Радыё Свабода

Тры чвэрці золатавалютных рэзерваў Беларусі дзяржаве не належаць.

Пра гэта ў парыве шчырасці расказала на прэс-канферэнцыі 20 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова. На 1 кастрычніка агульны памер золатавалютных рэзерваў складае $4,7 мільярда. Але

каля $3,5 мільярда з іх Нацбанк пазычыў у беларускіх камерцыйных банкаў.
Аддаваць давядзецца менавіта ў валюце. Вось толькі пакуль зусім няма чым.
За карыстанне валютай Нацбанк плаціць 0,5% гадавых, а банкі, якія часова атрымалі замест валюты трыльёны рублёў плацяць 4% гадавых.

Гэта пры тым, што бягучыя стаўкі на рублёвым міжбанкаўскім рынку складаюць 50–52%.

Лішне казаць, якія страты панёс Нацбанк ад такіх аперацый. «Трэба падлічыць», — сказала Ермакова. Між тым, паводле звестак на 1 верасня балансавыя страты Нацбанка ад аперацый своп (абмену) дасягнулі астранамічнай сумы 9 трыльёнаў рублёў.

Лукашэнкаўскае агенцтва БелТА у сваёй справаздачы з прэс-канферэнцыі кіраўнікоў Нацбанка выкінула інфармацыю пра гэтую заяву Ермакову, пра памер запазычанасці Нацбанка камерцыйным банкам, пакінуўшы абстрактнае для шырокага чытача: «Нацбанк прыняў рашэнне змяншаць сваю запазычанасць камерцыйным банкам Беларусі».

Калі Нацбанк не зможа вярнуць запазычанасць банкам, гэта можа прывесці да дэфолту некаторых з іх.

Гэтыя гіганцкія своп-аперацыі выкарыстоўваліся, па вялікім рахунку, для фальшавання статыстыкі. Каб у перадвыбарчы год не паказваць, як хутка агаляюцца дзяржаўныя рэзервы. На справе становішча патрабавала б рэзкай змены эканамічнай палітыкі і тэрміновай дэвальвацыі рубля. Аднак перад выбарамі Лукашэнка дэманстраваў «поспехі» сваёй эканамічнай мадэлі.

Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, Беларусь мае найменшыя золатавалютныя рэзервы ў прапорцыі да ВУП ва ўсім рэгіёне. У рэальнасці сітуацыя, выходзіць, яшчэ горшая.

Цяпер стала ясна, чаму Беларусь была няздольна выплаціць нейкія 200 мільёнаў даляраў «Газпраму» ў мінулым ліпені. Іх проста не было.

Прызнанне Ермаковай азначае, што 2012–2013 гады будуць перыядам або выключна строгай эканоміі, або банкруцтва Рэспублікі Беларусь па сваіх абавязацельствам перад крэдыторамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?