Літаратуразнаўца Міхась Тычына апавядае пра раман Віктара Казько «Бунт незапатрабаванага праху».

Інтэрпрэтацый таго, што напісаў Віктар Казько, можа існаваць шмат. Многія лічаць пісьменніка сучасным беларускім міфолагам накшталт Габрыеля Гарсія Маркеса.

У рамане няма сюжэтнага развіцця падзей, як у баевіку, дзе абавязкова на другой старонцы адбываецца забойства. А далей ужо чытач узяты ў палон. У Віктара Казько сюжэт вырастае як у таго, хто піша вершы — нечакана. Словы нараджаюць словы, і такое пляценне ўзнікае, што з яго выбрацца надзвычай цяжка.

Казько адзін з нямногіх пісьменнікаў, хто адчувае жахлівую складанасць свету, у якім з’явіўся чалавек.
Галоўны герой раману, Макрыян Говар, аб’ездзіў увесь свет. Як і Віктар Казько некалі аб’ехаў Савецкі Саюз.
І не адразу да яго прыйшла думка, што трэба вяртацца туды, адкуль пачалася яго жыццёвая дарога. Вось і галоўнага героя рамана чакаюць у момант вяртання на радзіму адказы на пытанні, якія ён шукаў, блукаючы па вялікім свеце.

Галоўнае пытанне — хто яго бацька. У архівах яму паведамляюць, што няма такога Говара, які мог бы быць яго бацькам.

Праўда адкрываецца выпадкова: бацьку арыштавалі ў 1937 годзе. Айчым пазней паказвае Макрыяну паперу, у якой паведамляецца афіцыйная і, зразумела, хлуслівая версія: «Скончался от сердечной недостаточності в 1954 году. Прах не востребован. Похоронен…» Вось разгадка назвы гэтага рамана — «прах не востребован».

А бунт — гэта ўсё жыццё героя. Макрыян Говар не ведае адкуль ён, хто ён, у чым сэнс яго жыцця. І пошук адказаў на такія пытанні, без якіх чалавек проста не можа існаваць, узводзіцца аўтарам на узровень усёй зямной цывілізацыі. Куды гэта ўсё сыходзіць? З праху выйшаў — у прах пайшоў. Але раптам мёртвыя пачынаюць бунтаваць. Яны патрабуюць не толькі памяці аб сабе, але і таго, каб жывыя задумваліся: «А як я жыву?». Як так адбываецца, што жыццё, дадзенае нам Богам, мы марнуем на немаведама што?

Алесь Адамовіч у кнізе «Вайна і вёска ў беларускай літаратуры» Віктара Казько параўнаў з Валянцінам Распуціным. Адзін піша пра выратаванне Байкала, расійскай прыроды. У Казько гэта таксама ідэя фікс — паратунак роднай зямлі. Вось твая Бацькаўшчына, вёска, дзе ты нарадзіўся, тая хата, хоць ад яе амаль нічога і не засталося. Але яе можна аднавіць і жыць. І ў канцы кнігі мы бачым ужо састарэлага Макрыяна Говара і яго жонку, з якой ён нарэшце памірыўся. Яны жывуць сярод роднай палескай прыроды, няхай сабе і радыёфікаванай. Але яны шчаслівыя.

Піша Казько няпроста. Яго пісьмо нагадвае накладанне геалагічных пластоў. Ён, бывае, пачынае сказ з аднаго, а думка яго вядзе ў глыбіню, і сказ разрастаецца, як вінаградная гронка.
Ствараецца ўражанне, што аўтар не ведае, чым скончыць пачаты сказ. Ці ўяўляў ён канец гэтага рамана? Відаць, не.

У Казько мы бачым, як у канцы кнігі героі раптам прыходзяць да ідыліі, вяртаюцца на Бацькаўшчыну. Але ў кнізе ёсць і яшчэ адзін фінал: героі нечакана, паўтараючы шлях аўтара, становяцца ўдзельнікамі‑дэлегатамі пасяджэння ААН. Сутыкаюцца з зусім іншым светам, да якога адносяцца вельмі скептычна.

І ў гэтым мы пазнаём беларуса‑палешука, які не верыць не толькі сваім землякам, а ён і самому сабе не верыць. Слова, вымаўленае раптам аказваецца вялікай хлуснёю. Адносіны Віктара Казько да слова менавіта такія. Ён прамаўляе слова і тут жа адчувае неабходнасць яго ўдакладніць, аспрэчыць, выказаць нешта супрацьлеглае. Адсюль і складанасць яго прозы.

«Бунт незапатрабаванага праху» не з тых раманаў, якія людзі адразу кідаюцца чытаць. Калі згадаць Маркеса, папулярнасць яго рамана «Восень патрыярха» была надзвычайнай. Але ён надта цяжка чытаецца. Я, напрыклад, недзе на палове кінуў.

Уражанне было такое, што ўсё ідзе па колу. Гэта прымушала пакутаваць.

Сучасны чытач у пагоні за легкаважным чытвом свядома адштурхоўвае ад сябе кнігі, якія прымушаюць думаць. Найперш пра самога сябе.

Віктар Казько з тых, хто вядзе свой карабель не на мяльчак, а на глыбіню чалавечай думкі.

Адказ на пытанне «Што такое літаратура?» вядомы даўно — мысленне вобразамі. Дык большасць пісьменнікаў акцэнт робіць на слове «вобразы», а Казько важна зрабіць націск на слове «мысленне».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?