У аўторак з раніцы наведнікі беларускай старонкі Вікіпэдыі былі нямала зьдзіўленыя, не пабачыўшы на рэсурсе аніводнага матэрыялу. Пры націсканьні на спасылкі ў зьмесьце, выскоквала фраза: «Зараз тэкст на гэтай старонцы адсутнічае. Вы можаце пашукаць гэтую назву ў іншых старонках альбо рэдагаваць гэтую старонку».

Вікіпэдыя — гэта вялікая інтэрнэт- энцыкляпэдыя, мэтай якой зьяўляецца свабодны распаўсюд усялякіх ведаў. Абсалютна кожны чалавек можа прыняць удзел у напісаньні і рэдагаваньні артыкулаў для Вікіпэдыі. Вікіпэдыі існуюць на розных мовах, найвялікшая ангельскамоўная. Вікіпэдыя была створаная ў 2001 г., яе беларуская вэрсія ўзьнікла 12 жніўня 2004 г.

«Ад самага пачатку беларуская вэрсія Вікіпэдыі была створаная клясычным правапісам, — кажа адзін зь яе аўтараў Вячаслаў Радзівонаў. — Празь некаторы час утварылася група прыхільнікаў афіцыйнага правапісу. Ніхто не забараняў ім разьмяшчаць на Вікіпэдыі артыкулы наркамаўкай. Яны і пачалі паціху рабіць такія матэрыялы, але іх не задавальняла, што інтэрфэйс Вікіпэдыі быў «тарашкевіцай». Пасьля чаго зьявілася група раскольнікаў, іх усяго чалавек пяць, якія пажадалі стварыць сваю вэрсію Вікіпэдыі. У жніўні летась прыхільнікі наркамаўкі рабілі запыт кіраўнікам Вікіпэдыі на стварэньне старонкі на «наркамаўцы», але ў выніку галасаваньня, якое доўжылася амаль да канца 2006 году, ім было адмоўлена».

Тады ж прыхільнікі «наркамаўкі» стварылі свой праект, гэтак званы інкубатар, дзе разьмяшчалі артыкулы напісаныя афіцыйным правапісам, усяго яны стварылі 3 565 артыкулаў. (Клясычным правапісам было больш за 6000 артыкулаў.)

Нядаўна былі зьмененыя правілы падачы заявак на стварэньне Вікіпэдыі, цяпер ня трэба галасаваньне, а ўсё вырашае фонд Вікімэдыі, які забясьпечвае працу Вікіпэдыі. 27 сакавіка праграміст з Горадні Юры Тарасевіч паведаміў, што іхны «інкубатар» пераходзіць на новы адрас Галоўная старонка, дзе дагэтуль разьмяшчалася старонка беларускай Вікіпэдыі, напісаная «тарашкевіцай», такое рашэньне прыняў фонд Вікімэдыя. Вячаслаў Радзівонаў разводзіць рукі: «Чаму на месца нашай Вікі паставілі іхную — невядома!».

На стан 14:00 27 сакавіка галоўная старонка беларускай Вікіпэдыі мела ўжо інтэрфэйс аформлены «наркамаўкай». Там жа напісана [стыль, лексыка, граматыка захаваныя — НН.]:

«Увага. Гэта беларускамоўны праект, якая робіцца выключна ў нарматыўнай беларускай мове. Пастановаю уладаў Вікіпедыі ён перанесены пад гэтую даменную назву. Гэта не ранейшы праект be.wikipedia.org. Папярэдняе змесціва, з прычыны неадпаведнасці тэхнічным стандартам, якімі кіруецца Вікіпедыя, перанесена ў асобны раздзел, лёс і назва якога будуць удакладняцца — уладамі Вікіпедыі. Калектыў гэтага праекту не робіць такіх пастаноў і не мае на іх уплыву. Нам не паведамілі загадзя, гэтаксама як і вам. А тыя, хто ананімна вандаліць тут, не робяць нічога карыснага, і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, нават шкодзяць, прычым менавіта «клясычнаму» праекту. Калегі вікіпедысты, мы добра ведаем, што шмат каму беларуская мова не мова, калі яна нарматыўная — дык, калі ласка, агледзьцеся, ці вы сапраўды хочаце супрацоўнічаць у праекце, які прынцыпова працуе толькі ў нарматыўным варыянце беларускай мовы».

Такім чынам, па-ранейшаму ніхто ня ведае, куды дзеліся звыш 6 тысяч артыкулаў, якія былі разьмешчаныя на ранейшай старонцы Вікіпэдыі. Калі яны былі зьнішчаныя, то гэта будзе найбольшы выпадак інтэрнэт-вандалізму ў гісторыі беларускага сеціва.

Паводле Юр'я Тарасевіча з Горадні, аднаго з ініцыятараў пераводу Вікіпэдыі на афіцыйны правапіс, усе былыя артыкулы на Вікіпэдыі, напісаныя тарашкевіцай, ня зьнішчаныя, а перанесеныя са стандартнага міжнароднага коду Вікіпэдыі на расшырэньне інкубатар. Але пакуль што на гэтай старонцы ніякіх тэкстаў няма. Сп.Тарасевіч мяркуе, што наркамаўка — лепшая за тарашкевіцу плятформа для распаўсюду беларушчыны ў сеціве, бо яна «не такая эксклюзіўная і не такая канфрантыўная».

Увечары стала вядома, што артыкулы, напісаныя тарашкевіцай, захоўваюцца на be-x-old.wikipedia.org


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Damavik / Адказаць
27.03.2007 / 17:17
Вось табе і "свабодная энцыклапедыя"!
0
lilo / Адказаць
27.03.2007 / 17:18
А чым скончыліся спрэчкі наконт лёсу ўсёй вікіпэдыі? Там былі нейкія праблемы з фінансамі, якія магла цалкам паставіць крыж на праэкце?
0
Rat King / Адказаць
27.03.2007 / 17:21
Слухай, ну не пужай людзей адразу так - пакуль невядома дзе ён, а не "зьнішчаная"
Паказаць усе каментары/ 74 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру