Ананімная паэма пабіла рэкорды папулярнасьці ў беларускім Інтэрнэце. Прычыны гэтага аналізуе Алесь Кудрыцкі.

Надоечы мой бацька папрасіў мяне скінуць яму на дыскету новую «паэму пра Пазьняка». Маўляў, сябра распавёў, што ходзіць у Інтэрнэце такі твор, цікава было б зірнуць. «Ну вось табе і маеш, — падумалася. — Зьвесткі пра «Зянон‑хоп» перакрочылі віртуальныя межы Інтэрнэту». Дык што гэта за чарговая ананімная паэма, і чаму яна раптам прыцягнула да сябе так шмат увагі?

Зьмест

Даведка:Кокс — слэнгавая назва какаіну

Верш «Зянон‑хоп» зьявіўся 3 студзеня на адным з інтэрнэт‑дзёньнікаў (ці, як іх яшчэ называюць, блогаў) сыстэмы «лайвджорнал». Аўтар хаваецца за псэўданім pod_koksom. Зьмест такі: Зянон Пазьняк вяртаецца ў Беларусь, ладзіць «разборку» з апазыцыйным істэблішмэнтам ды ўздымае народныя масы на пасьпяховую барацьбу з рэжымам. Заканчваецца ўсё перамогай ды танкамі, якія ідуць з Маладэчна на Вільню. Вось, збольшага, і ўсё.

Тэкст напісаны ў стылі рэп‑сьпеву, перасыпаны абразамі ды нецэнзурнай лаянкай. Мова — расейская, з асобнымі беларускамоўнымі ўстаўкамі, плюс маленечкая страфа на прымітызаваным ангельскім «рэпавым» слэнгу.

Ці варта аналізаваць?

Лёгка прадбачыць папрокі, якія зараз пасыплюцца на адрас «Нашай Нівы»: маўляў, газэта корпаецца ва ўсялякім лайне. І сапраўды, паводле мастацкіх якасьцяў «Зянон‑хоп» і побач не стаіць, скажам, зь вершамі, якія можна знайсьці на паэтычнай старонцы «НН» (не забываймася — 2007 год, год 125‑годзьдзя Коласа й Купалы, газэта абвесьціла Годам паэзіі).

Акрамя гэтага, паўстае пытаньне — ці этычна друкаваць у адным выданьні «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца і аналіз ананімнай песенькі, дзе Павал выстаўляецца на сьмех найперш як вязень — пры гэтым аўтар «паэмы» яўна ня губіць сваё здароўе на катарзе, у адрозьненьне ад таго, з каго ён «прыкалваецца». Ня кажучы ўжо пра тое, што твор гэты абразьлівы і для іншых вядомых і паважаных многімі нашымі чытачамі асобаў.

Усё гэта так. І менавіта таму мэта гэтага артыкулу — не абсмоктваць тэкст «Зянон‑хопу», а паспрабаваць зразумець, чаму такі твор увогуле зьявіўся і чаму ён атрымаў такі розгалас. Дарэчы, «паэмай» зачапіла і нас: ананімны аўтар вынес у эпіграф перакручаную цытату з «Нашай Нівы».

Розгалас

Верш справакаваў бурныя дыскусіі, шэраг імітацыяў, перакладаў ды працягаў

Неўзабаве колькасьць камэнтароў на сайце з паэмай пераваліла за другую сотню. Верш справакаваў бурныя дыскусіі на іншых інтэрнэт‑дзёньніках, а таксама цэлы шэраг імітацыяў, перакладаў ды працягаў (ніводзін зь якіх, варта адзначыць, і блізка не дасягнуў арыгіналу ў папулярнасьці). Паводле пашуковай сыстэмы Yandex, інтэрнэт‑дзёньнік pod_koksom выйшаў на адно зь першых месцаў па наведваньні сярод усіх расейскамоўных блогаў. На пачатку гэтага тыдня аўтар выдаліў тэкст паэмы, замяніўшы яе ня менш правакатыўнай фразай «Зьліў залічаны», а потым і зусім зачыніў свой блог.

Аўтар

Тэкст «Зянон‑хопу» напісаны па‑расейску, але многае выдае ў аўтары ня толькі чалавека, абазнанага ў справах беларускага бамонду, але і ўважлівага чытача «Нашай Нівы» ды іншых незалежных выданьняў. Ён умела ўкручвае ў тэкст выразы «на мове» — відаць, мог бы напісаць і па‑беларуску, калі б захацеў. Дарэчы, pod_koksom адсочвае ўсе камэнтары ды раўніва рэагуе найперш на тую крытыку, якая датычыць літаратурных якасьцяў яго твору.

Тэкст «паэмы» прызначаны «для ўнутранага карыстаньня» — жарты, закадаваныя ў ім, сьмешныя толькі тым, хто добра разьбіраецца ў жыцьці палітычнай «тусоўкі». Верш нібыта і напісаны «зьніжанай» мовай, але «просты пацан з раёну» палічыць яго за незразумелую лухту. Такім чынам, стыль тэксту – «хіп‑хоп‑мацяршчына ад хлопца з гарадзкой ускраіны» – абраны наўмысна для эпатажу і дасягненьня гратэскавага эфэкту.

Чытачы

Сыстэма «лайвджорнал», дзе апошнім часам заводзяць свае дзёньнікі ня толькі закамплексаваныя маладзёны, але і знаныя беларускія літаратары, інтэлектуалы ды палітыкі – лякмусавая паперка для патаемных думак творчай часткі беларускага незалежнага грамадзтва. Большасьць карыстальнікаў пішуць ды дыскутуюць у дзёньніках ананімна, а таму дазваляюць сабе выказваць тое, што яны наўрад ці сказалі б у асабістай размове. Што ў цьвярозага ў галаве, то ў блогера на маніторы.

Яны ніколі ня бачылі Зянона Пазьняка жыўцом, для іх ён віртуальная асоба, усё што яны ведаюць пра яго — гэта міт.

«Брыдка, але сьмешна» — такі ляйтматыў многіх камэнтароў да «Зянон‑хопу». Тых, хто ўспрымае паэму блізка да сэрца — меншасьць. Парадаксальна, але факт: вершык прыцягнуў увагу людзей з самымі процілеглымі поглядамі. Самую вялікую групу тых, каму ён спадабаўся, можна акрэсьліць як «моладзь новай хвалі». Яны трымаюцца прагрэсіўных палітычных ідэалаў, але расчараваныя ў палітычных аўтарытэтах. Яны ніколі ня бачылі Зянона Пазьняка жыўцом, для іх ён віртуальная асоба, усё што яны ведаюць пра яго — гэта міт. Сьмеючыся з гэтага міту, «новая моладзь» спрабуе вырвацца з ідэалягічнага гета, у якое агулам заганяецца ўсё беларускае. Маўляў, «мы можам размаўляць па‑беларуску і разам з тым сьмяяцца з радыкальнага нацыяналізму».

Зачытваюцца паэмай і на іншым полюсе — сярод людзей, чыю пазыцыю можна акрэсьліць гэтак: «закалябалі гэтыя беларусы са сваімі мяккімі знакамі, Вільнямі ды беларускімі мовамі». Для гэтых беларусафобаў лаянка pod_koksom — нібы бальзам для душы. Менавіта таму існуе спакуса пабачыць у аўтары «Зянон‑хопу» правакатара. Частка ўдзельнікаў дыскусіяў рэзка адмаўляе гэты тэкст, бо непакоіцца, што сьмяючыся ў такі танны спосаб мы можам падарваць давер да нацыянальнай ідэі.

Сьцёб як катарсіс

На верш можна зірнуць яшчэ і пад зусім іншым ракурсам. Той, хто яго перачытвае, ня можа не заўважыць, зь якім смакам аўтар выпісвае батальныя карціны пераможнага змаганьня за «новы парадак». Гэта ўжо нават ня сьцёб, а сцэнар для блакбастэра. Менавіта гэтыя кавалкі з найбольшай асалодай цытуюцца чытачамі. Варта меркаваць, аўтар падарыў многім зь іх рэдкае задавальненьне, увасобіўшы ў словах чытацкія мроі пра сакрушальную перамогу на ўсіх франтах. «Эка пісаў «Ківач Фуко» менавіта як сьцёб наконт кансьпіралёгіі, але маса людзей ўспрыняла гэта як апалёгію, — праводзіць паралель адзін з чытачоў вершу пад мянушкай drak_hamster. — У нас народ суворы, жартаў не разумее». Хоць і пасьмейваючыся з гратэскавай нерэальнасьці апісаных у вершы падзеяў, многія чытачы, несумнеўна, наталяюць зь яго дапамогай сваю падсьвядомую тугу па беларускім «Супэрмэне».

Страшны сьмех

«Зянон‑хоп» – гэта сьцёб, яго мэта прымітыўная — сьмех дзеля сьмеху. Можна колькі заўгодна злавацца на ягонага аўтара, але факт застаецца фактам: pod_koksom, а разам зь ім і мноства чытачоў, хоць і бястактна ды палітнекарэктна, але пасьмяяліся ня проста з асобнага палітыка, а з усёй апазыцыі. Узносіць аўтара «Зянон‑хопу» на Парнас — значыцца ісьці насуперак здароваму глузду ды добраму густу. Аднак папулярнасьць сьцёбу сьведчыць пра тое, што ў грамадзтве высьпявае патрэба чытаць і сапраўдную сатыру. Між тым, звышмэта сатыры — абуджаць да крытычнага пераасэнсаваньня праблемаў.

Мы ўжо даўно не баімся крытыкаваць уладу. А вось крытыкаваць сваіх мы яшчэ не навучыліся

Працуючы журналістам, пачынаеш лавіць сябе на думцы: нягледзячы на рэпрэсіі, мы ўжо даўно не баімся крытыкаваць уладу. А вось крытыкаваць сваіх мы яшчэ не навучыліся, увесь час вагаемся — абы не нашкодзіць. Мы лічым за справу гонару казаць у твар рэжыму тое, што мы пра яго думаем. Але ці здольныя мы рабіць тое самае ў адносінах да апазыцыі? Ці ў стане мы, журналісты, ствараць такую сатыру? Ці не баімся мы пасьмяяцца з апазыцыі — не абразьліва, а з густам? І ці гатовая апазыцыя пасьмяяцца сама зь сябе? Так, сьмех бывае брудным. Але сьмех можа таксама прынесьці ачышчэньне.

Такім чынам, пажадаем сур’ёзным палітыкам пачуцьця гумару, а аматарам парагатаць — разважлівасьці. Сьцёб сьцёбам, але ён не павінен тлуміць розум. Добра сьмяецца той, хто разумее, над чым сьмяецца — у адваротным выпадку ёсьць рызыка выставіць на сьмех самога сябе ў сур’ёзнай размове. Пазьдзекаваліся зь Зянона? Пачытайце цяпер яго артыкулы. Напішыце яму ліст. Пасьмяяліся з апазыцыйных лідэраў? Схадзіце зь імі на сустрэчу ды выкажыце свае прэтэнзіі. Інакш мы з вамі папросту змарнавалі час, паперу ды інтэрнэт‑трафік.

Алесь Кудрыцкі

Які час, такія і паэмы.

У ХІХ стагодзьдзі – «Тарас на Парнасе». Пад савецкім панаваньнем – «Сказ пра Лысую гару». У 1990‑я – «Лука Мудзішчаў прэзыдэнт». Кожная з ананімных паэмаў несла адбітак свайго часу. Русіфікацыя на дварэ, і «Зянон‑хоп» напісаны па‑расейску. Нецэнзуршчына на дварэ, бесцэнзурнасьць Нэту, і паэма сплывае матамі. На экранах фільмы Гая Рычы, і ў паэме цякуць рэкі крыві. Трэш. Які час, такія і паэмы.

МБ

Марыйка Мартысевіч: «Якая краіна, такі і «медвед». Гэта хіп‑хоп, значыцца, той, хто стварае такія творы, адказвае на балючыя праблемы нейкай закрытай тусоўкі. Нэгры Гарлема сьпяваюць пра расізм, піцерскі гурт «Кач» высьмейвае новых маскоўскіх япі, шоў‑бізнэс. Беларусы пішуць тэксты на тэму, якая актуальная ў маленькай беларускай пясочніцы. Гэта сьцёб. І ня сам тэкст, а чытацкая рэакцыя на яго была вельмі сьмешная. Усе гэтыя насьледваньні «Зянон‑хопу» былі значна горшыя за арыгінал. Яны ўсе імкнуліся выправіць тыя «памылкі», якія былі ў тэксьце – то бок, расейскую мову і мат. Атрымліваліся тупыя нецікавыя агіткі».

Адам Глёбус: «Гэта інтэрнэт‑графаманія, больш нічога. Бяздарнасьць. Гэта ілюзія, што паэма папулярная».

Аляксандар Фядута (цытата зь дзёньніку feduta.livejournal.com): «Нічога, акрамя амярзеньня, гэтыя вершыкі ў чалавека з густам выклікаць ня здольныя. Гэта альбо правакацыя, альбо праца дурня. Я не прымаю тэксту ... які сьвядома пераходзіць пэўныя межы. Пры гэтым я не кажу, што гэтыя межы абавязковыя ДЛЯ ЯГО. Я кажу, што яны абавязковыя ДЛЯ МЯНЕ».

У застаўцы выкарыстаны каляж з суполкі minsk_by.