21 студзеня беларускі КГБ недалічыўся аднаго інфарматара ‑‑ 20‑гадовы Ўладзіслаў Міхайлаў на сваім інтэрнэт‑дзёньніку прызнаўся ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі і паведаміў пра сваё рашэньне спыніць зь імі кантакты. Сёньня польскі «Tygodnik powszechny» зьмясьціў вялікае інтэрвію з Уладзіславам.

Паводле словаў Уладзіслава, ад пачатку 2006 г. ён супрацоўнічаў з КГБ пад мянушкай «Вэктар». У той час ён навучаўся ў Гомельскім унівэрсытэце. Па словах юнака, «начальства» ўсяляк на яго ціснула, патрабавала даваць зьвесткі пра актывістаў незалежнага грамадзтва Гомельшчыны. У выніку «Вэктар» вырашыў зьехаць на вучобу ў Польшчу па праграме імя Кастуся Каліноўскага. «У праграму Каліноўскага я ня быў неяк засланы, ‑‑ піша Ўладзіслаў. – Гэта было маё рашэньне. Гэта была спроба неяк сысьці ад КГБ, і ад падвойнай, а то й патройнай гульні…»

Спэцслужбы не давалі спакою хлопцу і ў Польшчы, патрабуючы інфармацыі пра стыпэндыятаў‑каліноўцаў, у тым ліку пра сына Мілінкевіча. Паводле Ўладзіслава, самавыкрыцьцё – гэта адчайная спроба выйсьці зь цяжкога псыхалягічнага стану, у якім ён апынуўся.

Рэакцыя на акцыю Ўладзіслава кантрасная – ад «малайчына» да «падла прадажная». Найбольш злуюцца тыя, хто змушаны быў прасіць палітычнага прытулку за мяжой. Цікава сачыць за камэнтарамі тых, хто ведаў Уладзіслава яшчэ па ягонай дзейнасьці ў гомельскіх незалежных структурах. Як выясьняецца, там даўно мелі падозраньні, што хлопец гуляе нячыста, і ў дзёньніку абмежавалі яго доступ да важнай інфармацыі .

З аднаго боку, допіс глядзіцца досыць шчыра. «Вэктар» папрасіў прабачэньня за тое, што ён рабіў, а таксама выказаў упэўненасьць, што не пасьпеў нікому нарабіць вялікай шкоды.

Зь іншага боку, шчырае прызнаньне мусіла б даць празрыстыя адказы на пытаньні «хто, што, дзе, калі». Але допіс Уладзіслава ў жывым журнале пакідае болей пытаньняў, чым адказаў. Гэтак, зусім не зразумела, што экс‑«Вэктар» мае на ўвазе пад «падвойнай, а то й патройнай гульнёй». Застаецца чакаць паабяцанага больш падрабязнага расповеду.

Алесь Кудрыцкі

Гутарка з Уладзіславам Міхайлавым.

– Якім чынам ты зацікавіўся палітыкай?

– Я заўсёды глядзеў інфармацыйныя перадачы. Цікавіўся тым, што адбывалася ў краіне. У ліцэі я пазнаёміўся з актывісткай «Зубра» і далучыўся. Па‑сапраўднаму я пачаў займацца палітыкай у 2004 г., зьбіраючы подпісы за кандыдатаў у дэпутаты i раздаючы ўлёткі. Уступіў у АГП. Пад уплывам знаёмых я стварыў інтэрнэт‑старонку www.studgomel.com, якая пачала сваю працу ў траўні 2005 г. Яна не задумвалася як апазыцыйны праект, але з часам я стаў зьмяшчаць там штораз болей палітычнай інфармацыі.

– Ці разумеў ты, што праз гэтую дзейнасьць ты можаш мець праблемы?

– Я ведаў, што робіць КДБ, але не зьвяртаў на гэта ўвагі. 9 траўня 2005 г. я прымаў удзел у акцыі апазыцыі. Пасьля я пачуў, што менавіта тады КДБ зьвярнула на мяне ўвагу.

– Калі ўпершыню яны з Табой сустрэліся?

– Летам 2005 г., калі скончылася сэсія ў Гомельскім унівэрсытэце, дзе я навучаўся. Усе студэнты II курсу мусілі прыйсьці ў дэканат, каб пачуць: «віншую, вы пераведзеныя на III курс». Калі я ўвайшоў у кабінэт дэкана, ён сказаў, што я «даіграўся», i загадаў прыйсьці апошнім. Калі прыйшла мая чарга, са мной увайшоў яшчэ малады мужчына. У кабінэце дэкан спытаўся, чым я займаюся. Адказаў, што нічым. Ён на гэта сказаў, што я ж належу да АГП, што ўжо чуў пра мяне і таму пэўныя асобы жадаюць сустрэцца са мной. Я адказаў, што не хачу ні з кім сустракацца. Дэкан пачаў пагражаць выключэньнем з унівэрсытэту. Пасьля гэтай размовы мне шмат разоў тэлефанавалі з дэканату.

Спатканьне адбылося ў кабінэце намесьніка дэкана. Чакаў там мяне гэты самы малады чалавек

.

– Ці ты каму‑небудзь расказваў пра гэта?

– Бацькам. Таксама прыйшоў з гэтым у офіс партыі.

– І што ты пачуў?

– Бацькі сказалі, што сам павінен разьбірацца. Яны палітыкай не цікавяцца. Пасьля яшчэ пыталіся пра гэта, аднак я ўжо нічога не казаў. У партыі сказалі, што ўласна магу пайсьці і даведацца, пра што гаворка. Але што гэта мой выбар.

Спатканьне адбылося ў кабінэце намесьніка дэкана. Чакаў там мяне гэты самы малады чалавек. Мы гутарылі на розныя тэмы. Ані слова пра палітыку. Я пачуў, што я талковы студэнт і таму дэкан прапанаваў мяне для супрацоўніцтва. Гэты чалавек прадставіўся Аляксеем, сказаў, што зьяўляецца супрацоўнікам Антыкарупцыйнага ўпраўленьня i адсочвае карумпаваных выкладчыкаў. Ён пытаўся пра рэктара і выкладчыкаў. Я адказаў, што мне не знаёмыя выпадкі карупцыі. Тады пачалася гутарка пра жыцьцё. Ён даў мне свой нумар працоўнага тэлефона. Сказаў, што хацеў бы яшчэ са мной сустрэцца. Я пагадзіўся.

– Чаму?

– Пераканаўся, што не цікавіць іх мая дзейнасьць. Па‑другое, ва ўнівэрсытэце праблема карупцыі сапраўды існавала i я не любіў рэктара... Мы спаткаліся колькі дзён пазьней у гатэлі «Сож». Там ён мне даў нумар свайго мабільніка. У пакой, дзе мы размаўлялі, увайшоў яшчэ адзін чалавек, гадоў пяцідзесяці. Яны сталі разам на мяне ціснуць. Казалі, што я належу да апазыцыйнай партыі, маю старонку ў Інтэрнэце і атрымліваю грошы ад амэрыканцаў. Урэшце, проста прапанавалі супрацоўніцтва.

– Што іх цікавіла?

– Яны хацелі атрымаць інфармацыю пра журналістаў «Свабоды», якія працавалі ў нас у горадзе, а таксама сьпіс кантактаў моладзевых арганізацыяў альбо тых, хто робіць інтэрнэт‑старонкі.

Я сказаў, што не жадаў бы гэтым займацца, i ня ведаю, чаму стаўся аб’ектам iх зацікаўленьня. Гэта было яшчэ летам i ўсе гомельскія апазыцыянэры былі на вакацыях. Не было да каго пайсьці і прапрасіць дапамогі. Паьля гэтай размовы зноў былі званкі. Гэты чалавек зноў хацеў сустрэцца са мной. Мы сустрэліся ў сквэрыку недалёка ад майго дому. Зноўку былі пытаньні пра маю старонку, пра тое, колькі і ад каго я атрымліваю грошы. Ён ня верыў, што працую бясплатна. Таксама выпытваў пра АГП, чаму я дзейнічаю ў гэтай партыі.

Праз тры дні зноў патэлефанаваў. Казаў сваё, а я сваё. Я пытаўся, чаго ён хоча. Сказаў, што я працую ў арганізацыях, што спансаруюцца заходнімі разьведкамі. Тлумачыў, што ўся апазыцыя прадалася Захаду. Пераконваў, што нас аб’ядноўвае супольная справа, што гаворка тут пра краіну. Зноў яго цікавілі мае выкладчыкі.

– Што канкрэтна?

– КДБ хацеў, каб я ў нечым абвінаваціў рэктара. Ён шукаў на яго кампрамат. Пасьля яшчэ раз я сустрэўся з гэтым чалавекам. Я сказаў яму, што гэтыя нашыя размовы ня маюць сэнсу. Што ён задае адны і тыя ж пытаньні. На нейкі час яны пакінулі мяне ў спакоі, а я жыў сваім жыцьцём. Браў удзел у акцыях апазыцыі, мая старонка рабілася ўсё больш папулярнай. Аднак я ня мог паверыць, што яны перасталі мной цікавіцца, і пачаў падазраваць сваіх знаёмых, што цяпер яны за мной цікуюць.

Пэўным днём, гэта было ў верасьні альбо кастрычніку 2005 г., я выходзіў зь сябрам з унівэрсытэту. Гэты малады агент ішоў з супрацьлеглага боку. Я перасьцярог сябра і папрасіў, каб той мяне пакінуў. Агент мяне перайшоў, ён хацеў паразмаўляць. Сьцьвярджаў, што яму ўжо надакучыла гэтая сытуацыя, што ён марнуе на мяне час, i расказаў свайму начальніку, як я сябе паводжу. Што вяду зь ім нейкую гульню: прыходжу на спатканьні, але не кажу нічога канкрэтнага.

– Ці шантажаваў ён Цябе тады?

– Ён сказаў, што ранейшыя спатканьні запісваліся на стужку і што апазыцыя атрымае гэтыя запісы. Ён таксама сказаў, што ведае, што на маёй старонцы ў Інтэрнэце ёсьць сатырычныя фільмы пра прэзыдэнта, якія стварыла арганізацыя «Трэці шлях». Папалохаў мяне, што праз гэтыя фільмы завядуць на мяне крымінальную справу, выкінуць з унівэрсытэту, а маіх бацькоў ‑‑ з працы.

– Як ты адрэагаваў?

– Я сказаў, што падумаю. Ён адказаў, што няма чаго думаць, трэба выбіраць. Я рашуча адмовіўся супрацоўнічаць.

– І што ён на гэта?

Я вельмі баяўся

– Сьцьвердзіў, што я сам выбіраю шлях, на які ступаю, і што я дайграюся. У той самы час некаторыя выкладчыкі далі мне зразумець, што на іх ціснуць, каб яны завалілі мяне падчас сэсіі. Мяне часта выклікаў дэкан і казаў, каб я падумаў, што я раблю, што ва ўнівэрсытэце дзейнічае апазыцыя, мэта якой ‑‑ арганізацыя рэвалюцыі. У цэлым гэтыя размовы з дэканам выглядалі таксама, як з кагэбістамі. У сярэдзіне сьнежня 2005 г. мяне выклікаў рэктар, бо я раздаваў ува ўнівэрсытэце значкі «За Беларусь». Ён казаў, што я ў жыцьці ня бачу нічога добрага. Што ў мяне на старонцы бруд, што ўцягваю маладых людзей у антыдзяржаўныя акцыі.

Відаць, я зрабіўся праблемай для ўсяго ўнівэрсытэту. Да мяне дайшла інфармацыя, што на пачатку прэзыдэнцкай кампаніі мэр гораду склікаў усіх рэктараў і перасьцерагаў ад рэвалюцыі. Як быццам, ён назваў маё прозьвішча, а КДБ выставіў ультыматум: альбо мяне выкінуць з унівэрсытэту, альбо зь яго вылеціць рэктар. У мяне пачаліся праблемы з вучобай. Праваліў два іспыты. Было цяжка, я перастаў хадзіць на заняткі. Лекар, які аглядаў мяне, сьцьвердзіў, што ў мяне сымптомы нэўрозу. Я задумваўся, што рабіць. Такім чынам я патэлефанаваў гэтаму супрацоўніку спэцслужбаў і спытаўся, навошта яны ўсё гэта зрабілі.

– І што той сказаў?

– Што я сам вінаваты. Ён жа папярэджваў і прапаноўваў нармальнае супрацоўніцтва, а я паводзіў сябе неналежным чынам, бо расказаў пра спатканьні з КДБ сябрам. Ён сьцьвердзіў, што раз я патэлефанаваў, то значыць, што я гатовы да супрацоўніцтва. Я адказаў, што так.

– Калі гэта было?

– Гэта было на пачатку 2006 г. Ён прыйшоў на гэтую сустрэчу выпіўшы. Было непрыемна. Пагражаў, што ня толькі мяне выкінуць з унівэрсытэту, але і мае бацькі страцяць працу. Я спытаўся, чаго яны хочуць і калі хочуць выкінуць мяне з унівэрсытэту, дык няхай робяць гэта цяпер. Я баяўся. Гэта была для мяне крытычная сытуацыя. Я пачуў, што ў такім выпадку рэпрэсіі супраць мяне скончацца. Гэты чалавек перасьцярог мяне, што калі думаю, што буду зь імі гуляць, дык яны мяне зьнішчаць. Пасьля ён пералічыў прозьвішчы тых, хто яго цікавіў. Дапытваўся, у якіх яны арганізацыях i што магу пра іх сказаць. Гаворка ішла пра дзеячоў АГП, пра тое, што кажуць на сходах партыі. Я ўжо працаваў у штабе Аляксандра Мілінкевіча. На маёй інтэрнэт‑старонцы было інтэрвію зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам і Мілінкевічам. Гэта яго цікавіла.

– Ці твае праблемы ўва ўнівэрсытэце сапраўды скончыліся?

– Патэлефанаваў мне ўначы. Сказаў, што вырашыў мае справы ўва ўнівэрсытэце і цяпер я мушу старанна вучыцца, тады здам сэсію. Пагражаў, што калі пачну нешта камбінаваць, дык дрэнна скончу.

– Тады ты таксама не спрабаваў шукаць дапамогі ў апазыцыі?

– Ня верыў, што калі мяне выкінуць з унівэрсытэту, дачакаюся дапамогі. Размаўляў з Васілём Паляковым – актывістам АГП. Ён параіў, каб у лісьце кіраўніку КДБ апісаў, як супрацоўнікі службаў перавышаюць свае кампэтэнцыі, і выслаў копію ў пракуратуру. Але пасьля мы палічылі, што гэта не дапаможа.

– Ці перадаваў ты КДБ нейкія матэрыялы?

– Раз было так, што мне патэлефанаваў сябра з штабу і прапрасіў сустрэцца. Даў мне ўлёткі. Адразу ж пасьля гэтага патэлефанавалі з КДБ, хацелі са мной сустрэцца, і я прынёс ім гэтыя ўлёткі. У хуткім часе Аляксей перадаў мяне чарговаму супрацоўніку КДБ.

– Як выглядала гэтая «перадача»?

– Гэта было на вуліцы. Калі я ўбачыў свайго агента, я мусіў ісьці за ім на адлегласьці пяцідзесяці мэтраў. I тады ён паказаў на чалавека, за якім я мусіў ісьці. Увесь час я павінен быў трымаць гэтую дыстанцыю, пакуль стары агент не аддаліўся.

Новы супрацоўнік КДБ пераконваў, што ў КДБ таксама ня ўсе «любяць» Лукашэнку і што хто б ні быў пры ўладзе, КДБ будзе заўсёды.

Новы супрацоўнік КДБ пераконваў, што ў КДБ таксама ня ўсе «любяць» Лукашэнку і што хто б ні быў пры ўладзе, Камітэт будзе заўсёды.

.

Падчас сустрэчаў ён пытаўся пра агульныя рэчы, вядомыя ўсім: якія ў Гомелі апазыцыйныя арганізацыі, хто там працуе, чым займаюцца і да т.п. Пытаўся, ці ведаю, ад каго і як гэтыя арганізацыі атрымліваюць грошы. Ня ведаў, бо ніколі не цікавіўся фінансавым бокам. Ён адказаў, што я разумны чалавек, але КДБ перахітрыць нельга. Ён загадаў пералічыць на паперы ўсе мне вядомыя арганізацыі і напісаць, што яны спансаруюцца Захадам і прыносяць шкоду нашай радзіме. Я зрабіў гэта.

– Ты называў нейкія прозьвішчы?

– Журналіста з радыё «Свабода» і апазыцыянэраў: Віктара Карніенку, Васіля Палякова, Уладзімера Кацору, Сяргея Сямёнава, Паўла Марозава. Я напісаў, што яны працуюць за амэрыканскія грошы, што падбухторваюць моладзь. Таксама я пералічыў назвы арганізацыяў, вядомых мне. Я ўжо ведаў, што зайшоў у тупік. Напісаў свой першы рапарт. Ён мне загадаў падпісацца псэўданімам «Вэктар». Яны выбралі мне гэты псэўданім.

– Ці быў нейкі дакумэнт, які ты падпісаў сваім імем і прозьвішчам?

– Заўсёды падпісваўся толькі псэўданімам. Гэты першы дакумэнт напісаны мной ад рукі.

Я не хацеў супрацоўнічаць, але адмова ўжо б азначала канец. Ва ўнівэрсытэце ў мяне зноў былі праблемы, бо частка выкладчыкаў празвала мяне «агентам замежных разьведак». Бо хаця я і супрацоўнічаў з КДБ, але працягваў займацца і апазыцыйнай дзейнасьцю. КДБ нават перастаў на мяне ціснуць, каб я ліквідаваў старонку. Думаю, што шмат хто з тых, каго я прыцягнуў да працы ў апазыцыі, цяпер завэрбаваныя КДБ, а мне здавалася, што чым больш людзей у апазыцыі, тым лепш.

– Дзе Ты сустракаўся з агентамі?

– Раз у парку. Часьцей за ўсё каля стадыёну, бо там спакойна. На ўсе сустрэчы агент КДБ альбо спазьняўся, альбо чакаў, пакуль не прыйду, і выходзіў з са сховішча.

Тады я быў раздвоеным чалавекам. Адзін дзень я раздаваў улёткі і зьбіраў подпісы з Мілінкевіча, а наступны размаўляў па тэлефоне з КДБ.

на чарговым спатканьні кэдэбіст даў мне 10 даляраў

– Чаго тычыліся гэтыя званкі?

– У мяне была дамоўленасьць з КДБ: калі ў мяне будуць праблемы, я мушу неадкладна паведамляць ім. На чарговым спатканьні кэдэбіст даў мне дзесяць даляраў, пераконваў, што я патраціў грошы, калі тэлефанаваў яму. Я расьпісаўся як «Вэктар».

– Табе часта плацілі за інфармацыю?

– Тры разы. Гэта было нібыта за тэлефонныя размовы. У рублях, эквівалент дзесяці даляраў.

– Ці выконваў Ты нейкія заданьні?

– Аднойчы ў Гомель прыехала амэрыканская дэлегацыя. Тры чалавекі, якія кантралявалі працу няўрадавых арганізацыяў ва ўсёй Беларусі. У KДБ мне сказалі, што ўпэўненыя: адзін з гэтых прыезджых з ЦРУ, i загадалі даведацца, пра што яны размаўлялі ў Гомелі. Іх сустрэча зь дзеячамі апазыцыі мела адбыцца ў будынку з тоўстымі сьценамі і, відаць, у нашых службаў не было магчымасьці іх падслухоўваць. На гэтай сустрэчы было толькі пяць чалавек з Гомеля, сярод іх Палякоў. Аднак я яго не дапытваўся пра гэта. Прызнаюся, што часам я пачынаў верыць КДБ, што ўся апазыцыя – гэта амэрыканскія шпіёны. Пасьля я задумваўся, што за глупства прыходзіць мне ў галаву.

– Як выглядала тады Твая апазыцыйная дзейнасьць?

– Перадусім інтэрнэт‑старонка. Калі зьбіралі подпісы за кандыдатуру Лукашэнкі, дэкан прыходзіў на заняткі і заяўляў, што калі нехта асьмеліцца не падпісацца, то няхай і ня марыць пра здадзены іспыт. Я напісаў пра гэта ў Інтэрнэце. Копію публікацыі я даслаў на апазыцыйную інтэрнэт‑старонку Хартыя‑97. Некалі прарэктар па навучальнай працы казаў на лекцыі насьмешліва пра маю інтэрнэт‑старонку і пра тое, што не баіцца апазыцыі і калі нехта хоча ладзіць дэманстрацыі, то можа нават пад яго домам. Мы напісалі, што прарэктар замест таго, каб выкладаць, рассусольвае пра апазыцыю і, відаць што, яе любіць, бо даў свой адрас і папрасіў, каб пад ягоным акном арганізавалі дэманстрацыі. Артыкул разышоўся па ўнівэрсытэце. Усе сьмяяліся. Я адчуваў сябе па‑дурному, бо калі прыходзіў ва ўнівэрсытэт, на мяне зьдзіўлена паказвалі пальцам. Кожны ведаў, што я малады апазыцыянэр, а я ж быў адначасова агентам...

– Якой была рэакцыя КДБ?

– Тут жа патэлефанавалі і спыталі, што я вырабляю. Я сказаў ім, што мне ўсё роўна, агент я КДБ ці не, але што з прарэктарам я буду змагацца да канца. КДБ паразмаўляў зь ім. Загадалі мне замяць канфлікт. Я спрабаваў, але гэта нічога не дало. Ён сказаў, што падставіць мяне на сэсіі і пабачым тады, хто будзе сьмяяцца апошні. Я патэлефанаваў у КДБ і сказаў, што гэта нічога не дае. Сказалі: «А к чорту зь ім».

– Ці плянаваў Ты паехаць у Менск на пасьлявыбарчыя пратэсты 19 сакавіка 2006?

– Не. Штаб у Гомелі параіў мне, што лепш ня ехаць, бо ніякай рэвалюцыі ня будзе і толькі выключаць мяне з унівэрсытэту. Падчас выбараў я быў назіральнікам. Гэта была фікцыя, бо ўсе пратаколы i так былі падрыхтаваныя загадзя. Тыдзень пасьля выбараў, 25 сакавіка на Дзень Волі, я арганізаваў малую акцыю салідарнасьці. Я ведаў, што ў той дзень арыштавалі шмат людзей у Менску, таму я набыў сьвечкі і заклікаў праз Інтэрнэт людзей на плошчу. Хутка прыехала міліцыя і арыштавала нас. КДБ зноў вызвоньваў. Казалі, што я іх турбую, бо я нестабільны. Што не трымаю гэтых кантактаў у таямніцы.

– Як Ты даведаўся пра праграму Каліноўскага і калі вырашыў прыняць у ёй удзел?

– Кожны мне казаў, што будзе такая праграма. Пераконвалі, каб ехаў, бо альбо мяне завэрбуе КДБ, альбо мне нідзе ня будзе месца. Я баяўся, што ніхто не працягне мне рукі. Ані апазыцыя, ані сябры.

У праграме было пазначана, што ў Польшчу паедуць ня толькі тыя, каго выключылі з унівэрсытэту, але і тыя, хто падчас кампаніі апынуўся пад асаблівым ціскам. І я трапляў пад гэты пункт.

– Ці ведаў КДБ пра Твае пляны?

– Так. Я распавёў ім, што ўжо не жадаю болей вучыцца ў гэтым унівэрсытэце.

– Як яны адрэагавалі?

– Сказалі, што гэта мой выбар і не стваралі праблемаў. Сказалі, што і так маюць са мной кантакт.

– Каму яшчэ Ты казаў пра свае пляны?

– Дэкану. Ён казаў, што яму шкада так мяне адпускаць. Хіба што чарговы раз яму тэлефанавалі з КДБ і хацелі, каб пакінуў мяне ва ўнівэрсытэце. Казаў, што калі і выяжджаць, дык у нейкую лепшую краіну.

– Якім чынам ты атрымаў стыпэндыю?

– Калі я падаў патрэбныя дакумэнты, мяне не хацелі прымаць. Мяне гэта зьдзіўляла, бо я сапраўды шмат зрабіў для апазыцыі. Тады я папрасіў кіраўніцтва гомельскага штабу, каб патэлефанавалі Мілінкевічу альбо ягонай жонцы, Іне Кулей (каардынатарцы Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" -- Рэд.). Так усё і было. Праз пару гадзінаў мне патэлефанавалі зь Менску, што мяне прынялі. Я пачаў рабіць візу.

– Нікому ў Беларусі Ты не казаў пра супрацоўніцтва з КДБ?

– Перад ад’ездам я сказаў бацькам. Яны былі зьдзіўленыя. Спыталі, навошта гэта зрабіў. Урэшце сказалі, што гэта маё жыцьцё і добра, што я зьяжджаю, бо ўжо ня будуць мяне торгаць. КДБ даў мне тэлефон беларускага пасольства. Сказалі, што на той выпадак, калі будуць праблемы. Мусіў скантактавацца з амбасадай, калі б застаўся бяз грошаў альбо бяз даху над галавой.

– Ці кантактаваў Ты з амбасадай?

– Не.

– А з КДБ?

– Так. Пасьля прыезду я адаслаў кэдэбісту смс, што даехаў.

– Навошта Ты гэта зрабіў?

– Цяжка сказаць. Я намерваўся там яшчэ прыяжджаць і баяўся праблемаў, калі разарву кантакты.

– Ці загадвалі Табе кантактаваць з Польшчы?

– Не. Сказалі, што знойдуць мяне, калі зьяўлюся ў Беларусі. казалі пра e‑mail’ы, але пасьля сказалі, што ня будуць такім чынам наладжваць са мной кантакты. Пасьля яшчэ быў у Беларусі, наведваў бацькоў. У Польшчы я адчуваў сябе бясьпечна, аднак у Беларусі зноў пачаліся званкі. Сказалі, што хочуць са мной сустрэцца.

– Ці кіраваў Табой той сам чалавек?

– Не. За месяц да ад’езду той другі перадаў мяне трэцяму.

-- Як ён назваўся.

-- В....ў. Прадставіўся як С.... У мяне быў яго нумар мабільнага. У Беларусі часта крадуць базы дадзеных мабільных тэлефонаў і выстаўляюць іх у Інтэрнэце. Адтуль на падставе нумару тэлефона я і знайшоў яго прозьвішча.

– Колькі разоў Ты зь ім сустракаўся?

– Пару разоў. Кожны раз, як я прыяжджаў дахаты, акрамя апошняга.

– Чаго тычыліся ягоныя пытаньні?

Пасьля прыезду ў Польшчу, а даслаў у КДБ smsку, што даехаў нармальна

– Як нам тут жывецца. Ці ўсё ў парадку. Неаднаразова мяне пыталіся пра канкрэтныя прозьвішчы. Калі я быў у Беларусі, мяне папрасілі перадаць мабільныя тэлефоны ўсіх гомельскіх стыпэндыятаў. Я схлусіў, што ня маю гэтых тэлефонаў. Пыталіся пра Паўла Казанецкага [старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру; колькі гадоў яму забаронены ўезд у Беларусь. – Рэд.].

– Што хацелі пра яго ведаць?

– Ці мае ён кантакты са студэнтамі. Нехта ўжо сказаў ім, што я яго ведаю. Насамрэч мяне яму прадставілі на нейкім спатканьні студэнтаў праграмы Каліноўскага. Тады было шмат людзей. Казанэцкі прапанаваў нам рабіць інтэрнэт‑старонку. Узяў мой нумар тэлефона і, відаць, забыўся на наступны дзень, бо так і не патэлефанаваў.

У Беларусі мне парэкамэндавалі, каб я рабіў з Казанэцкім гэтую інтэрнэт‑старонку і спрабаваў увайсьці зь ім у як мага найлепшы кантакт.

– Што яшчэ іх цікавіла?

– Польскія студэнты, якія круцяцца каля стыпэндыятаў, чым яны займаюцца. Ці не спрабавалі з намі скантактавацца якія‑небудзь амэрыканцы, ці не зьяўляюцца на розных сэмінарах. І сама стыпэндыяльная праграма. Як мы жывём, як выглядае навучаньне, паводле чаго нас прымалі ўва ўнівэрсытэты, ці ціснуць на нас неяк польскія службы, ці мелі мы кантакты з польскай паліцыяй. Іх цікавіла, ці польскія службы жадаюць прыцягнуць нас на свой бок.

– Ці цікавілі КДБ рэчы, якія б маглі скампрамэтаваць студэнтаў альбо беларускую апазыцыю?

– У гэтым Сяргей быў нахабны. Пытаўся, ці тое, што паказвае БТ, гэта праўда. Я запярэчыў. Яны ўжо мелі шмат інфармацыі на тэму стыпэндыяльнай праграмы. Я ня маю ніякага дачыненьня да таго, што казалі па БТ.

– Дык пра што пытаўся?

– Пытаўся, ці ведаю нешта пра карупцыю ў камітэце жонкі Мілінкевіча, якая арганізавала набор стыпэндыятаў.

– Пра праблемы сына Мілінкевіча таксама пыталіся?

– Так. Я мусіў адказваць на гэтыя пытаньні. Нельга супрацоўнічаць і нічога не казаць. Але пра дысцыплінарныя праблемы маладога Мілінкевіча ўжо ведалі ўсе. Супрацоўнік КДБ спытаўся ў мяне, ці тое, пра што кажа БТ, гэта хлусьня. Я адказаў, што тэлевізія хлусіла, кажучы пра ўмовы, у якіх мы жывем.

– Ці ён цябе запужваў альбо шантажаваў?

– Не запужваў, аднак я пачуў, што ў мяне могуць быць праблемы з войскам. Напрыканцы таксама сказаў, што я маю схільнасьць да супрацоўніцтва і што калі б мяне паспрабавалі ў Польшчы завэрбаваць заходнія спэцслужбы, варта пагаджацца.

– Нехта прапаноўваў табе тут супрацоўніцтва?

– У Польшчы ніхто не хацеў мяне завэрбаваць.

Калі апошні раз быў у Беларусі ў сьнежні 2006 г., мне патэлефанавалі дахаты.

– Калі апошні раз з табой кантактавалі беларускія службы?

– Калі апошні раз быў у Беларусі ў сьнежні 2006 г., тэлефанавалі дахаты. Я не адказваў. Баяўся, што мяне затрымаюць на мяжы, аднак усё прайшло ціха. Урэшце, я прыйшоў да высновы, што калі прызнаюся ўва ўсім публічна, пакінуць мяне ў спакоі. Баюся, што мяне абвінавацяць у правакацыі і жаданьні ўчыніць скандал.

– Ці Твае размовы з КДБ маглі прынесьці некаму шкоду?

– Спадзяюся, што не. Аднак магчыма, што так, і я гатовы ўзяць гэта на сябе. Хачу папрасіць прабячэньня ўва ўсіх, каго мог пакрыўдзіць.

Размаўлялі Малгажата Ноцунь i Aнджэй Бжазецкі. Пераклад паводле «Тыгодніка паўшэхнага» з ласкавай згоды аўтараў. Зь нязначнымі скарачэньнямі.