладчыкаў, звольненых зь Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Акадэміі МУС і Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Значная частка зь іх — гісторыкі, расказвала кіраўніца Офіса па адукацыі Вольга Шпарага.

«У нас ёсьць шмат партнэраў: «Сумленны ўнівэрсытэт»Асацыяцыя дыяспар BeSSa, група па адукацыі Каардынацыйнай рады, Задзіночаньне беларускіх студэнта (якое нядаўна ўключыла у свой склад страйкамы ўнівэрсытэтаў).

Задума каардынатараў — дапамагчы адмыслоўцам (а сярод іх ёсьць унікальныя спэцыялісты), каб тыя працягвалі займацца навуковай дзейнасьцю. Гэтыя людзі атрымаюць матэрыяльную дапамогу. А галоўная задача — каб была магчымасьць працаваць навуковымі супрацоўнікамі, працягваць пісаць свае манаграфіі, праводзіць дасьледаваньні. Таму на ЭГУ мы вельмі спадзяёмся», — кажа Вольга Шпарага.

Ня толькі ЭГУ: дапамагаюць немцы, беларусы ў Польшчы

Кіраўніца адукацыйнага офіса расказвае і пра іншыя праграмы дапамогі беларусам — супольны праект Асацыяцыі дыяспар BeSSa, «Сумленнага ўнівэрсытэту» і Нямецкай асацыяцыі дасьледаваньняў Усходняй Эўропы DGO.

«У канцы сьнежня яны прапанавалі цікавую праграму для беларускіх выкладчыкаў і дасьледчыкаў. Першыя 3 месяцы беларускія навукоўцы атрымліваюць стыпэндыю для распрацоўкі сваіх уласных курсаў, у іх ёсьць мэнтары з боку нямецкіх калегаў, якія дапамагаюць адаптаваць гэтыя курсы для пэўнай краіны. На гэты праект ужо набралі больш за 20 чалавек. І што важна — ня толькі гуманітарыяў, а адмыслоўцаў рознага профілю. І яны ўжо атрымліваюць дапамогу», — кажа Вольга Шпарага.

Яшчэ адзін праект — Беларуская Акадэмія ў Беластоку. Гэта дыстанцыйная плятформа, якая асацыяваная з шэрагам ВНУ ў Польшчы.

«Вельмі важна: пасьля навучаньня студэнты атрымаюць польскія дыплёмы, якія прызнаюцца ў Эўразьвязе. На гэтай праграме працуюць беларусы — 80 чалавек. Пакуль гэта валянтэрская праца. Але спадзяёмся на фінансавую падтрымку. Студэнты (ужо набраныя 2 групы) будуць плаціць за вучобу», — тлумачыць Вольга Шпарага.

Ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе таксама ёсьць адмысловая праграма, там працуюць 4 выкладчыкі зь Беларусі.

«Часта гэта адны і тыя ж людзі, задзейнічаныя ў розных праектах»

На пытаньне, колькі ж са 113 пацярпелых выкладчыкаў атрымалі дапамогу, колькі працаўладкаваныя, Вольга Шпарага адказала, што 80 чалавек будуць задзейнічаныя ў «Беларускай акадэміі» ў Беластоку, 20 — у сумеснай праграме зь нямецкімі ўстановамі, 12 працаўладкаваныя ў ЭГУ.

«Часта гэта адны і тыя ж людзі, задзейнічаныя ў розных праектах. Але калі скласьці, прыкладна палове рэпрэсаваных аказана падтрымка. Галоўнае, каб людзі засталіся ў прафэсіі», — кажа Вольга Шпарага.

Ёсьць і праблемы. Па-першае, няпростыя ўмовы: частка выкладчыкаў, дасьледчыкаў фізычна не знаходзіцца ў ВНУ, няма звыклага акадэмічнага калектыву.

Па-другое, гэта моўныя цяжкасьці. У «Беларускай акадэміі» ў Беластоку асноўныя мовы — беларуская і расейская. У праекце, які курыруе Нямецкая асацыяцыя дасьледаваньняў Ўсходняй Эўропы, асноўныя мовы — нямецкая, ангельская і расейская, — працягвае Вольга Шпарага.

«Калі ў выкладчыкаў няма дасканалага веданьня ангельскай мовы, ім можа быць прапанаваны курс выкладаньня ва Ўкраіне.

Прычым для студэнтаў адмысловая моўная праграма ў нас ёсьць. А для выкладчыкаў — пакуль пытаньне», — кажа Вольга Шпарага.

Як атрымаць дапамогу

На сайце «Сумленнага ўнівэрсытэту» ёсьць асобны разьдзел «Дапамога выкладчыкам».

Нават калі дапамога не патрэбная, калі людзі, якіх звольнілі альбо якія самі сышлі з ВНУ ці акадэмічных інстытутаў, самі вырашаюць свае пытаньні з працаўладкаваньнем, Вольга Шпарага просіць іх паведамляць пра сваю сытуацыю ў Офіс па адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0