24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям’я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста.

Як усё чалавецтва калісьці чакала прыйсця Збаўцы, так заўсёды святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт ‑ час падрыхтоўкі, час навяртання сэрцаў, час радаснага чакання. Яго завяршае менавіта гэтая вігілійная вячэра. Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў гэты вечар спалучаныя са строгім пастом: сярод страваў, якія знаходзяцца на стале, толькі посныя стравы.

У тым, што датычыць стала, у свеце і нават у нашай невялікай краіне, існуе шмат розных традыцый і звычаяў. Але ўсе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай ‑ прэсным белым хлебам, загадзя асвячаным у касцёле. Аплатка ‑ гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе эўхарыстычным.

Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям’і, пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пры гэтым трэба падзяліцца аплаткай з кожным, хто ў гэты вечар знаходзіцца за адным сталом.

Пасля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у касцёл. Апрача штогадовага адзначэння пасхальнай таямніцы няма нічога больш старажытнага ў Касцёле, чым цэлебрацыя ўспаміну Нараджэння Пана і Яго першых аб’яўленняў. Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка ‑ ад лацінскага слова pastor (пастух) ‑ бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі ‑ іх жывёла.

Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд Божага Нараджэння: у найбольш заўважным месцы падрыхтаваныя яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца Яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене ‑ вол з вослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі...

Вігілія

Гэтае слова мае паходжанне ад лацінскага «vigiliare» і азначае начное чуванне. У каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад Божым Нараджэннем. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі.

Як толькі на небе загарыцца першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца да стала. Памаліўшыся, усе дзеляцца паміж сабой аплаткам і гавораць прыгожыя пажаданні. Пасля гэтага распачынаецца вігілійная вячэра, якую яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы, але гэта не азначае, што яны могуць быць нясмачныя. Наадварот, у гэты вечар усё смачна, а за сталом пануе вясёлы, узбуджаны настрой. Не забудзьце пакінуць за сталом адно свабоднае месца на той выпадак, калі раптам да вас з’явіцца нечаканы госць, альбо на ўспамін пра таго, каго няма з вамі сёння.

Павячэралі? Цяпер самы час заспяваць калядкі, тыя, якія ўсе ведаюць і любяць. Да Пастэркі ў касцёле яшчэ застаецца крыху часу? Ну, вядома ж, цяпер можна зазірнуць пад калядную елачку і, магчыма, знайсці там для сябе падарунак. Радуемся! Весялімся! Імкнемся зрабіць штосьці прыемнае іншым!

Аплаткі

Па‑лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткам пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.

Белы абрус

Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.

Сена

Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.

Святочная елка

Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Елка ставіцца ў нашых дамах у дзень, прысвечаны Адаму і Еве, і нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця.

Калядкі

Ну, хто не любіць спяваць гэтыя прыгожыя, вясёлыя песні? Дарэчы, іх не пачуеш у нейкі іншы перыяд года, напрыклад, летам. Гэта было б смешна, праўда? Тым часам, каля святочнай елкі альбо ў касцёле пры яслях, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, гэтыя песні проста неабходныя! Назва ж калядак паходзіць ад лацінскага «calendae» (у старажытным Рыме так называўся першы дзень кожнага месяца).

Падарункі

Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Вось, аказваецца, адкуль бярэ пачатак звычай рабіць адзін аднаму падарункі ў ноч Божага Нараджэння!

24 сьнежня ў Менску ўдзень чакаецца +4 цяпла. На сьвята Божага Нараджэньня (панядзелак) тэмпэратура панізіцца да 0 градусаў і пойдзе сьнег. Прымаўка кажа: калі каталіцкія Каляды ў водзе, праваслаўныя будуць у лёдзе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
aksanad / Адказаць
23.12.2006 / 00:10
25 cнежня нараджэнне Хрыста святкуюць таксама праваслаўныя (Грэцыя, Румынія і г.д.).
0
Харэўскі / Адказаць
23.12.2006 / 18:03
І ўсе пратэстанты! Увесь сьвет, за выняткам асецінаў, коптаў, расейцаў, эфіёпаў etc.
0
Патрыёт / Адказаць
24.12.2006 / 13:00
Аплатка - гэта толькі польскі звычай, нам не трэба чужога!!!!
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру