Той, хто едзе па трасе з Карэліч на Навагрудак, адразу заўважае, як змяняецца краявід. Палеткі, перарэзаныя паскамі лясоў ды меліярацыйнымі каналамі, раптоўна саступаюць месца лясістым узгоркам. Штораз вышэйшыя, яны, здаецца, падкідаюць падарожніка да самага неба, па якім, нібы марскія хвалі, імчаць калматыя аблокі. Зямля падстаўляе сонцу свае плечы, на якіх зіхаціць бронзай ды золатам восеньская лістота, дзе-нідзе скрываўленая трывожнымі плямкамі чырвані.

Збочыўшы з гасцінца налева, кіламетраў за дванаццаць ад Навагрудка, мы трапляем у вёску Ваўкавічы.
Нас вітаюць старыя могілкі на стромым, парослым дубамі ды клёнамі грудку. Жыхары вёскі, у першую чаргу старыя, спрадвеку называюць яе Ваўкавічамі. Аднак на мапах вёска пазначаная як Ваўковічы. Зрэшты, знайсці беларускамоўную мапу дужа цяжка, а ў даступных рускамоўных атласах вёска называецца «Волковичи». Бадай, тут і хаваецца разгадка: Ваўковічы — гэта калька з рускага варыянту, прачытанага з няправільным націскам.


Вёска вялікая. На галоўнай вуліцы — двухпавярховыя панэльныя дамы на дзве сям’і: аграгарадок савецкага часу. Шэрасць будынкаў ратуюць пярэстыя кветкі ў прысадах. У адным падворку заўважаем… «Пагоню». Вялікая шыльда з гербам здаля свеціцца белым ды чырвоным. «Толькі ж вы не думайце, што ён гэта з нейкай мэтай зрабіў, — заспакойвае нас мясцовая кабета. — Як школу зачынілі, усё з яе парасцягвалі. Вось ён і ўзяў «Пагоню», каб сцяну адрамантаваць».


Зачыненая школа ў Ваўкавічах.


Кола гісторыі

Ваўкавіцкая школа — савецкі будынак з сілікатнай цэглы, вялікі, але пусты. За пыльнымі шыбамі відаць старыя насценгазеты. З дзвярэй на першым паверсе ліецца спеў — ідзе праваслаўная служба. У пакойчык, які раней быў школьнай майстэрняй, не ўбіцца. Мужчынаў вобмаль, большасць наведнікаў — бабулі ў хустках. Тутака і святары з усіх навакольных прыходаў. Архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, паважны, з высокім нягучным голасам, асвячае новую ваўкавіцкую царкву, якая размесціцца ў гэтым кабінеце.


Старая царква ў Ваўкавічах. Разбурана ў 1964 г. Фота: Radzima.org

Старую, драўляную, якая прастаяла амаль сто гадоў, разабралі саветы яшчэ ў 1964 г. Зрабілі з яе прыбудову да першай вясковай школы. Пасля і тую школу раскідалі, бярвенне спалілі ў лазні, ды збудавалі новую, цагляную. Гады з тры таму і яе зачынілі — няма вучняў. Цяпер у адным з пакойчыкаў былой школы зноў адчыняецца царква. Кола вясковай гісторыі замкнулася, ды толькі круціць яго ўжо амаль няма каму.


У новай царкве.

Убранне новай ваўкавіцкай царквы па-вясковаму наіўнае, без шыку, але прыхаджанам надта даспадобы. Атмасфера, нібы на Вялікдзень. Хор выводзіць «О, Божа Спасе». Бабуля ў чырвонай хустцы, седзячы на ўслончыку ля сцяны, шэпча суседцы: «Ты б глянула, які прастол харошы зляпілі, усё-ўсё! От хораша, от хораша! Людзі далі троха, колькі маглі…»

Адна з кабетаў абыходзіць народ з кошыкам — «скарбонкай». Прыхаджанкі сціскаюць у зморшчаных далонях тысячныя паперкі. Царкву аднаўлялі за грошы мясцовых жыхароў. Рабіць складкі пачалі ад сёлетняй Радаўніцы.

Жыхары Ваўкавічаў ды навакольных вёсак наважыліся на талаку невыпадкова. Ужо сем дзесяцігоддзяў над імі вісіць покрыва жахлівай гісторыі, якая не дае гэтым мясцінам спакою, вярэдзіць душу.

Асвячэнне адноўленай царквы.


Крывавы шлях

«Тут праўды ніхто вам не скажа. Поўнае праўды. Тут многа чаго кажны бачыў, кажны чуў, ды асаблівыя не любяць надта гаварыць, хто надта шмат знаюць», — абачліва кажа, зірнуўшы жывымі цікаўнымі вачыма, невысокі дзядок у сіняй пляскатай кепцы ды старым, але ахайным палітончыку.


Сава Самсонавіч Васюк

82-гадовы Сава Самсонавіч Васюк — адзін з нямногіх мужчынаў, якія прыйшлі на службу ў новую царкву. Тут што ні чалавек — то гісторыя. Вось і спадар Васюк сербануў долі: у армію загналі на Урал, памарозіў там сабе ногі.

Але тое страшнае, пра што ён апавядае, адбылося, калі ён быў 12-гадовым хлапчуком.


Айцец Мікалай Нядзведскі. Фота: Radzima.org

У верасні 1939 г. Ваўкавічы на пару тыдняў трапілі ў паласу безуладдзя (польская ўлада сышла, а савецкая як след не ўсталявалася). Аднае ночы некалькі чалавек пагрукаліся ў хату, што стаяла насупраць царквы. Тут жыў вясковы бацюшка Мікалай Нядзведскі разам з сям’ёй — жонкай Верай і маленькай дачкой.

Гэта былі падпольшчыкі, актывісты мясцовай партыйнай ячэйкі. Прыход савецкай улады развязаў ім рукі, ап’яніў кар’ернымі перспектывамі. Бацюшку павялі праз вёску. І не проста вялі, а збівалі, вырывалі бараду ды вусы, білі жалезным прутом па баках. Калі праходзілі праз вёску Амневічы, айца Мікалая прымусілі паўзці на карачках, адзін з катаў ехаў на ім верхам. Мясцовыя жыхары моўчкі назіралі з-за фіранак. Абараніць свайго бацюшку не выйшаў ніхто: баяліся за сябе і за свае сем’і.


Ваўкавіцкі бацюшка з прыхаджанамі. Фота: Radzima.org

Неўзабаве каты збочылі на хутар, дзе на два дні замкнулі скалечанага святара ў склепе. На трэці дзень павялі яго далей, у лес ля вёскі Сянежыцы. Знайшлі там схаваны ад людскіх вачэй лясісты ўзгорак і пачалі забіваць.

Спачатку прымусілі яго капаць сабе магілу. Пасля адрэзалі пакутніку вушы. Пасля выкалалі вочы. Пасля метадычна пераламалі косткі і, раз’юшаныя нечым, што яны пачулі ад ахвяры, адцялі бацюшку язык ды дзетародны орган...
Абвязалі вяроўкай ногі, перакінулі цела праз сук ды апусцілі ў магілу. Зразумеўшы, што бацюшка памёр, каты пакінулі яго, скручанага, ляжаць на макаўцы гары…

«Свае гэта былі людзі, свае, — кажа Сава Самсонавіч. — Яны былі палітыканты пры Польшчы... На яго заеліся. Нядобрыя людзі, грубыя...» І раптам паўжартам, але з насцярогай, дадае: «Ці толькі не зрабіце мне, што я быў замешаны! Мне ўжо 83 гады, шчэ мяне цягаць будуць!..»

Дагэтуль жыве страх у людзях.


Людзі ваўкавіцкіх ваколіцаў. Фота: Radzima.org

У Ваўкавічы прыйшла савецкая ўлада. Вясковы мітынг. На трыбуне – партрэт Сталіна. Фота: Radzima.org


Хросны ход

Хросны ход ліецца з царквы на вуліцу і кіруецца ў той самы шлях, якім каты вялі айца Мікалая Нядзведскага. Хто не можа далучыцца да грамады, выходзяць на ганкі хатаў з кветкамі, хрысцяцца. Архіепіскап бярэ венічак і мімаходам акрапляе іх святой вадой.


Хросны ход да Навагрудскай Галгофы.

Ззаду калону суправаджаюць «хуткая» і міліцэйскі «ўазік». У полі стаіць напаўразбураны прывідны будан з пустымі вачыма ваканіцаў.

«Гэтую ферму на месцы могілак пабудавалі, — падказвае манашка. — Тут дзеці раней чарапамі ў футбол гуляліся».
Абсурдная карціна. Навокал палеткі неабсяжныя, вольнага месца — хоць заліся. А вось жа выбралі менавіта гэты пагорачак з могілкамі, спляжылі бульдозерам крыжы ды збудавалі ангар для быдла... А ў выніку — пустка.

Каб не цягнуцца паволі ўгару, марнуючы паліва, міліцыянты абганяюць калону ды становяцца на адхоне, сярод кустоў. Наблізіўшыся да іх, архіепіскап на момант прыпыняецца, мерае поглядам «уазік» і… шчодра абдае яго святой вадой. Заспетыя знянацку, міліцыянты ў кабіне разгублена пасміхаюцца.


Да хроснага ходу далучыліся нават самыя старыя жыхары ваколіцаў.

Дарога ідзе штораз вышэй, з аднаго пагорка на іншы. Краявід адчыняецца фантастычны. На даляглядзе — блакітныя ды фіялетавыя стужкі далёкіх лясоў на ўзгорках, схаваныя ў смузе. Бліжэй — залатыя ды зялёна-смарагдавыя пагоркі ды раскіданыя паміж імі хаты. Пераваліўшы за гару, людзі збочваюць з дарогі. Крочаць краем лесу, заглыбляюцца ў гушчар. Зялёны паўзмрок. Спевы аддаюцца таямнічым рэхам.

Дарога ідзе ярам, глыбей і глыбей. І раптоўна разумееш, што стаіш ля падножжа сапраўднай гары, такой высокай, што даводзіцца задзіраць голаў, каб пабачыць сосны на яе вершаліне. Вось яна, навагрудская Галгофа.

Пачынаецца нялёгкае ўзыходжанне. Людзі паволі караскаюцца па слізкім, крутым схіле. Бабулі трымаюцца адна за адну, маладзейшыя дапамагаюць старэйшым. Вось, нарэшце, і крыж на макаўцы гары. Дрэвы над ім расступаюцца, зверху ліецца святло. Калі зірнеш з гары ўніз, то рэшта людзей нагадвае рассыпаныя пацеркі.


Людзі ўздымаюцца на лясную гару, на якой у 1939 г. быў закатаваны айцец Мікалай Нядзведскі.

Пачынаецца малебен. Нават каманда «хуткай дапамогі» ў чырвонай уніформе трымае ў руках свечкі. «Гэтым подзвігам, па-чалавечаму бессэнсоўным, а па-хрысціянскаму прыкладным, айцец Мікалай выявіў сябе сапраўдным пераймальнікам Госпада нашага Ісуса Хрыста», — звяртаецца да грамады архіепіскап. Царква разглядае пытанне залічэння закатаванага святара ў лік беларускіх святых. Магчыма, на гэтым месцы паўстане царква ці капліца, а хросны ход будзе адбывацца штогод.


Аповед сведкі

Людзі стаяць паўколам ля сівенькай бабулі, якая пачынае свой сумны аповед. Яе бацькі былі адзінымі, хто вызваўся дапамагчы жонцы айца Мікалая адвезці на могілкі цела пакутніка. За гэта іх потым пераследавалі саветы.


Сведка трагедыі.

«Матушка вельмі з бацькамі нашымі жыла-дружыла, — распавядае бабуля. — І вось матушка тры дні хадзіла, шукала яго. І потым на трэці суткі, гэта я кажу ісцінна, сасніла яна сон. Што хадзі туды, за Гаравічамі тут гэтымі, Сянежычы, і звярні направа, ён ляжыць у лясочку. Яна па гэтым сне пайшла, шукала і кашканула, і знайшла яго шкарпэтку. І прыйшла, і кажа, хто ж… Але ж вёска Ваўкавічы, сто дваццаць хат, ніхто: пабаяліся ўсе. А маці мая на бацьку кажа — закладай. І прыехалі сюды, на гэтае месца, забралі.

Я, мне было тады трынаццаць гадоў, разумееце. Маці нават мяне не дапускала, каб я надта ўжо глядзела. Ён знявечаны быў, увесь акраваўлены, вочы выпараныя, язык выразаны, вушы абрэзаныя …
Барада, вусы, усё вырвата, і так паламаны, знайце, што як адзявалі, дык, разумееце, усе костачкі яго, як жывога, пхалі ў гэтую… Вот што я магу толькі сказаць…

Пры немцах прыходзілі да матушкі, «дак давай, скажы, хто выходзіў за ім». Але яна сказала: ужо я яго не падыму, хто яго забіраў з гэтага места, я нікому не скажу».

Скончыўшы аповед, старая кабета шчымліва звярнулася да ўсіх прысутных: «Дзякуй вам усім-усім, мае дарагія, што вы жывяцё, дзякуй вам, што вы памаглі тут аднавіць усе гэты пахароны... Каб вас Бог зберагаў да канца, вашых дзетак, усіх вас…»

Здаецца, не засталося нікога, на чые вочы не набеглі б слёзы.


Пляменнік пакутніка


Георгій Шапялевіч, пляменнік закатаванага святара.

Адзін з удзельнікаў хроснага ходу звяртаў на сябе асаблівую ўвагу. Сівавалосы мужчына, гадоў пад пяцьдзесят, высокі, добрае паліто, да бляску начышчаныя боты. Ён шчыра маліўся, але трымаўся сціпла. Гэта быў пляменнік закатаванага святара, Георгій Шапялевіч. Ягоная маці, у дзявоцтве Клаўдзія Нядзведская, была сястрой айца Мікалая. «Перапаўняе найглыбейшае пачуцце смутку, — падзяліўся пачуццямі Георгій Віктаравіч. — Узгадваю словы матушкі, цёці Веры: усяму аддасца належнае, усё стане на сваё месца.

І ўся наша сям’я, усё пакаленне Нядзведскіх ні на кога з людзей, якія здзейснілі гэтае жахлівае злачынства, мы не трымаем ліха. Усяму аддасца Творцам.
А мы ў душы пранясём на ўсю рэшту нашага жыцця памяць пра гэтага добрага чалавека, пастыра Божага, які да канца данёс свой крыж на гэтую гару».

Георгій Іванавіч выкладае ў Гандлёва-эканамічным каледжы ў Навагрудку. Ён распавёў, што нарадзіўся айцец Мікалай у 1890 г. на Беласточчыне, у сям’і праваслаўнага святара. З усіх дзесяці дзяцей Мікалай адзіны пайшоў па шляху бацькі. Дзеці атрымалі добрую адукацыю. Гэтак, сястра ваўкавіцкага бацюшкі Дар’я, як і яе маці, скончыла Бястужаўскія курсы ў Смольным інстытуце ў Пецярбурзе, а брат Сяргей — Чугуеўскую юнкерскую вучэльню. У 1919 г. ён загінуў на Самары разам з тысячай іншых белых афіцэраў, якіх патапілі бальшавікі. Ідэйныя таварышы гэтых бальшавікоў пагрукаліся ў дзверы яго брата ў 1939 г.

Калі глядзіш на фота айца Мікалая і на твар яго пляменніка, то адразу адчуваеш добры сямейны стрыжань. А вось катаў напаткаў незайздросны лёс.
Па словах мясцовых людзей, два з іх павесіліся, адзін утапіўся ў ваўкавіцкай сажалцы, іншы напіўся, і конь, збіўшыся са шляху, закруціў яго насмерць у воз. Яшчэ адзін згінуў недзе ў сібірскіх лагерах.

Нялёгкі спуск з гары.


«Аджывае дзярэўня»


Ваўкавіцкія кабеты.

На аўтобусным прыпынку ля зачыненай школы (ці, лепей казаць, ля новай царквы) паселі на ўслоне тры бабулі. Першыя дзве — маладзейшыя (гадоў пад семдзесят). Адна гаманкая, а іншая, наадварот, прамаўляе сіплым гучным шэптам (дактары няздольныя вярнуць голас). Назвацца жанчыны збаяліся, аджартаваліся: «Вы нас пасадзіце, мусіць?». Прадставіліся толькі 82-гадовая Вера Антонаўна ды 84-гадовы Іван Мікалаевіч. Вера Антонаўна — мініяцюрная бабулька ў плашчыку ды з кіёчкам. Мае ясны розум ды чысты голас. Іван Мікалаевіч у маладосці, відавочна, быў высокі, ладны мужчына. Не прысеў ні разу, як жанчыны адпачывалі, усё стаяў, абапіраючыся на кіёк.

Старыя ўзгадваюць сталінскія часы без асаблівай сімпатыі. «У нас, у Агародніках, былі такія.

Сказалі, што ён займаўся, як той казаў, супраць савецкай улады. Прыйшлі, сабірайся. І тыкеле яго бачылі.
Вось гэтак і рабілася. Час гэтакі, як той казаў, пераходны. Безуладдзе», — узгадвае Іван Мікалаевіч. «Тая баба сказала, што дзякуй Богу, што Сталін памёр», — узгадвае гаманкая кабета. «З Карэліцкага раёна», — дадае шэптам суседка. «Дваццаць пяць гадоў далі», — пацвярджае дзед.
Сёння часы вальнейшыя. «Цяпер што хочаш гавары, хай хто хоча ўжо памірае», — кажа гаманкая. «Пра Лукашэнку што хочаш гавары», — згодна сіпіць яе знаёмая.
«Цяперака лепш жыць, спакайней!» — адказваюць усе разам. «Раней якія ў страху людцы былі, ястрабкі былі, з пісталетамі хадзілі», — вохкае ціхмяная бабуля. «Дзяцей голых пакінуць, а забяруць і паехалі», — абураецца гаманкая. «Ужо за немцамі то было ж не вытрываць! — распавядае Вера Антонаўна. — Не ведаеш, ці ты немцу адкрываеш, ці то партызану».

«Велькі наш прыход быў!» — са смуткам пераключаецца яна.

Заімжэў дожджык. Старыя разгарнулі парасоны ды патупалі дахаты.


Здымак 30-х гадоў. Калісьці гэтыя мясціны былі шматлюднымі. Няма таго, што раньш было… Фота: Radzima.org


«Тут жыццё сапраўднае»


Журналіст Зміцер Арцюх.

Адным з нешматлікіх маладых людзей на хросным ходзе быў Зміцер Арцюх. Сам родам з Ваўкавічаў, ён выбіўся ў людзі, вывучыўся ў БДУ, зрабіўся журналістам. Пра яго ўся вёска ведае. Цяпер Зміцер прыехаў сюды здымаць дакументальны фільм пра ваўкавіцкую трагедыю.

«Бог сказаў, што тыя, хто ганьбіць мяне, будзе пакараны да чацвёртага калена. А тыя, хто праслаўляе, будуць усхваленыя да тысячнага калена. З таго часу прайшло семдзесят гадоў. Я лічу, зараз жыве ўжо чацвёртае пакаленне. Гэтае пакаранне, відаць, здымаецца, і пачынаецца адраджэнне».

Ці верыць Зміцер у тое, што вёска ў Беларусі здольная адрадзіцца? «Я вось нават сам збіраюся з’ехаць з Мінска і жыць тут. У горадзе цісне ўсё. А тут жыццё сапраўднае».


Крыж на Навагрудскай Галгофе.


Суд памяці

У суседняй з Ваўкавічамі вёсцы Сянежыцы дагэтуль ляжыць святы камень, на якім, кажуць, ёсць адбітак нагі Маці Божай. Непадалёк ад вёскі — святы роў з крынічкай. Даўней туды людзі ад сянежыцкага каменя на каленях у святы роў па гаючую ваду хадзілі. Хадзілі, ды перасталі. Чаму? Бо акурат паміж імі — тая самая лясная гара, дзе бацюшку закатавалі.

Але праявілі людзі добрую волю — і ўсё пачало змяняцца. Была гара ў лесе страшнай — зрабілася святой. Раней людзі ў жаху абміналі гэтае месца, цяпер туды памаліцца пойдуць.

Сярод тых, хто выйшаў на хросны ход у Ваўкавічах, большасці не было на свеце ў тым страшным 1939 г. Здаецца, што ім да сямідзесяцігадовай справы? Забілі бацюшку — камуністы, адседзеліся ў хатах — дзяды ды бацькі, царкву раскідалі — саветы. Прычым тут яны?

Уражвала, наколькі востра тамтэйшыя людзі адчуваюць калектыўную віну, якая вісіць над імі. Забілі бацюшку — свае. Збаяліся спыніць забойцаў — уласныя, родныя. А царкву дык і ўвогуле зламалі ўжо пры іх памяці. Жыхары самі сабралі грошы на новы храм, паставілі вялікі драўляны крыж на месцы забойства, справілі новы мармуровы помнік пакутніку, пачысцілі ды прывялі да ладу вясковыя могілкі, сабраліся на хросны ход. Апамяталіся людзі. Ушанаваўшы свайго бацюшку,

яны прынеслі сімвалічнае пакаянне за справы продкаў, яны зладзілі свой суд над уладай цемры — не ў высокіх кабінетах, а ва ўласных сэрцах.

Мы, беларусы, звыкліся лічыць сябе ахвярамі. Мала каму з нас хапае адвагі азірнуцца ды падумаць: а можа, і мы памыляліся? Маўчалі там, дзе трэба было змагацца за праўду? Што, калі мы і сёння нешта можам зрабіць інакш? У жыхароў Ваўкавічаў атрымалася пераасэнсаваць сваё няпростае мінулае — значыцца, у іх з’явіўся шанец зазірнуць у будучыню.


З дапамогай гэтай віртуальнай мапы вы, разам з журналістамі «Нашай Нівы», можаце наведаць вёску Ваўкавічы, а таксама іншыя мясціны Беларусі.

Інструкцыі па карыстанні мапай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?