Злева Вольга Сінялёва, справа Аліна Касьянчык. Фота даслана чытачом

Злева Вольга Сінялёва, справа Аліна Касьянчык. Фота даслана чытачом

Касьянчык адзначылася ў гучных палітычных працэсах — напрыклад, яна прадстаўляла абвінавачванне на справе журналістак «Белсата» Андрэевай і Чульцовай, якіх адправілі на 2 гады ў калонію.

Вольга Сінялёва папрасіла пракурорку з’ехаць з кватэры — тая з’ехала. Але Сінялёву за гэта цяпер судзяць.

Гаспадыню кватэры вінавацяць па артыкуле 190 КК за «Парушэнне раўнапраўя грамадзян». Ёй пагражае пакаранне ад штрафу да калоніі на 2 гады. 

Раней Tut.by пісаў, што канфлікту паміж гаспадыняй і наймальніцай не было. Касьянчык было прапанавана з'ехаць, яна пагадзілася. І калі знайшла новае жыллё, дамову скасавалі па згодзе бакоў.

Генпракуратура, у сваю чаргу, адзначала, што наймальніца жылля своечасова выконвала ўсе абавязацельствы па дамове, а арэндадаўца «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» — і запатрабавала вызваліць здымнае жыллё.

18 чэрвеня справу пачала разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Сінялёва замужам, мае дваіх непаўнагадовых дзяцей. На гэты момант у дэкрэце, да таго працавала праграмістам. 

Прыйшла на працэс і пацярпелая пракурорка Касьянчык. Цікава, што прыйшла яна разам з іншай маладой пракуроркай Валерыяй Таратынка, якая таксама вядомая па палітычных працэсах. 

Касьянчык на працэсе журналістак Андрэевай і Чульцовай

Касьянчык на працэсе журналістак Андрэевай і Чульцовай

На пачатку пасяджэння дзяржабвінаваўца Кунцэвіч папрасіла суддзю закрыць працэс — «каб забяспечыць бяспеку пацярпелай і не агалошваць дэталі яе прыватнага жыцця».

Адвакат Мачалаў выказаўся катэгарычна супраць гэтага хадайніцтва. Ён падкрэсліў — у матэрыялах справы «роўна нуль прыватных звестак Аліны Касьянчык», няма не тое што адрасу — нават нумара яе тэлефона. 

Абвінавачаная падтрымала пазіцыю адваката, пацярпелая пракурорка — пазіцыю сваёй калегі-абвінаваўцы.

У выніку суддзя Анжэла Касцюкевіч абвясціла працэс закрытым. Грамадзян і прэсу пусцяць толькі на агалошванне прысуду.

Але пазней стала вядома, што суд увогуле не адбыўся. Суддзя абвесціла, што адвакат Мачалаў быў пазбаўлены ліцэнзіі яшчэ 31 мая. У выніку пасяджэнне пачнецца зноў, але толькі 25 чэрвеня.

Адваката Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі — пра гэта ён даведаўся на судзе 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0