Што за людзі знаходзяцца на кіроўных пасадах у Беларусі? Дзе яны нарадзіліся? Колькі ім гадоў? Дзе вучыліся? Хто служыў у арміі? Каго больш у найвышэйшых эшалонах — гомельскіх ці магілёўскіх?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы ўзялі біяграфіі прэм’ер‑міністра і ягоных намеснікаў, супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта, двух спікераў верхняй і ніжняй палатаў парламенту, старшыняў асноўных судоў, генпракурора, кіраўнікоў Рады бяспекі і Нацбанку, міністраў, старшыняў дзяржаўных і нацыянальных камітэтаў, а таксама кіраўнікоў абласцей. Агулам павінна было атрымацца 60 чалавек, аднак вакантнымі на сёння з’яўляюцца месцы міністра працы і сацыяльнай абароны (пасля павышэння Патупчыка) і мэра Мінску (пасля хваробы Паўлава), таму выйшла 58 персаналіяў.

Найбольш барысаўскіх і бабруйскіх

Калі браць месцы нараджэння чыноўнікаў, то досыць прадказальна першым ідзе Мінск. У сталіцы нарадзілася шэсць чалавек. Гэта старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала, генпракурор Рыгор Васілевіч, старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр фінансаў Андрэй Харкавец і міністр культуры Павел Латушка. Трое апошніх — сярод наймаладзейшых у атачэнні Лукашэнкі.

Чатыры чалавекі нарадзіліся ў Барысаве і раёне. Адтуль адразу тры міністры — сувязі і інфарматызацыі (Мікалай Панцялей), юстыцыі (Віктар Галаванаў), транспарту і камунікацый (Іван Шчэрба). Таксама на Барысаўшчыне нарадзіўся старшыня Дзяржкамітэту па маёмасці Георгій Кузняцоў.

Тры чалавекі ва ўладзе былі са Слонімшчыны. Аднак пасля звальнення міністра прыродных рэсурсаў Лявонція Харужыка слонімскіх паменела. Засталося двое. Затое якіх!

Найперш гэта кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Дарэчы, нідзе ў афіцыйных крыніцах не значыцца дакладнае месца нараджэння Уладзіміра Уладзіміравіча. Пішуць проста «Гродзенская вобласць». Больш падобных выпадкаў няма.

Таксама са слонімскіх земляў міністр абароны Леанід Мальцаў. Цікавая акалічнасць, абодва «слонімкія» міністры да нядаўняга часу знаходзіліся на сваёй пасадзе найбольш з чальцоў Саўміну. Харужык — з лютага 2001 года, Мальцаў — з сакавіка таго ж года. Таксама прызначэнцам васьмігадовай даўніны быў былы кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў.

Магілёўскі аблвыканкам і райкамы застаюцца галоўнай кузняй кадраў.

З Бабруйску паходзяць міністр гандлю Валянцін Чэканаў, міністр энэргетыкі Аляксандр Азярэц, а таксама старшыня Мытнага камітэту Аляксандр Шпілеўскі.

Прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі і старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Якабсон — з Гомеля.

Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў і міністр ЖХГ Уладзімір Белахвостаў — з Бялыніцкага раёну. З Смаргоншчыны — старшыня памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі і міністр прамысловасці Аляксандр Радзевіч.

Больш паўтарэнняў няма. Па адным чыноўніку нарадзілася ў наступных раёнах: Ваўкавыскі, Лёзненскі, Вілейскі, Мядзельскі, Пружанскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Петрыкаўскі, Светлагорскі, Магілёўскі, Лідскі, Драгічынскі, Івацэвіцкі, Смалявіцкі, Быхаўскі, Валожынскі, Любанскі, Іўеўскі, Асіповіцкі, Лунінецкі, Аршанскі, Касцюковіцкі, Нясвіжскі, Брагінскі, Мазырскі, Чэрвенскі.

Адзіным шклоўскім па нараджэнні быў Міхаіл Паўлаў, які нядаўна пакінуў пасаду начальніка сталіцы.

Кадэбісты — з іншых краінаў

11 чалавек з кіраўніцтва краіны нарадзіліся за яе межамі. Расія як месца нараджэння значыцца ў пашпартах 6 чыноўнікаў, Украіна — 2, Азербайджан — 2, Арменія — 1.

У Наўгародскай вобласці прыйшоў на свет віцэ‑прэм’ер Віктар Бура, ягоны калега Андрэй Кабякоў — у Маскве. Праўда, апошні нядаўна расказваў, што ў Беларусі жыве ад трохгадовага ўзросту.

З сяла Сіма Юр’еў‑Польскага раёну Уладзіміраўскай вобласці — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў. Радзіма міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі — Прыморскі край. З усходняй суседкі таксама міністры архітэктуры Аляксандр Селязнёў і старшыня Ваенна‑прамысловага камітэту Мікалай Азаматаў.

Ва Украіне нарадзіліся толькі двое высокіх службоўцаў, але хто — былы і сённяшні старшыні КДБ. З Днепрапятроўску паходзіць кіраўнік Рады бяспекі Юры Жадобін, з Жытомірскай вобласці — галоўны чэкіст краіны Вадзім Зайцаў.

Землякамі з’яўляюцца міністры па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных справаў Энвер Барыеў і Анатоль Куляшоў адпаведна. Яны нарадзіліся ў невялічкім 68‑тысячным азербайджанскім гарадку Алі‑Байрамлы, які нядаўна быў перайменаваны ў Шырван.

У армянскім Ленінакане нарадзіўся будучы міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Зрэшты, сталенне амаль усіх вышэйпералічаных чыноўнікаў адбывалася ў Беларусі. Выключэннем з’яўляюцца хіба што Жадобін і Зайцаў.

Найменш віцебскіх

Такім чынам, прапорцыі ва ўладзе выглядаюць наступным чынам: краіны СНД і Мінская вобласць — па 11 чалавек (19% ад агульнай колькасці), Магілёўская вобласць — 9 (15,5%), Гомельская вобласць — 8 (13,8%), Гродзенская вобласць — 7 (12%), Мінск — 6 (10,3%), Брэсцкая вобласць — 4 (6,9%), Віцебская вобласць — 2 (3,4%).

Аднак звесткі пра месца нараджэння мала значаць у разуменні палітычных повязяў. Важней тое, у якім месцы чалавек рабіў працоўную кар’еру.

Людзі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту складаюць большасць у найвышэйшых эшалонах улады.

Дык вось, нягледзячы на не самае вялікае прадстаўніцтва ўраджэнцаў Магілёўшчыны, тамтэйшы аблвыканкам і райкамы з’яўляюцца сапраўднай кузняй кадраў на павышэнне. Адтуль выйшлі Віктар Камянкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, Аляксандр Селязнёў, Уладзімір Белахвостаў, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, Валянцін Чэканаў, Віктар Галаванаў, старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка. Хоць яны не ўсе нарадзіліся на Магілёўшчыне, але ўсе там працавалі.

З Гомельскай вобласці выйшаў цэлы шэраг «крэпкіх хазяйственнікаў», людзей, якія сёння распараджаюцца надзённымі пытаннямі беларускай эканомікі — Сяргей Сідорскі, а таксама адразу чатыры віцэ‑прэм’еры: Уладзімір Сямашка, Андрэй Кабякоў, Іван Бамбіза і Уладзімір Патупчык.

Чвэрць пенсіянераў

Вывучэнне датаў нараджэння чыноўнікаў паказала, што сярод беларускага кіраўніцтва ажно 15 чалавек (25,9%) — людзі пенсійнага ўзросту. Маладым кадрам Лукашэнка не давярае.

На пенсіі павінны ўжо сядзець спікеры абедзвюх палатаў парламенту Барыс Батура і Уладзімір Андрэйчанка, галоўны суддзя Валянцін Сукала, старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць, старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч, кіраўнік справаў Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Дамашкевіч, а таксама Уладзімір Сямашка, Мікалай Зайчанка, Уладзімір Белахвостаў, — міністры інфармацыі — Уладзімір Русакевіч, лясной гаспадаркі — Пётр Сямашка, абароны — Леанід Мальцаў, па падатках і зборах — Ганна Дзейка, кіраўнік ВПК Мікалай Азаматаў, старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар.

Дуаен Азаматаў

Дарэчы, самым сталым у гэтым спісе з’яўляецца старшыня Ваенна‑прамысловага камітэту Мікалай Азаматаў. Яму ажно 71 год.

Яшчэ семнаццаці чыноўнікам 55 і больш гадоў. Людзі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту складаюць найбольшую частку ў найвышэйшых эшалонах улады. Такім чынам, далейшыя кадравыя перастаноўкі проста непазбежныя.

Наймалодшы — Латушка

Тытулам самага маладога чыноўніка можа пахваліцца новаспечаны міністр культуры — 36‑гадовы Павел Латушка. Толькі на год за яго старэйшая Наталля Пяткевіч. Больш 30‑гадовых ва ўладзе няма.

За імі ідуць Мікалай Снапкоў (40 гадоў), старшыня памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі, міністр спорту і турызму Алег Качан (абодвум па 41 годзе), намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч, Энвер Барыеў, Вадзім Зайцаў (усім па 45).

Сярэдні ўзрост беларускага чыноўніка найвышэйшага рангу складае 54,2 гадоў. Цікава, што да нядаўніх кадравых зменаў у чатырох міністэрскіх фатэлях і ў адным дзяжаўным камітэце сярэдні ўзрост скаладаў 54,9 гадоў — роўненька столькі, колькі мае і Аляксандр Лукашэнка (нар. 30 жніўня 1954 г.). Цяпер лідэр дзяржавы стаў крышку старэйшым за людзей з свайго атачэння, ці не ўпершыню за час свайго кіравання.

Хочаш кіраваць — паступай у Наргас

Сярэдні ўзрост беларускага чыноўніка найвышэйшага рангу складае 54,2 гадоў. Гэты крышку мекнш, чым Аляксандру Лукашэнку (нар. 30 жніўня 1954 г.).

Найбольшай папулярнасцю сярод чыноўнікаў карыстаецца Наргас. Там атрымалі хто як першую, хто як другую адукацыю Ломаць, Кабякоў, Харкавец, Анфімаў, Пётр Сямашка, міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра, Чэканаў, Рачкоўскі, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Уладзімір Зіноўскі, Цалко, Шчэрба.

Хоць яшчэ нядаўна лідэрствам валодала політэхнічная адукацыя, яе маюць 10 чалавек. Мінскі БНТУ скончылі Батура, Уладзімір Сямашка, Бура, Патупчык, Зайчанка, Анфімаў, Азярэц, Войтаў. Дыплом Наваполацкага палітэху мае Селязнёў, а Мазырскага — міністр прыродных рэсурсаў Уладзімір Цалко.

Столькі ж скончыла і БДУ. Але перавагу гэтая ВНУ мела найперш у юрыстаў — старшыня Канстытуцыйна суду Міклашэвіч, Сукала, Камянкоў, Васілевіч, Пяткевіч, Міцкевіч, Галаванаў.

Сельскагаспадарчую адукацыю маюць Снапкоў, Дзейка, Кузняцоў, Саўчанка, Русакевіч, Сумар, Андрэйчанка, Бамбіза.

Праз Вышэйшую партыйную школу прайшлі ў свой час Андрэйчанка, Ломаць, Дамашкевіч, Бамбіза, Галаванаў, Сумар. Ужо за часамі незалежнасці Акадэмію кіравання скончылі Харкавец, Снапкоў, Барыеў, Чэканаў, Зіноўскі, Шчэрба, Войтаў і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётр Руднік.

Чатыры чалавекі маюць педагагічную адукацыю (Ломаць, Качан, Русакевіч і Радзькоў). Толькі адзін Уладзімір Макей скончыў ін’яз. Дадатковы дыплом Лінгвістычнага мае і Павел Латушка, але ў афіцыйных біяграфіях гэта не адзначана.

Варта адзначыць яшчэ тое, што Макей і Руднік — адзіныя з чыноўнікаў, хто вучыўся ў краінах так званага далёкага замежжа. У 1992—1993 гадах першы праходзіў навучанне ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі, а другі ў свой час па абмене пабываў у ГДР, у Дрэздэне.

Затое абсалютна ніякай беларускай адукацыі не мае кадэбіст Вадзім Зайцаў. За ягонымі плячыма Маскоўскае вышэйшае пагранічнае каманднае вучылішча (1986), Акадэмія федэральнай пагранічнай службы РФ (1997), Ваенная акадэмія Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ (2004).

Сярод экзатычнага можна звярнуць увагу на тое, што Андрэй Кабякоў скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут.

Сідорскі ў войску не служыў

З біяграфій, што змешчаныя на сайце дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА, вынікае, што службу ў войску праходзілі Андрэйчанка, Міклашэвіч, Макей, Уладзімір Сямашка, Бура, старшыня Мінскага аблвыканкаму Уладзімір Крупец. І, натуральна, усе сілавікі.

Але, напрыклад, біяграфія Сідорскага гаворыць пра тое, што службу ў войску прэм’ер‑міністр не праходзіў. Як і Пракаповіч, Харкавец, Снапкоў.

Хто дакладна ў войску не служыў, дык гэта беларускія чыноўніцы. Аднак іх у Аляксандра Лукашэнкі толькі дзве (3,4%) — Пяткевіч і Дзейка.

Ідэальны чыноўнік — Леанід Анфімаў

Такім чынам, сярэдні беларускі чыноўнік — мужчына, які нарадзіўся за межамі краіны ці ў Мінскай вобласці, мае 54 гады і скончыў наргас. Пад гэтае апісанне найлепш падыходзіць намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў. Чалавек абсалютна непублічны, нават шэры, але ўплывовы.

Зміцер Панкавец