Бабруйчанін Андрэй Карэлін зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку, пасьля спрабаваў трапіць у выбарчую камісію, але яго нават не пусьцілі на паседжаньне, дзе гэтае пытаньне вырашалася, піша «Радыё Свабода».

Андрэй Карэлін вырашыў стаць сябрам выбарчай камісіі на ўчастку №73 у Першамайскім раёне Бабруйску, паведамляе Tut.by.

Але на паседжаньне, дзе мусяць прымаць рашэньне аб уваходжаньні ў камісію Андрэя і яшчэ чатырох жыхароў Бабруйску, якія хацелі трапіць у выбарчыя камісіі, не пусьцілі. Нібыта іх дакумэнты былі аформленыя няправільна.

У адказ на гэта Андрэй запісаў відэазварот да кіраўніцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

«Лідзія Міхайлаўна, я паважаю вашую працу, дык чаму ж манастыр чужы, а нас вы называеце супрацьлеглым бокам. Мы што, грамадзяне іншай краіны? Ці кампанія вядзецца не за народныя грошы? І чаму наогул «манастыр», выбары — гэта нешта закрытае?» — пытаецца Андрэй Карэлін.

Раней у адказ на неўключэньне людзей у выбарчыя камісіі Лідзія Ярмошына адказала:

«У чужы манастыр са сваім уставам ня ходзяць».

У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах па-за межамі краіны.

Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0