Літоўская генпракуратура атрымала адказ з генпракуратуры Беларусі на просьбу аб выдачы генерала Уладзіміра Усхопчыка.

У адказе Генеральнай пракуратуры сказана, што Літве не будзе аказана дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў адносінах падазраваных Уладзіміра Усхопчыка і Станіслава Юанене ў Беларусь быў накіраваны восенню 2009 года.

«Адмоўны адказ Беларусі не зменіць нашу юрыдычную ацэнку: тое, што было здзейснена ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды - гэта злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕЗ», — цытуе ru.DELFI.lt словы літоўскага пракурора Альгімантаса Клюнкі.

Паводле Клюнкі, беларуская генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю: учынкі падазраваных яна ацэньвае згодна з законам, што дзейнічаў у той час — законам СССР — як імкненне абараніць канстытуцыйны строй той дзяржавы і яго тэрытарыяльную цэласнасць, з гэтай прычыны і не можа аказаць прававую дапамогу.

Акрамя таго, паводле дамовы аб прававой дапамозе паміж Літвой і Беларуссю, экстрадыцыя беларускіх грамадзян або працэсуальныя дзеянні ў адносінах да іх немагчымыя.

«Выкананне просьбы Літвы па гэтай справе супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь», - сказана ў лісце.

Генпракуратура нагадвае, што справа аб падзеях 13 студзеня скончана і перададзена ў суд 19 чэрвеня 1996 года. Па гэтай справе былі абвешачаны прысуды Міколасу Буракявічусу, Юозасу Ермалавічусу, Юозасу Куалялісу, Лявонасу Барташавічусу, Станісловасу Міцкявічусу і Яраславу Пракаповічу. 19 лютага 2008 года Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне адхіліць заяву Буракявічуса і іншых абвінавачаных па гэтай справе і канстатаваў, што літоўская пракуратура і суд належным чынам ужылі ўсе прававыя нормы і падчас працэсу не парушылі правоў чалавека.

У часе змагання за аднаўленне незалежнасці Літвы войскі пад кіраўніцтвам генерала Ўсхопчыка захапілі віленскую тэлевежу. Пры гэтым 16 дэманстрантаў загінулі. Рабілася тое на просьбу «работніцка-сялянскага ўрада Літвы», на чале з Буракявічусам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?