Карэспандэнт «НН» наведаў унікальны музей кнігі і друку ў Мёрах.

Яго стваральнік — спадар Вітаўт Ермалёнак, краязнаўца і настаўнік гісторыі мёрскай СШ№3 з 32‑гадовым стажам.

Першы свой музей, Гістарычны, ён стварыў у 1986 г., а ў 1994 г. яму было нададзенае званне народнага. У Музеі кнігі і друку, адчыненым сёлета ў студзені, за месяцы яго існавання было праведзена каля 50 экскурсій.

— Мы маем каля 15 тысяч экспанатаў, каб стварыць музей археалогіі, нумізматыкі або гісторыі Мёраў, — распавядае Вітаўт Ермалёнак.

— Аднак зараз інфармацыйныя тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, і моладзь перастае паважаць кнігі. Таму я і вырашыў стварыць музей друкаванай кнігі.

Пачынаецца экспазіцыя з раздзелу «Вытокі пісьма». Тут узоры кітайскіх іерогліфаў на бычынай костцы, муляжы старажытнарымскіх кніг з драўлянымі старонкамі, гліняных шыльдачак з Міжрэчча. Самы каштоўны экспанат раздзелу — сапраўдная прасліца XII ст. з надрапанымі рунамі. А найстарэйшай кнігай музею з’яўляецца «Часоўнік» 1640 г. у дубовай вокладцы, абцягнутай скурай. У раздзеле «Старадрукі» змешчаны рарытэт маштабаў краіны — том Жана Жака Русо, прысвечаны музыцы, з аўтографам нямецкага кампазітара Шумана на першай старонцы. Знайшоў яго спадар Вітаўт на гарышчы будынку ў былым маёнтку князёў Мірскіх, што ў вёсцы Каменполле на Мёршчыне. Цудамі ў беларусаў гарышчы поўняцца!

— Музей я задумаў даўно, — распавядае краязнаўца. — Спачатку не было памяшкання, потым — фінансавання. Зараз у школе вызваляюцца памяшканні. Знайшліся сродкі — дапамог аддзел адукацыі. Бацькі школьнікаў уносілі ахвяраванні, такую дробязь, як цвікі, набываў за ўласныя грошы. Праект музею распрацавалі з школьнымі настаўнікамі працы. Разам працавалі ўсё лета. Штовечар з суседняй вёскі прыязджаў слесар, дзеці дапамагалі. Музейнае шкло каштуе шмат. А тут якраз вёска Чапукі атрымала статус аграгарадку. Шкло ў школе замянілі шклопакетамі і за непатрэбнасцю аддалі нам. А яно ж старое, крохкае. Адзін рух — і ўсё адразу сыплецца. Без крыві не абышлося. Затое цяпер усё выглядае прыстойна.

Асаблівасць экспанатаў у тым, што ўсе яны знойдзеныя на тэрыторыі Мёрскага і Браслаўскага раёнаў. Вось і скажы, што народ на перыферыі быў цёмны і неадукаваны!

Многае гісторык знаходзіў сам, штосьці набываў у перакупшчыкаў або прыносілі дзеці. Некаторыя літаральна выцягнуў з агню.

— Вяртаўся неяк у Мёры з Друі, стаяў на аўтобусным прыпынку. Гляджу — мужык у адным з двароў кнігі паліць. Я кінуўся выцягваць. На руках доўга апёкі не сыходзілі. Затое ўратаваў «Новую тэорыю земляробства» Аўгуста Адлера. Быў такі вучоны‑самавук у Друі, аптэкар, займаўся анатоміяй і сацыялогіяй. Выдаваў свае працы ў Мінску і Вільні. Выходзіць, новае імя адкрыў.

Вельмі дарагі сэрцу спадара Вітаўта раздзел «Старая беларуская кніга». Экспазіцыя змяшчае творы Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна. Школьнікам можна толькі пазайздросціць — яны маюць магчымасць пабачыць «Падручны руска‑крэўскі слоўнік» Вацлава Ластоўскага або «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа не толькі на старонках падручнікаў.

Таксама ў раздзеле выстаўленыя творы выхадцаў з мёрскага краю — Пётры Беларуса з Узмёнаў, Пётры Простага з Дзедзіны. Самы «малады» рукапіс музею — паэма невядомага аўтара «Беларускі год» 1938 г. Перапісаў яе з арыгіналу трэцякласнік Янак. Навучанне ў яго школцы было на польскай мове, а хлопчык жадаў чытаць па‑беларуску. Вось і перапісаў кнігу, што прывёз у вёску знаёмы дзядзька.

Ёсць раздзел «Старыя падручнікі». Дапаможнікі XIX— п.XX стст. па геаграфіі, фізіцы, мастацкія, медыцынскія, энцыклапедычныя тамы. Не абышоў сваёй увагай гісторык і «Савецкую кнігу». Дзе вы яшчэ зможаце пабачыць «Рабоча‑сялянскі буквар для дарослых» 1920 г.?

Спадар Вітаўт знайшоў шмат цікавых экспанатаў для раздзелу «Публіцыстыка». Напрыклад, часопіс «Пчаліная борць», які выдавала Зоська Верас. Тут жа і нямецкая «Грушавая газета» за 1882 г., тэматыка матэрыялаў якой — толькі… грушы.

А вось дзякуючы раздзелам «Календары», «Паштоўкі», «Маркі», «Рэклама» можна зразумець: з часам мяняецца знешні выгляд такой прадукцыі, але не змяняецца яе сутнасць. Яна, як і сто гадоў таму, адлюстроўвае настроі і жаданні грамадства.

Вось такое падарожжа ў мінулае праз кніжны свет. І вельмі дарэчы тут прымаўка: лепш раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Таму ўсе — у Мёры ў Музей кнігі і друку! Будзьце пэўныя, там вас чакаюць!

Ганна Журавіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0