Аляксандр Бухвостаў абраны старшынёй Беларускай партыі працоўных. Такое рашэнне было прынята 26 ліпеня на ўстаноўчым з’ездзе БПП. Намеснікамі старшыні партыі абраны Мікалай Пахабаў і Андрэй Еўдакімовіч.

На з’ездзе таксама былі прыняты праграма і статут БПП.

У сваёй прамове пасля абрання на пасаду кіраўніка партыі Аляксандр Бухвостаў выказаў надзею на паспяховае завяршэнне працэсу стварэння БПП, які пачаўся яшчэ ў 2004 годзе. Цяпер членамі Беларускай партыі працоўных з’яўляюцца 1.025 чалавек.

У прынятай на з’ездзе заяве дэлегаты адзначылі, што «негатыўны ўплыў сусветнага эканамічнага крызісу ўзмацніў няўмелыя і няправільныя дзеянні ўлад». «Цяжар крызісу адчуваюць у першую чаргу тыя, хто не мае ў запасе нічога, акрамя спецыяльнасці і працоўных рук. Цяперашні рэжым спрабуе латаць брэшы ў эканоміцы перадусім за кошт працоўных. Іх пераводзяць на скарочаны тыдзень, ім памяншаюць зарплату, прэміяльныя. Мы не чулі ад улады, што яна памяншае грашовыя выплаты міністрам і іншым высокапастаўленым чыноўнікам, дырэктарам», — гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары канстатуюць, што працоўныя пазбаўлены правы свабодна аб’ядноўвацца ў прафесійныя арганізацыі па абароне працоўных і сацыяльных інтарэсаў, удзельнічаць у палітычных мерапрыемствах і кіраванні дзяржавай, свабодна рэалізоўваць права на працу і выбар працоўнага месца незалежна ад сваіх поглядаў.

Базавым элементам падаўлення правоў працоўных заснавальнікі БПП лічаць сістэму найму па кароткатэрміновых кантрактах. «У Беларусі больш як 80 % працоўных вымушаны працаваць па кароткатэрміновых працоўных дагаворах. Гэта з’яўляецца нацыянальнай ганьбай, таму што такога няма ні ў адной краіне свету», — гаворыцца ў заяве.

У дакуменце таксама адзначаецца, што «БПП будзе дамагацца ад улады ўстаранення ўшчамлення правоў працоўных. Наша мэта — рост заработнай платы і дабрабыту працоўных. Для чаго непазбежны змены ў характары палітычнай улады, аднаўленне дэмакратычных прынцыпаў кіравання дзяржавай».

Беларуская партыя працоўных ствараецца на аснове ліквідаванай у 2004 годзе Беларускай партыі працы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру