Што адбылося?

Пра сьмерць Вітольда Ашурка родным паведамілі сёлета 21 траўня. Прычынай назвалі спыненьне сэрца. Па словах сваякоў, у Вітольда ніколі не было праблем з сэрцам.

Цела вязьня аддалі родным толькі празь пяць дзён зь перабінтаванай галавой «ад макаўкі да носу». У моргу Магілёва ім патлумачылі, што выпадкова ўдарылі цела, калі даставалі яго зь лядоўні. У дакумэнтах аб сьмерці Ашурка дакладная прычына сьмерці не ўказаная.

Увечары таго ж дня зьявілася відэа Сьледчага камітэту, на якім відаць, як нібыта Ашурак у камэры ШІЗА, хістаючыся, двойчы падае і разьбівае сабе галаву. Пасьля першага падзеньня яму перабінтоўваюць галаву і пакідаюць аднаго ў камэры.

Сваякі ня вераць у натуральную сьмерць Вітольда. Крымінальную справу па факце сьмерці вязьня ў калёніі дагэтуль не завялі.

Вітольда Ашурка затрымалі летась 19 верасьня за ўдзел у пратэстах. Спачатку каля месяца ён сядзеў па адміністрацыйных справах, потым на яго завялі крымінальную справу за «арганізацыю пратэстаў» і «гвалт над міліцыянтам». Яго асудзілі на 5 гадоў калёніі. 21 красавіка яго перавялі ў шклоўскую калёнію. Апошні ліст, які блізкія атрымалі ад Вітольда, датаваны 23 красавіка. У апошнім лісьце да сяброўкі ўпершыню адсутнічала ягоная нязьменная ў ліставаньні фраза «Жыве Беларусь!».

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну. Быў сябрам партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэньне экалягічных праблемы рэгіёну, займаўся ўшанаваньнем паўстанцаў 1863 году, ня раз безвынікова балятаваўся ў дэпутаты.

«Каб я не ўзначаліў Рэвалюцыю ў Лідзе, то сам сябе не паважаў бы!»

Апошні ліст да маці Алены Міронаўны Вітольд напісаў 14 красавіка з горадзенскай турмы.

«Мая любая мама!

Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі — усяго некалькі словаў, але такі эмацыйны і пранізьлівы, што аж сэрца сьціскаецца!

Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбная мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы вырасьлі прыстойнымі людзьмі!

І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў! А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто ня будзе пароць Табе вочы, што Твае сыны злодзеі ці афэрысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду, і заклікаў не мірыцца з жулікамі.

Каб я, мама, не ўзначаліў нашую Рэвалюцыю ў Лідзе, то, пэўна, што я сам сябе не паважаў бы! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, то ці варта чакаць павагі ад другіх людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасьць падняць Паўстаньне за Праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?»

«Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна!»

«На шчасьце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газэты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касьцёлах!

Лістоў столькі, што я ледзь пасьпяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэньне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісаньне адказаў. Пішуць зь Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Менску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія зьехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бэльгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразыліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь сьвет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы зь Менску і Віцебску, каб павіншаваць зь Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захапленьня тым, што мы ня мірымся зь няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!»

«Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому!»

«А за мой побыт у турме не пераймайся, калі ласачка! Усё, што трэба, я маю! Тым больш, што Ты ж ведаеш, што я чалавек даволі сьціплы!))) Дзяўчаты-валянтэры рэгулярна робяць перадачы, так што ежы хапае, ды я яшчэ дапамагаю тым, каму перадач няма.

Людзі ў камэры ўсе прыстойныя. Прыкладна аднаго са мной узросту. Са шпаной мяне не садзяць! У камэры цёпла. Кожны дзень шпацыры на сьвежым паветры цягам гадзіны. Людзі ў камэры неканфліктныя. Большая частка — «палітычныя». Мяне паважаюць. Так што падстаў для клопату няма!

Учора прыяжджала на «сьвіданку» Вольга (жонка. — РС). Дзьве гадзіны гаварылі зь ёй. Казалі мне, што Ты вельмі сумуеш, але трымаесься малайцом! Трымайся, мама!

Вер, што 5 год я сядзець ня буду! Ідуць перамены, і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з Табой! Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому! Моцна-моцна цябе абдымаю!

Твой сын Вітольд.

14.04.2021».

«Я люблю цябе, мама! І заўсёды любіў!»

Прыводзім таксама тэкст віншаваньня Вітольда Ашурка сваёй маці з Новым 2021-м годам.

«Мілая мама!

Віншую цябе з новым годам і калядамі! Вельмі моцна хацеў бы апынуцца побач з Табою, і абняць цябе, і доўга-доўга трымаць у абдымках!!! Спадзяюся, што ў новым 2021 годзе мы абавязкова сустрэнемся! Я люблю цябе, мама! І заўсёды любіў! Трымайся, мама. Я абавязкова прыеду дадому.

Твой сын Вітольд.

18.12.2020».

20 чэрвеня а 13-й гадзіне ў Бярозаўскім касьцёле памоляцца на Імшы аб душы спачылага Вітольда Ашурка ў 30-ы дзень пасьля ягонай сьмерці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?