Літаральна за пару дзён да выбараў адразу ў некалькіх гарадах Беларусі абвясцілі шэраг канцэртаў з зоркамі расійскай і ўкраінскай поп-музыкі, амерыканскімі рэперамі і мясцовымі выканаўцамі. Выступы пройдуць 8 жніўня. У Беларусі чакаюць рэпера Tyga, спевакоў Лепса, Агуціна, Праснякова, гурты «Дыскатэка Аварыя» і «Кар Мэн», Morandi і Boney M.

Але ж незразумелыя некаторыя моманты. Па-першае, выступы некаторых выканаўцаў анансаваныя адразу ў двух гарадах. Ці паспеюць?

Па-другое, а як будуць дабірацца расійскія поп-зоркі? Расійскія межы закрытыя ж.

Таксама цікава, што ў афішах выканаўцаў гастролі распісаныя аж да наступнага лета. Але выступаў у Беларусі 8 жніўня ў графіках няма — то-бок, рашэнне сапраўды прымалася імкліва.

І большасць дырэктароў ці менеджараў расійскіх выканаўцаў не адказвае на пытанні журналістаў, ці адказвае вельмі неахвотна.

Прэс-сакратарка Леаніда Агуціна адказала толькі, што «артысты прыляцяць», за падрабязнасцямі адправіла да канцэртнага дырэктара Таццяны Ларынай. Ларына займаецца выступамі як Агуціна, так і Уладзіміра Праснякова і маладой спявачкі Эліны Чагі. Выступ усіх траіх чакаюць у Гродне.

Але Ларына так і не зняла слухаўку.

Канцэртны дырэктар гурта «Кар Мэн» Аляксандр Шовікаў адказаў яшчэ больш туманна:

«Я ведаю, што ў вас паўсюль афішы, але я пакуль сумняюся, ці гурт паедзе выступаць. Я не вырашыў. Калі можна даведацца, ці прыедзе? На канцэрт прыходзьце ці сачыце за нашым інстаграмам. А вы самі хочаце, каб прыехаў гурт? Вам без розніцы? Навошта тады званіць, калі вам няма розніцы?»

Не вельмі настроеныя на дыялог і іншыя дырэктары.

«У вас ёсць мясцовыя арганізатары, да іх і звяртайцеся. Я пакуль нічога не ведаю.

Я ўсё разумею, чытаю, якое гаўно і бруд льецца ў сацсетках і не хачу нічога каментаваць. Я не ведаю, што ў вас там адбываецца, таму проста калі паклічуць нас спець песні — мы прыедзем і праспяваем»,

— распавёў канцэртны дырэктар гурта «Фабрыка», які мае выступіць у Віцебску, пасля чаго кінуў слухаўку.

Канцэртная дырэктарка спевака Аляксандра Панаётава кінула слухаўку, ледзь пачуўшы пытанне пра канцэрт 8 жніўня.

Канцэртны дырэктар гурта «Дыскатэка Аварыя» адправіў з усімі пытаннямі да піяршчыцы, звязацца з якой немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?