Што мы слухалі ў лістападзе — дзесяць найцікавейшых альбомаў месяца АЎДЫЯ

Аўтар: Піліп Каваленка

Вашай увазе — апошні агляд музычных навінак у 2020 годзе. Рэлізы на любы густ.

Martin Nonstatic — Treeline 

Другая частка музычнага трыпціха дыджэя, які жыве ў Аўстрыі. 

Выпушчаны на вядомым французскім лэйбле Ultimae, рэліз адпраўляе слухача ў далёкую вандроўку ў глыбіню электроннай музыкі на стыках розных стыляў.

Ólafur Arnalds — some kind of peace

Новы альбом ісландскага кампазітара — гэта асобасны і творчы рост на фоне хаосу, які дзеецца ў свеце.

У музыцы вы пачуеце асабістыя перажыванні кампазітара, часам нават фрагменты самых значных падзей з яго жыцця. Праца завяршаецца кампазіцыяй Undone, у якой выкарыстаны ўрывак прамовы памерлай амерыканскай спявачкі Лхасы дэ Сэлы з разважаннямі аб тым, што нараджэнне — гэта тое ж самае, што смерць. Гэта з'яўляецца галоўнай тэмай усяго альбома.

Ennio Morricone — Morricone Segreto

У пасмяротны альбом Morricone Segreto італьянскага кампазітара Эніа Марыконэ ўвайшлі 27 кампазіцый, які мусяць паказаць «схаваны цёмны і псіхадэлічны бок маэстра».

Альбом ахоплівае творчасць Марыконэ з 1960-х па 1980-я, самы плённы перыяд у яго творчасці, а таксама ўключае кампазіцыі, напісаныя для менш вядомых эксперыментальных і жанравых фільмаў.

Kylie Minogue — DISCO

Зоркі мінулых гадоў часта спрабуюць заскочыць у музычны цягнік, каб паспець за сённяшнімі трэндамі, і пачынаюць музычныя эксперыменты. Звычайна гэта нічым добрым не заканчваецца.

Але пятнаццаты альбом аўстралійскай зоркі выйшаў выдатна спрадзюсаваным і прапрацаваным. Гуляй, танцуй, атрымлівай асалоду ад жыцця, але прытрымлівайся мер бяспекі — такі мэсэдж дасылае нам Кайлі Міноўг.

King Gizzard & The Lizard Wizard — K.G.

У эпоху карэйскага попу і року з электроннымі матывамі ўсё яшчэ застаюцца артысты, якія не баяцца змешваць хіпі-эстэтыку сямідзясятых, псіхадэлічныя фальклорныя рытмы і фры-джаз, а потым яшчэ і атрымліваць асалоду ад таго хаосу, які яны панакручвалі. 

Калі вам цікавыя такія эксперыменты, то раім азнаёміцца з творчасцю аўстралійскага гурта з дзіўнай назвай.

Molchat Doma — Монумент

Парадаксальны беларускі гурт, які на радзіме дасць першы сольны канцэрт толькі 5 снежня і які больш вядомы і папулярны за мяжой, выпусціў новы альбом на аўтарытэтным амерыканскім лэйбле.

У вокладцы шмат хто мог заўважыць палітычны падтэкст, але музыканты абвяргаюць гэта і адмаўляюцца выказвацца пра палітыку. Проста манумент як частка брутальнай архітэктуры.

AC/DC — Power Up

Не старэюць душой ветэраны. Ад атмасфернай электронікі і пост-панку пераходзім да звышэнергічнага року.

Свой сямнаццаты альбом AC/DC прысвяцілі памяці свайго заснавальніка і гітарыста Малкальма Янга, які памёр тры гады таму. 

Рэліз адразу заняў першыя радкі шматлікіх міжнародных хіт-парадаў. Вось што значыць народная музыка, якая ніколі не пастарэе.

AnnenMayKantereit — 12

У нямецкай мове ёсць выраз «Es ist fünf vor zwölf» — значыць нешта кшталту «у нас засталося мала часу». А проста zwölf (12) — гэта калі ўжо часу зусім няма і трэба вельмі спяшацца.

Раім вам азнаёміцца з творчасцю нямецкага гурта, які вы палюбіце за незвычайны вакал.

The Smashing Pumpkins — CYR

Адзінаццаты альбом чыкагскіх альтэрнатыўшчыкаў. Як распавёў пра яго лідар TSP Білі Корган, яму надакучыла ствараць музыку, пра якую ўсе казалі, што яна гучыць несучасна.

Ён паабяцаў запісаць альбом сучаснай музыкі, у выніку атрымаўся CYR. Ацаніце самі, наколькі ён гучыць у адпаведнасці з сённяшнімі музычнымі тэндэнцыямі.

Miley Cyrus — Plastic Hearts

Спявачка выпусціла першы за тры гады поўнафарматны альбом, выкананы ў папулярнай сёння рэтрастылістыцы.

У «Plastic Hearts» Майлі Сайрус прымярае на сябе вобраз рок-дзівы 80-х. Летась спявачка заяўляла пра намер выпусціць трылогію кароткіх альбомаў, якая павінна была скласціся ў плытку «She is Miley Cyrus», але з той задумкі выйшаў толькі адзін запланаваны міні-альбом «She is Coming».

У 2020 годзе зорка перадумала і ўзяла курс на эстэтыку васьмідзясятых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?