Падатковая інспекцыя Партызанскага раёна Мінска накіравала іск у суд аб спагнанні з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча больш як 37 млн. рублёў нібыта ўтоенага падатку, паведаміў калега Стэфановіча Уладзімір Лабковіч.

Паводле яго слоў, падатковая інспекцыя пастанавіла спагнаць са Стэфановіча 31,5 млн рублёў падатку, а таксама 6 млн. рублёў пені. Падаткавікі накіравалі ў суд Партызанскага раёна іск аб спагнанні гэтых грошай у сувязі з іх няўплатай у добраахвотным парадку. Дата пасяджэння суда пакуль не прызначаная.

Як адзначыў Лабковіч, адпаведная сума нібыта не выплачаных Стэфановічам падаткаў разлічана з яго замежных рахункаў, інфармацыя пра якія была перададзеная ў Беларусь з Літвы і Польшчы. «Сам Стэфановіч заяўляе пра сваю нязгоду з выстаўленымі прэтэнзіямі Міністэрства па падатках і зборах. Сродкі на яго рахунках не з’яўляюцца яго даходам і адпаведна не падлягаюць падаткаабкладанню. Розныя фонды дасылалі гэтыя грошы на яго асабісты рахунак выключна на праваабарончую дзейнасць, у тым ліку для перадачы трэцім асобам у якасці дапамогі», — сказаў Лабковіч.

«Справаздачы па выкарыстанні сродкаў былі накіраваныя фондам. Ніякіх прэтэнзій з іх боку да нас няма. А што да асабістых даходаў Стэфановіча, то ён штогод выплачваў падатак, запаўняў дэкларацыю аб даходах. Таму ён лічыць, што гэтыя грошы не павінны падлягаць падаткаабкладанню», — сказаў Лабковіч.

Ён таксама паведаміў, што Стэфановіч не мае намеру хавацца ад суда і плануе прадставіць у судзе адпаведныя доказы ад саміх фондаў. Цяпер праваабаронца вымушаны знаходзіцца за межамі Беларусі, бо чакаецца шэраг важных сустрэч, у тым ліку па справе арыштаванага Алеся Бяляцкага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?