Віцебскі журналіст Кастусь Севярынец трапіў у лякарню з вострым сардэчным прыступам. Дактары паставілі дыягназ «інфаркт».

Паводле ягонай жонкі Тацяны Севярынец,

спадар Кастусь апошнімі днямі дужа нэрваваўся з прычыны тэлеперадачы пра іхнага сына, Паўла Севярынца, паказанай на БТ 27 верасьня.
30 верасьня бацькі палітыка напісалі заяву на імя кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі, патрабуючы абвяржэньня і публічных прабачэньняў, бо лічаць, што ў праграме «Панарама» на Паўла ўзьвялі паклёп.

Тацяна Севярынец кажа, што справакаваць інфаркт мог нэрвовы стрэс, які давялося перанесьці ў выніку той перадачы.

Нагадаем, што мэтадамі БТ згідзіліся прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы. Перадачу «з абурэньнем успрынялі біскупы, які ў гэты вечар глядзелі тэлебачаньне. Многія зь іх мне так і сказалі, што гэта палітычны паклёп», — заявіў прадстаўнік царквы па кантактах са СМІ архімандрыт Аляксей (Шынкевіч).

З рэдкай для прадстаўніка царквы адкрытасьцю ён расказаў: «Упершыню, калі да мяне зьвярнуліся зь Першага нацыянальнага канала па камэнтар, я спытаў: у якім кірунку вы хочаце, каб мы пракамэнтавалі? Калі ў адмоўным, то мы нічога казаць ня будзем, а ў станоўчым для вас гэта не патрэбна і вас гэта не цікавіць. Таму яны пайшлі іншым шляхам, падманным — так і трэба казаць. Яны зьвярнуліся да супрацоўніка эпархіяльнага ўпраўленьня і да дыякана Андрэя Кураева і зманціравалі. Сёньня гэта лёгка можна зрабіць. Гэта проста фальшыўка, накіраваная ня толькі супраць Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, але і супраць праваслаўнай царквы. Гэта ня робіць пашаны Першаму нацыянальнаму каналу».

Са словаў Шынкевіча, згодна са сваёй сацыяльнай канцэпцыяй, «царква ня толькі станоўча [ставіцца да хрысьціянскіх партый і рухаў], але заклікае вернікаў падтрымліваць гэтыя партыі і рухі. А ў гэтым матэрыяле пададзена, што праваслаўная царква супраць гэтых рухаў».

Цяпер Кастусь Севярынец знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні віцебскага кардыялягічнага шпіталю. Дактары кажуць, што стан ягонага здароўя цяжкі, але ўжо стабільны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?