Ці варта праводзіць «Рок‑Каранацыю» у сучасных беларускіх умовах, калі выканаўцы адлучаныя ад дзяржаўных мэдыяў, канцэрты забараняюцца, а ў «чорных сьпісах», распрацаваных супольнымі намаганьнямі ідэалягічнага аддзелу Адміністрацыі прэзыдэнта і Мінкультам прысутнічаюць ня толькі назвы камандаў, што муляюць чыноўніцкае вока, але і канкрэтныя асобы. Раней у тых сьпісах былі пазначаны толькі тыя, хто выступіў на мітынгу ў ліпені 2004 году. Потым ён стаў пашырацца. І цяпер арганізатарам канцэртаў раяць не выпускаць на сцэну ня толькі N.R.M., «Краму» ды «Палац», але і асобна Вольскага, Варашкевіча і Хаменку. Гэтых сьпісаў насамрэч не існуе афіцыйна, але яны перадаюцца з вуснаў у вусны, і паступова гэта ўспрымаецца, як непахісная дадзенасьць. Неяк з прапановы аднаго з карэспандэнтаў БТ распавядаў пра выхад дыску «Прэм’ер Тузін». Здымкі праходзілі ля музэю Вялікай Айчыннай на Кастрычніцкай, таму адразу падбеглі два амапаўцы, якія ўзяліся ўважліва вывучаць нашы дакумэнты і рэчы. Убачылі той «тузіноўскі» дыск і адзін зь іх выдаў: «Дык, а хіба можна казаць пра гэты дыск — тут жа песьня Нэйра дзюбелю?!».

Зоркі

Казаць — не казаць, запрашаць — не запрашаць, — гэта асабісты выбар арганізатара канцэрта, фэстывалю або цырымоніі. Абярэш другі варыянт — не паўстане непатрэбных праблем. Але захочаш зрабіць па праўдзе — чакай складанасьцяў. Будзь гатовы адстойваць права аднаго з самых папулярных музыкаў краіны (!) выйсьці на сцэну (!). Гэтая «Рок‑Каранацыя» прайшла ў самых брутальных традыцыях рок‑канцэртаў 80‑х гадоў: назвы выканаўцаў ды іх тэксты ўзгадняліся, музыкі былі падзелены на «непажаданых» ды «астатніх». Дзеля справядлівасьці варта сказаць: прадусары цырымоніі праціснулі ўсё, што хацелі. З улікам самацэнзуры. І тут паўстала іншая праблема: тым нашым знаным музыкам ня надта таго і хацелася. З аднаго боку можна зразумець, напрыклад, Ігара Варашкевіча: матэрыяльнай зацікаўленасьці ў гэтым ён ня мае (удзельнікам цырымоніі грошы ня плоцяцца), а дзеля ідэі ён ужо наіграўся ў папярэднія 25 год. Але з іншага боку публіка патрабуе яго, Вольскага, Кульлінковіча і не прызнае больш аніякіх аўтарытэтаў.

Публіка

Аўдыторыя «Каранацыі» — заўжды была своесаблівай. Яна параўнальная з публікай на спэктаклі Купалаўскага тэатру «Тутэйшыя». Яна кансэрватыўная і недаверлівая, але ж адукаваная і абазнаная. Запрашаючы сёлета на цырымонію небеларускамоўных музыкаў, неаднойчы сутыкнуўся з такім пытаньнем: «Няўжо мы на нешта прэтэндуем, там жа ўзнагароджваюць беларускамоўных». Так ёсьць, але з іншай нагоды — музыка, выкананая на сваёй мове мае куды большы попыт, яна самадастатковая і цікавая. Аднак, гэта не значыць, што трэба замыкацца самім у сабе, бо музыка — не літаратура і акрамя мовы мае яшчэ шмат складнікаў посьпеху. Уладальнікі галоўнай «Рок‑Кароны» — гомельская Rasta таму пацьверджаньне — яны былі фактычна непрызнаныя ў сваёй краіне, але сталіся адной з самых папулярных айчынных камандаў у сьвеце. Цяпер іх прызналі і тут, і яны больш поўна адчулі сваю беларускасьць. Хоць на іх выступе тая публіка і ламанулася ў гардэроб. На жаль, чакаючы пры канцы ўздыманьня бел‑чырвона‑белага сьцягу, мы зусім забываемся на іншыя рэчы. Вартасьць і ўзаемапавагу, прынамсі.

Вартасьць

Дык на што зьвяртаць увагу найперш — на музычны складнік ці на ідэйны? Каб падобных пытаньняў не паўставала, сёлета на «Каранацыі» былі вызначаныя дакладныя крэтэры адбору намінантаў і зладжана празрыстае галасаваньне. Каб цікаўным было больш зразумела, што адкуль бярэцца. Прэтэндэнт на Карону ацэньваўся не як знаёмы кагосьці з арганізатараў, не як пакрыўджаны на ранейшых цырымоніях. Яго музычны матэрыял, якасьць, знакавасьць, актуальнасьць, адпаведнасьць сусьветным музычным тэндэнцыям — выходзілі на першае месца. Яго актыўнасьць, няхай сабе і віртуальная, запатрабаванасьць, наяўнасьць канцэртаў і выступаў на фэстах, яго харызма ды імідж — гэта па‑другое. І ягоная прысутнасьць у мэдыяпрасторы: Першы тэлеканал гэта ці незалежная радыёстанцыя — ня важна. Журы — выключна адмыслоўцы, якіх было не тры‑пяць (як раней), а некалькі дзясяткаў. Можа, таму перамог у намінацыі «Рок‑выканаўца» адзін з топавых і прасунутых айчынных музыкаў Атмараві, а не ідэйны гурт Zet, які хоць і пяе пра насутнае, але аніяк не засьведчыў сваю прысутнасьць летась (не было ў музыкаў часу на гэты праект, відаць).

У намінацыях сёлетняй цырымоніі сутыкнуліся два розныя музычныя сьветы. І гэта варта захаваць. Калі і надалей Кроў будзе стаяць на адной сцэне хоць бы раз на год з «Городской тоской» (праект беларускіх прамоўтэраў Сярогі), Вайцюшкевіч з Rasta, а Ялфімаў з Zet — гэта і будзе на карысьць беларускай музыкі. Тады гэтыя выканаўцы ня будуць сядзець па сваіх кутах (анклявах, гета), а на справе даказваць свае перавагі. Як музычныя, так і ідэйныя. А значыць, набываць новых прыхільнікаў і самаўдасканальвацца. І яшчэ: толькі на падобных мерапрыемствах могуць зьявіцца новыя героі. Учора гэта былі «ляпісы», «дзюбялі» ды «энэрэмы», а заўтра імі стануць «маўзэры», «Rasta» ды «бээны».

Менавіта таму варта праводзіць «Рок‑Каранацыю».

P.S. Мінулыя рок‑каралі напраўду перад самай цырымоніяй прыхварэлі. У Кульлінковіча быў грып, у Вольскага — бранхіт, у Пугача — ангіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?