Юры Жыгамонт, падчас сустрэчы з гледачамі ў Наваполацку,фота makasin.info

Юры Жыгамонт, падчас сустрэчы з гледачамі ў Наваполацку,
фота makasin.info

Яго ведаюць ад Разані да Беластока па круглых акулярах, капелюшы і сакваяжы ў стылі рэтра. Кожны тыдзень на працягу ўжо васьмі гадоў перадача «Новыя падарожжы дылетанта» выклікае жаданне ўзяць заплечнік і адправіцца пешшу вандраваць па Беларусі.

Аўтар і вядучы праграмы Юры Жыгамонт распавёў нам пра свае падарожжы, сустрэчы з вядзьмаркамі і асабістае жыццё.

Эх, дарогі, вечныя дарогі…

— Я — стопрацэнтны беларускі падарожнік, бо вандрую толькі ў межах Беларусі, аб чым ніколькі не шкадую, — дзеліцца сваімі думкамі акцёр і тэлевядучы. — За час існавання «Падарожжа дылетанта» мы знялі больш за дзвесце перадач, і ні разу яшчэ нам не прыходзілася ламаць галаву над пытаннем «Што б такога цікавага знайсці, каб здзівіць гледачоў?», бо аб гэтым паклапаціліся нашы продкі.

Яны будавалі замкі, прывозілі з далёкіх краін экзатычныя расліны для сваіх паркаў, збіралі творы мастацтваў.

Маленькае мястэчка Лявонпаль мела раней дзякуючы панам Лапацінскім чатыры працы Рубенса, досыць прагрэсіўныя для таго часу хімічную і фізічную лабараторыі.
А ў каго з мясцовых жыхароў не спытаеш — яны нават і не здагадваюцца пра сваё слаўнае мінулае. Нейкая суцэльная абыякавасць і правінцыйнасць душ…

Беларусь — краіна могілак

— Такую колькасць могілак, як у Беларусі, складана знайсці ў іншай краіне свету, — адзначае Жыгамонт. — Гэта цяжкая спадчына шматлікіх войн, што адбываліся на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Я часта бачыў, як у адным месцы побач былі пахаваны нямецкія і рускія салдаты Першай сусветнай: беларуская зямелька аб’яднала іх у вечным спакоі.

А колькі ў нас габрэйскіх, татарскіх, лютэранскіх могілак! Шкада, што большасць з іх знаходзіцца ў дрэнным стане.

Калі вы ідзяце каля могілак, каму б яны ні належалі, спыніцеся на хвіліну і аддайце пашану тым, хто тут ляжыць.

Не лыкам шытыя

— Самы распаўсюджаны экспанат любога беларускага музея — лапці як увасабленне нашых каранёў, з чым я катэгарычна не згодны, — кажа Юры. — Лапці — гэта звычайны спецабутак, якім карысталіся нашы продкі, калі ішлі на працу або ў лес.

А на святы і ў царкву яны надзявалі боты. Усяму гэтаму адпавядае гістарычны стэрэатып: калі беларусы — значыць, сяляне. Хто нашы продкі? Тыя, хто хадзіў у лапцях ды з косамі. А ў нас прысутнічалі і іншыя саслоўі — магнаты, шляхта, гараджане. Яны апраналі на сябе цяжкія даспехі, бралі ў рукі вялізныя мячы і ішлі абараняць радзіму ад ворагаў. Вось гэтыя экспанаты і трэба ўсюды выстаўляць як сімвал непераможнасці нашага народа!

Дарэчы, я ўмею плесці сапраўдныя лыкавыя лапці. Гэтае рамяство мне перадаў мой бацька.

Пра карані

— Я ганаруся тым, што ведаю свой радавод да сёмага калена, — гаворыць Жыгамонт.
— Маім самым незвычайным продкам была прапрабабуля. Дачка войта, яна была вельмі баявой жанчынай. Пражыла больш за сто гадоў, тры разы выходзіла замуж. Першы муж, згодна з сямейнай легендай, не вытрымаўшы яе моцнага характару, збег праз акно ў Польшчу. Але яна нядоўга сумавала і хутка выйшла за акцёра панскага тэатра.

Прозвішча Жыгамонт — не тыповае для Палесся, адкуль я родам. Як я магу меркаваць, яно распаўсюдзілася тут дзякуючы паўстанцам Тадэвуша Касцюшкі, якія пасля разгрому паўстання знаходзілі сабе на поўдні краіны прытулак.

Маленькія фетышы

— З дзяцінства мяне вабяць рэтра‑рэчы, — прызнаецца ў сваіх слабасцях артыст. — Так, хлапчуком знайшоў на гарышчы альбом са старымі фотаздымкамі. Шкада, дурны быў — не захаваў. Зараз захапляюся збіраннем камянёў, па большасці крамянёвых. Як я жартую, калі б не вандраваў на машыне, іх бы не калекцыяніраваў. Дома ў мяне на падаконніку ляжаць ужо цэлыя каменныя горы. Жамчужынай маёй калекцыі быў вялізны камень, памерамі і абрысамі падобны да галавы дарослага чалавека. Я так яго і называў — «Галава», але некалькі год таму падараваў. А нядаўна мне пашчасціла знайсці сапраўднае старажытнае ядро.

Пра беларускую магію

— Я з задавальненнем сустракаюся з вясковымі знахаркамі. Гэтыя незвычайныя беларускія бабулі нават у наш час могуць замовіць укус змяі ці вывіх так, што не трэба будзе звяртацца да ўрачоў, — дзеліцца вопытам Юрый. — Ці баюся я іх? Куды мне баяцца, калі я сам з Палесся, а ў нас там кожная другая жанчына — вядзьмарка. Але мой бацька запамятаваў сваю сустрэчу з імі на ўсё жыццё. Сабраўся ён будаваць новую хату і па вясковай традыцыі пайшоў да тутэйшай знахаркі, каб яна дапамагла яму знайсці спрыяльнае месца для яе. Гэта звычайная жанчына, якая нікому не адмаўляла ў дапамозе, раптам, пабачыўшы яго, сказала: «Занадта малады яшчэ, ідзі прэч!» Бацька не зразумеў і стаў прапаноўваць ёй грошы, але яна настойліва прасіла яго адысці. Толькі праз шмат год ён даведаўся, што шостага па ліку чалавека, які звяртаецца да вядзьмаркі па дапамогу, яна павінна аддаць на водкуп чорту. Наша вясковая знахарка пашкадавала майго бацьку, і ён застаўся жыць.

Амаль з кожнай вандроўкі я прывожу новую легенду ці паданне, якія я пачуў ад тамтэйшых насельнікаў. Па маіх назіраннях, самыя распаўсюджаныя сюжэты крымінальныя — пра забойствы і замураванні. Але самы цікавы аповед — пра жывую і мёртвую ваду — я пачуў ад адной знахаркі.

Калі стрэлка гадзінніка адбівае пятнаццаць хвілін на другую (гэты час спрадвеку называлі дурной ноччу), па павер’ях усё жывое на зямлі спыняецца і замірае, нават вада, якая падае, завісае ў паветры.
Яна так і называецца — мёртвай. Лічыцца, што, калі яе сабраць і папырскаць ёю невылечна хворага чалавека, а потым жывой вадой з калодзежа, ён абавязкова паправіцца. Вось вельмі хачу гэта праверыць.

Я наогул вельмі прымхлівы чалавек. У мяне ёсць свае прыкметы, пра якія я нікому не распавядаю, бо яны не будуць тады працаваць. А падзяліліся імі са мною мае аднавяскоўцы, старыя палешукі, якім яны былі ўжо не патрэбныя.

Асабістае

— Мяне не пазнаюць на вуліцах, бо ўсе думаюць, што я і ў жыцці маленькі і кругленькі, пакуль не апрану свой фірменны капялюш і не вазьму ў рукі рэтра‑сакваяж, — кажа Жыгамонт. — А я мужчына «в самом расцвете сил», як гаварыў Карлсан, таму нярэдка падчас вандровак да мяне спрабуюць заляцацца тутэйшыя асобы жаночага полу… Але я маральна ўстойлівы, для мяне існуе толькі адзіная жанчына — мая жонка.

Мне ўжо за сорак, а я яшчэ не зведаў, што такое крызіс сярэдняга ўзросту. Хацелася б яго адчуць, бо павінен жа змяняцца ўнутраны свет чалавека.

Самыя дарагія для мяне кнігі — Біблія і паэма «Новая зямля» Я.Коласа. Заўсёды да іх звяртаюся, калі цяжка на душы або сумую па роднай вёсцы.

Пра гледачоў

— Вельмі прыемна было атрымаць ліст ад нашых расійскіх гледачоў з Разані, — распавядае тэлевядучы.

— Сям’я Фраловых напісала ў ім, што дзякуючы «Падарожжу дылетанта» яны ўпершыню пазнаёміліся з беларускай мовай, і яна ім вельмі падабаецца.

Кожны тыдзень на адрас нашай праграмы прыходзяць дзесяткі лістоў з просьбай прыехаць і паказаць іх вёску. Мы імкнёмся іх задаволіць і тым самым падтрымаць людзей, якія неабыякавыя да гісторыі свайго маленькага куточка, каб пайшла добрая традыцыя цікавіцца старажытнасцю і сваімі каранямі.

Ліна Мілаш, Народная воля

Юры Жыгамонт:

Год і месца нараджэння: 1968 год, вёска Дзямiдаў Нараўлянскага раёна. Адукацыя: ПТВ («кiроўца вежавых кранаў»), Тэатральна‑мастацкi iнстытут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0