Фальшывыя пашпарты Башырава і Пятрова.

Фальшывыя пашпарты Башырава і Пятрова.

Пра гэта напісаў у фэйсбуку журналіст дасьледчага выданьня RISE Moldova Уладзімір Тхорык. Паводле яго, ідэнтыфікаваць ўладальніка пашпарту малдоўскія журналісты здолелі пры дапамозе замежных калегаў.

Раней копію пашпарту грамадзяніна Малдовы на імя Мікалай Попа апублікавала дасьледчая група Bellingcat. Сьцьвярджаецца, што копія фігуруе ў матэрыялах чэскага сьледзтва аб выбухах на складах боепрыпасаў у паселішчы Вэрбеціцы ў 2014 годзе, у якіх падазраюць супрацоўнікаў ГРУ.

Копіі падробленых пашпартоў на імёны грамадзянаў Таджыкістану і Малдовы былі, як сьцьвярджаецца, накіраваныя на склад, каб расейскія агенты атрымалі туды допуск. Пры гэтым у пашпарт на імя Попы быў уклеены фотаздымак Мішкіна-«Пятрова». Невядома, аднак, ці быў гэты пашпарт выкарыстаны ў рэальнасьці, каб трапіць на склад. У Чэхію супрацоўнікі ГРУ заехалі па іншых падробленых пашпартах — на імёны расейцаў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.

Як высьветлілі малдоўскія журналісты, для вырабу падробленай копіі пашпарту на імя Мікалая Попы быў выкарыстаны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Малдова Віталя К. з Дрокіеўскага раёну Малдовы. Ён жыве ў ЗША. Яго асобу атрымалася ідэнтыфікаваць дзякуючы базе дадзеных авіяпералётаў. Высьветлілася, што грамадзянін Малдовы карыстаўся сваім пашпартам яшчэ ў 2015 годзе, гэта значыць ужо пасьля выбухаў на чэскіх складах.

У прыватнасьці, ён лётаў па ім зь Н’ю-Ёрку ў Кішынэў транзытам праз Маскву. Журналісты зьвязаліся з Віталём К., які пацьвердзіў гэтую інфармацыю, падкрэсьліўшы, што ў Маскве не пакідаў транзытную зону аэрапорту. Паводле яго, пры пералётах не ўзьнікла ніякіх праблем.

У пашпарце, які выкарыстаў Мішкін-«Пятроў», ад сапраўднага пашпарта пакінулі нумар i год выдачы. Імя і даты нараджэньня былі падробленыя.

  • Чэскія ўлады абвясьцілі аб падазрэньні на адрас агентаў расейскай вайсковай разьведкі ў сярэдзіне красавіка. Кіраўнікі Чэхіі — за выключэньнем прэзыдэнта Мілаша Зэмана — сьцьвярджаюць, што ёсьць толькі адна вэрсія выбухаў, а менавіта дачыненьне Расеі.
  • Як мяркуецца, мэтай выбухаў былі боепрыпасы, якія прызначаліся для пастаўкі за мяжу, магчыма ва Ўкраіну. Пры выбухах загінулі двое супрацоўнікаў фірмы IMEX. Чэхія выслала 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады. Пасьля сэрыі крокаў у адказ кожнага з бакоў Расея і Чэхія ў прынцыпе пагадзіліся на ураўноўваньне колькасьці супрацоўнікаў амбасадаў кожнай з краінаў. Расея абвінавачваньні ў датычнасьці да выбухаў катэгарычна адмаўляе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0