Сама Валерыя — былы старэйшы інспектар пракуратуры Мінска, сышла з працы пасля жнівеньскіх падзей.
Яна не каментуе новую крымінальную справу супраць Юшкевіча, але расказала «Нашай Ніве» пра іх сумесны побыт і жыццё.
— Як вы пазнаёміліся?
— Яўген знайшоў мяне ў сацсетках. Падпісаўся, сачыў, перакідваліся парай словаў — маўляў, ён мяне бачыў у пракуратуры, калі яшчэ служыў. А потым неяк з адпачынку ў Сербіі даслаў на работу паштоўку з кампліментам і не падпісаўся, але я зразумела, што гэта ён. Ну і мы неяк шчыльней пачалі сябраваць, сталі бачыцца кожны дзень.
Тая самая паштоўка
— Чым скарыў?
— Цікавы чалавек, моцны, адважны. Ён умее ўразіць, да яго цягне. Ён заўсёды на баку праўды… Ды немагчыма сказаць, за што ты чалавека кахаеш, кахаеш — ды ўсё тут.
Жылі самым звычайным жыццём. Працавалі, любілі, планавалі будучыню. Мы і два нашыя сабакі.
— Прапанову шлюбу не рабіў?
— Не. Але хай паспрабуе не зрабіць прапанову, калі другі раз выйдзе з СІЗА!
— Былі размовы наконт яго ў пракуратуры?
— Мне намякалі, што я не з тым чалавекам сябрую. Але, канечне, адчуванне было, што нешта тут не так. Я ж бачу яго кожны дзень. Я ж яго ведаю. А тое, аб чым «папярэджваюць» — гэта запаленыя фантазіі. Я расказала пра гэта Жэню, на што ён мне адказаў: «Пра тваю працу чуць нічога не хачу, спытаю — ударыш».
— Чаму сышлі з пракуратуры?
— Гэтым летам я атрымала дыплом, планавала атэстоўвацца, але летам «нешта пайшло не так». Я працавала з дакументамі — рэгістравала скаргі на дзеянні міліцыі, сказаць, што іх было шмат — дык не скажаш нічога. Я чытала гэтыя дэталі, у мяне не ішлі на работу ногі. І таксама, навошта такая работа, дзе трэба выбіраць, з кім мець зносіны, а з кім не? Жэня мяне натхніў сваім прыкладам, і я запісалася на курсы ІТ. З пракуратуры звольнілася, адпусцілі без праблем.
— Цяпер у ІТ працуеце?
— Я цяпер перавучылася на бізнэс-аналіз і стажыруюся.
— А вы, дарэчы, не сваячка тых самых Эйсмантаў?
— Не, проста прозвішчы супадаюць.
— У вашым інстаграме шмат сабак — гэта супольнае хобі?
— Сабакі ягоныя, гэта хаскі Якут і дратхаар Хант. Але я прыкіпела і стаўлюся да іх як да дзяцей. Мы жывем з Якутам у доме ў Мінску. Іншы сабака у дрэсіроўшчыка. Тут жа нейкія вечна праблемы, беганіна, а ў сабакі знікаюць паляўнічыя якасці. Трэба ўсё адно займацца сабакам нягледзячы на ўсё, таму аддалі на дрэсіроўку.
Я таксама днямі атрымала паляўнічае пасведчанне. Так што захапленні Жэні я падзяліла.
— Вас таксама затрымлівалі, калі развівалася гісторыя з першай крымінальнай справай. Яго выпусцілі, вас — затрымалі. Што гэта было?
— Мяне не затрымлівалі, а дапыталі. Прыехалі з вобшукам, потым «праедземце з намі». Потым я ў КДБ, а потым у следстве.
— Паспелі пашкадаваць, з кім звязаліся?
— Ды не. Яўген заўсёды казаў, што ў нашай краіне каго заўгодна могуць затрымаць на трое сутак. Я смяялася, бо ну нельга ж проста так затрымаць чалавека, завесці справу проста так. Але калі гэтыя працэсы ў краіне абвастрыліся, то ружовыя акуляры, канечне, зваліліся. А адносна затрыманняў я разумела, што ні мне, ні Жэню хаваць няма чаго. Хаця эмацыйны шок, канечне, быў, я не ведала, як сябе паводзіць у такой сітуацыі.
— Дык, можа, ужо рэкамендацыі складзяце для тых жанчын, чыіх хлопцаў і мужоў забіраюць.
— Трэба нечым займацца, пагружацца ў работу, не сядзець без справы. Рабіць і рабіць. Я калі сяду адпачыць, вазьму ў рукі тэлефон, то пачынае накрываць. Таму стараюся быць у руху, тады і дзень хутчэй праходзіць.
— Хто цяпер вас падтрымлівае?
— З усіх магчымых бакоў падтрымка, суперажыванне. І мне, і яго сям'і. Кажуць, што чалавек гонару, пра яго ніхто не кажа кепска, з яго ніколі не зробяць у вачах грамадства таго, кім яго хочуць намаляваць. Гэта чалавек праўды, а такіх людзей заўсёды паважаюць.
— Ягоныя былыя саслужыўцы падтрымліваюць?
— Не. Напэўна, унутры яны салідарныя, але не праяўляюць, бо баяцца.
— А вашы былыя калегі?
— Не.
— Чаму? Вы ж працавалі разам.
— Насамрэч мае калегі вельмі добра да мяне ставіліся, я іх любіла, усіх абсалютна, мяне вечна ўзнагароджвалі, павышалі. Ну а цяпер такая сітуацыя — нават радочак баяцца напісаць.
— Калі гэта ўсё скончыцца?
— Ды хочацца, каб пахутчэй скончылася, вельмі няпроста жыць, калі ты не плануеш далей, чым на дзень. Гэта мае спадзяванні як чалавека. Пазаўчора я яшчэ думала, што справу закрыюць, а яны новую заводзяць.
— Калі Яўген першы раз выйшаў з СІЗА, ад сэрца адлягло?
— Былі такія думкі, але Жэня казаў, што гэта не ўсё і што расслабляцца не варта.
— Колькі маральна гатовыя яго чакаць?
— Я яго не кіну.
— А як падтрымліваць цяпер палітвязняў?
— Калі Жэня першы раз выйшаў з СІЗА, расказваў, як прыемна атрымліваць стосы лістоў. Тых, хто за кратамі і пазбаўлены сацыяльнага кантакту, думаю, накрываюць такія хвіліны, калі здаецца, што ты адзін. А падтрымка звонку, ад знаёмых і незнаёмых, вельмі матывуе і дае сілаў. Так што галоўная рэч, якая падтрымае і яго, і астатніх — гэта лісты. Ім важна разумець, што пра іх памятаюць.