Большасьць новых назваў ушаноўваюць дзеячоў беларускай культуры. Жэстам прымірэньня з Польшчай выглядае зьяўленьне ў сталіцы Беларусі вуліцы імя Ежы Гедройца.

29 чэрвеня дэпутаты Менгарсавету на 4‑й сэсіі прынялі рашэньне прысвоіць назвы дзесяці вуліцам Менску.

Жылому мікрараёну Дружба‑1,2,3, што будуецца на паўднёвым захадзе сталіцы, будзе дадзена найменьне Брылевічы‑1,2,3. Гэта па назьве фальварку Брылевічы, вядомага па дакумэнтах XVI ст. Новаму мікрараёну каля Масюкоўшчыны даецца назва Дамброўка‑3,4,5.

Вуліцам у гэтых раёнах даюць назвы відных беларускіх дзеячоў або знаных ураджэнцаў Беларусі. У Брылевічах вуліцы будуць насіць назвы Яна Чачота, Каралінская, Напалеона Орды, Ежы Гедройца.

Ян Чачот быў адным з удзельнікаў антырасейскага студэнцкага руху ХІХ ст., а пасьля праславіўся як пісьменьнік. Напалеон Орда — мастак, кампазытар, навуковец з ХІХ ст., які, нібы тытаны эпохі Адраджэньня, паядноўваў у сабе самыя розныя таленты. Магчыма, ён адначасова быў адным з каардынатараў нацыянальна‑вызвольнага паўстаньня.

У Дамброўцы пралягуць вуліцы Ўладзіслава Галубка, Язэпа Жыновіча, Усевалада Ігнатоўскага, Алеся Гаруна і імя сужэнства Аладавых.

Тэатрал Галубок і першы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Ігнатоўскі загінулі ў часы сталінізму. Імя паэта і рэвалюцыянэра Гаруна, які пасьля вяртаньня з царскай высылкі актыўна ўдзельнічаў у стварэньні вайсковых фармаваньняў Беларускай Народнай Рэспублікі, было ў савецкія часы пад забаронай, аж да 1980‑х гадоў. Жыновіч (сапраўднае прозьвішча Жыдовіч) заслужыўся зборам беларускай песеннай спадчыны.

Вулічку Свабоды на Ўсходзе перайменуюць у вуліцу Зьмітра Гвішыяні, па імені курсанта‑героя, які загінуў, гасячы пажар у цягніку.

Жэстам прымірэньня з Польшчай выглядае зьяўленьне ў сталіцы Беларусі вуліцы імя Ежы Гедройца. Народжаны ў Менску, Гедройц быў вялікім польскім інтэлектуалам ХХ стагодзьдзя, рэдактарам часопісу «Культура». Ён адным зь першых у польскім незалежным грамадзтве заклікаў адмовіцца ад прэтэнзій на Горадню і падтрымаць беларускі нацыянальны рух.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?