«І вось тут выканальніцкая дысцыпліна, парадак, адказнасць — гэта галоўнае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка адносна праблем з забеспячэннем вадой у Мінску. І з гэтым цалкам можна было б пагадзіцца, калі б не кантэкст сказанага, які прывязаны да абгрунтавання важнасці дыктатуры, што, маўляў, дыктатура дазволіла вырашыць гэтае пытанне хутка.

Тое, што чалавек дажыў да пенсійных гадоў і шчыра лічыць, што дысцыпліна з-пад палкі добрая і выдатная, — гэта праблема асобаснага дрэннага развіцця, якое, на жаль, адбіваецца на ўсёй дзяржаве. Найлепшая дысцыпліна — гэта самадысцыпліна людзей, якую трэба развіваць у людзях і выхоўваць (для гэта 26 гадоў цалкам дастаткова), а дысцыпліна пад прымусам не дае прагрэсу (тым больш рыўкоў у навуцы, эканоміцы, мастацтве і ўвогуле ў іншых сферах чалавечай дзейнасці). Такая дысцыпліна ў працяглым перыядзе патрэбная толькі для ўтрымання ўласнай улады і кампенсацыі псіхалагічных комплексаў.

Датычна адказнасці і парадку ўсё яшчэ цікавей. Любая працяглая дыктатура заўсёды ператвараецца ў паказуху, замену зместу формай. Тое ж тычыцца і адказнасці з парадкам. У дыктатуры ў людзей фарміруецца простае разуменне адказнасці: за ўсё адказвае начальнік. І сапраўды, калі ад цябе на працы / службе патрабуюць закрыць працы па паперах, хоць аб'ект не гатовы, закрыць вочы на невыкананне санэпідэмнорм, падаць выгадныя начальніку (уключаючы канчатковага — Лукашэнку) звесткі аб дзейнасці, выконваць непрыхавана дурныя загады і распараджэнні і г.д., то людзі канфлікт з сумленнем вырашаюць пераносам адказнасці на начальніка, падыход да працы становіцца «і так пайдзёт» (бо важны толькі фармальны вынік працы і толькі цяпер, што з ім стане заўтра — не важна), развіваецца «спіхатэхніка» (спіхнуць працу на іншага) і дэлегаванне або адхіленне ад уяўных няважнымі або немагчымымі для дасягнення жыццёвых спраў (у тым ліку і ў нас у першую чаргу — у палітыцы).

З другога боку, тыя, хто працуе ў недзяржаўным сектары, бачаць, што выкананне законаў не роўнае для ўсіх, а выбарчае — як у эканамічнай дзейнасці, так і ў жыцці. У такіх людзей фарміруецца натуральная азлобленасць, абумоўленая несправядлівасцю, і для такіх людзей цалкам натуральныя віды адказнасці для ўсіх дэмакратычных краін, як выплата падаткаў, удзел ва ўладкаванні мясцовасці і г.д. становяцца толькі пустым гукам, паколькі дзяржава і так з іх усё выціскае ці проста з-за негатыўнага стаўлення да ўлады.

Такім чынам у пераважнай большасці людзей у працяглай дыктатуры (а ў нас ужо выхавана цэлае пакаленне пры дыктатуры) якраз і дэфармуецца разуменне адказнасці, развіваецца безадказнасць у яе сутнасці, г. зн. адсутнасць адказнага падыходу да справы і адказнасці асабістай за ўласныя дзеянні. Калі ўказка зверху раптам здымаецца, людзям даюць свабоду, інерцыя безадказнасці захоўваецца (а ў беларусаў інерцыя прыкметная). І канчатковым негатыўным вынікам такога фармавання «адказнасці» пры дыктатуры для шэрагу людзей становіцца тэзіс: «Свабода = індывідуальная анархія», а не магчымасць выбару з поўнай адказнасцю за яго (выбар не толькі ў палітычным плане, але ў шырокім сэнсе).

Тое, што адбылося ў пачатку 1990-х пасля распаду СССР — гэта не вынік прыходу дэмакратыі (яна ўсяго на 3—5 гадоў зайшла, і тое ў знявечанай форме), а якраз следства такой працяглай (тры пакаленні) дыктатуры.

Дыктатура заснавана на стварэнні ілюзій. Так, у СССР былі добрыя фільмы пра важнасць адказнасці, працавітасці, але рэчаіснасць кантраставала з ілюзіяй пачынаючы ад «Кубанскіх казакоў». (Так, несумненна працавітых людзей была большасць і цяпер іх большасць, і гэта вельмі добры патэнцыял, калі яго правільна выкарыстоўваць для рэалій, а не стварэння бачнасці, што ўсё добра.)

Ілюзіяй у дыктатуры з'яўляецца і парадак.

Сапраўдны парадак абумоўлены поўным захаваннем балансу інтарэсаў усіх груп з усведамленнем адказнасці кожнай з іх. У дыктатуры ж усе іншадумныя групы і пласты проста душацца (ад выключэння доступу да СМІ да пасадак у турмы). Так, усё выглядае, што ўсё спакойна ў краіне. Але на самай справе дысбалансы толькі нарастаюць (не толькі ў палітычным, псіхалагічным і сацыяльным планах, але і ў эканоміцы), расце азлобленасць ад несправядлівасці.

Вядома, калі гэты фактар стрымання (дыктат) знікае, назапашаныя дысбалансы пачынаюць сваю негатыўную праяву (плюс дэмакратыі ў тым, што якраз гэтыя дысбалансы спрабуюць вырашаць яшчэ ў зародку шляхам перамоў і знаходжання агульнапрымальнага варыянту). І менавіта гэта вынік дыктатуры — безадказнасць, беспарадак, індывідуальная анархія, якія надыходзяць у некаторых краінах пасля падзення дыктатур — дыктатары і любяць прыводзіць як пацвярджэнне неабходнасці сваёй дыктатуры: маўляў, глядзіце, была дыктатура і ўсё было добра, а тут прыйшла дэмакратыя і пачалася беднасць або вайна (не адрозніваецца гэтым і Лукашэнка, які ўсё ўспамінае 1990-я, Сірыю).

Вось такое скажэнне рэальнасці ў дыктатурах і адбываецца — гэта цалкам натуральны працэс для такіх рэжымаў, але, на жаль, не ўсе людзі гэта прыкмячаюць.

Яшчэ адна ілюзія дыктатур — стварэнне ілюзіі эфектыўнасці эканамічнага кіравання для дасягнення нейкага дабрабыту (хоць бы на ўзроўні «чарка і скварка»). Паколькі дыктатура не прымае складанага развіцця, то існаваць доўгатэрмінова яна можа альбо на «падножным карме» (карысных выкапнях, як СССР ці Расія) альбо за кошт іншых. Вось гэта наш варыянт: існаванне за кошт пазык, якія атрымаюць у спадчыну дзеці.

Так што нічога добрага ў нашай дыктатуры няма. Так, бываюць гістарычныя моманты, калі неабходна жорсткае кіраванне (вайна, катастрофа і г. д.), калі дыктатура дапушчальная, але яна заўсёды павінна быць абмежаваная па часе (ужо сапраўды не больш за год), толькі ў такім выпадку яна можа быць карысная для дзяржавы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?