Мінскага блогера Івана Пруса 29 чэрвеня аштрафавалі за дробнае хуліганства на 20 базавых велічынь — 540 рублёў. «Наша Ніва» распытала блогера пра час, праведзены ў ізалятары, стаўленне да сітуацыі ў краіне і шкадаванне аб запісаным відэа.

Івану 24 гады, ён нарадзіўся ў мястэчку Парычы, што ў Светлагорскім раёне. У Мінск хлопец пераехаў, калі паступіў у БДАМ на рэжысёра. Вучыцца падабалася, але, як прызнаецца блогер, душа больш ляжала да тэлебачання.

«Са студэнцтва я падзарабляў на тэлебачанні адміністратарам, — успамінае Іван. — Супрацоўнічаў з Tut.by і інтэграцыйным каналам «БелРос». Гэта ўсё роўна не схаваеш. Дзе была магчымасць набірацца вопыту, там і набіраўся. Я ўдзячны перыяду, які я правёў там. Потым пайшоў на абсалютна непалітычны партал Obzoor.by, дзе цяпер працую рэпарцёрам. Не называю сябе блогерам, я раблю абсалютна журналісцкую працу».

Рэзанансным стала нядаўняе відэа, якое Іван выклаў у сваім інстаграме. На ім хлопец тэлефануе ў Маскоўскае РУУС і пытаецца ў дзяжурнага, як яму дабрацца на працу без затрыманняў. Праз два дні, 26 чэрвеня, Івана затрымалі ў цэнтры горада, даставілі ў Маскоўскае РУУС, а потым павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

«На маё здзіўленне, падчас затрымання са мной абыходзіліся абсалютна адэкватна і фізічную сілу не ўжывалі, — успамінае хлопец. — У пятніцу днём у горадзе да мяне падышлі людзі і паказалі пасведчанні. Гэта не было тым, што я бачыў у розных навінах на фотаздымках, як людзей цягнуць за ногі ці яшчэ штосьці».

Паводле слоў Івана, яму было вельмі страшна і калі яго затрымлівалі, і на допыце ў РУУС, і калі дастаўлялі ў ЦІП. Страхі былі звязаны з тым, што блогер чакаў занадта жорсткіх умоў:

«На шчасце, мае страхі не апраўдаліся. Фізічнай сілы да мяне не ўжывалі наогул нідзе. Адзінае, вядома, са мной ніколі ў жыцці не было нічога падобнага, я ніколі не быў у ЦІП. Я чакаў, што там не будуць даваць спаць ноччу, будуць прымушаць стаяць, не даваць вады. Але нічога падобнага не было.

І хоць ніхто з мяне там не здзекаваўся, усё адно гэта было цяжка: знаходзіцца пастаянна ў камеры, не мець доступу да тэлефона, абыходзіцца без звыклых выгод цывілізацыі і нават элементарна не піць каву па раніцах. Гэта не санаторый, і гэта складана.

Пра што я думаў у ізалятары? Напэўна, пра тое, што я вельмі хачу яго пакінуць і апынуцца на волі».

Іван распавядае, што ў ізалятар на Акрэсціна яго прывезлі ў пятніцу, а ў суботу да яго падсялілі яшчэ трох чалавек (хтосьці быў затрыманы за варту, хтосьці — за нешта іншае), і ўсе ставіліся да хлопца нармальна.

«Гэта былі складаныя тры дні, таму што ў мяне не было ніякай сувязі са знешнім светам. З-за пандэміі не прымаюць ніякія перадачы. А, як аказалася, мае сябры іх прыносілі. І наогул, пра маё затрыманне ведалі многія людзі — мае сваякі і калегі, а я паняцця не меў, што ўсе ўсё ведаюць». 

Пра затрыманне хлопца яго асяроддзе даведалася ў той жа дзень, вечарам. У Івана былі запланаваны сустрэчы з сябрамі, а ён раптам перастаў выходзіць на сувязь. Тады сябры хлопца сталі ўдакладняць, дзе ён знаходзіцца.

«Ім, дарэчы, адказалі без праблем, — дадае Іван. — Не было такога, што маё месцазнаходжанне хавалі, гэта для мяне было дзіўна».

Сёння Івана судзілі за дробнае хуліганства. На судзе хлопец сказаў, што згодны з тым, што ён парушаў грамадскі парадак. Зараз на пытанне «Нашай Нівы», ці прызнае хлопец віну за зробленае, выбірае маўчанне.

«Чаму я запісаў гэта відэа? Па-першае, ёсць нейкія рэчы, міма якіх прайсці немагчыма, ты проста па-чалавечы перажываеш праз тое, што адбываецца. Па-другое, гэта сапраўды быў мой асабісты інтарэс: даведацца, ці не затрымаюць мяне, калі я апынуся па працы на вуліцы. Але, адназначна, гэта было маё перажыванне наконт таго, што адбываецца апошнім часам у краіне.

Я часта чую, што людзі кажуць, што яны апалітычныя. Але апалітычнымі быць немагчыма, таму што ўсё, што адбываецца вакол нас, нас тычыцца. Элементарна я не магу заляпіць сабе вушы, заплюшчыць вочы і перастаць звяртаць увагу на нейкія рэчы.

Калі я выйшаў сёння, мяне сустрэла велізарная колькасць сяброў, абсалютна з розных кампаній. У мяне завалены дырэкт словамі падтрымкі, куча новых падпісчыкаў у сацсетках. Я не ведаю, што будзе далей, але вельмі шмат людзей пісалі мне пра тое, што гатовыя дапамагчы мне аплаціць штраф».

— Вы пашкадавалі, што запісалі гэта відэа? Не будзеце яго выдаляць?

— Я не ведаю. Напэўна, раз мне ўжо далі штраф, яго можна пакідаць. Я задаваўся гэтым пытаннем у камеры: калі б у мяне была магчымасць нешта выправіць, не выкладаць відэа, што б я зрабіў? І не было б «сутак», праведзеных у камеры. Але я нічога змяніць не магу, усё застаецца так, як яно ёсць. Зроблена і зроблена.

У панядзелак у судзе Іван упершыню бачыўся са сваім адвакатам. Блогер прызнаецца, што для яго наогул было сюрпрызам, што ў яго ёсць адвакат. 

«Я быў упэўнены, што гэта радавы працэс, які ніхто не заўважыць. Аказалася, адваката для мяне знайшлі мае сябры, за што я ім вельмі ўдзячны. Калі мяне затрымалі, мне прапанавалі адваката, але зразумейце мяне: для мяне гэта першае затрыманне. Які адвакат? У мяне няма нумароў адваката, няма сяброў-адвакатаў. Так, сказалі, што магу скарыстацца паслугамі адваката. На што я сказаў: «Ну, напэўна, не трэба». Таму што дзе мне яго браць?

Найперш хлопец марыў хутчэй расслабіцца: пачысціць зубы, схадзіць у душ і змяніць вопратку.

«Першым чалавекам, які мне патэлефанаваў пасля вызвалення, была мая родная сястра. Сям'я вельмі перажывала. Спадзяюся, я хутка іх убачу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?