6 снежня ў Мінску пройдуць перамовы прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Рассельгаснагляду. Аб гэтым БелаПАН паведаміла прэс-сакратар Мінсельгасхарчу Вольга Сраднёва.

Паводле яе слоў, у ходзе перамоў будуць абмяркоўвацца пытанні фітасанітарнага кантролю прадукцыі на мяжы Мытнага саюза.

Паводле інфармацыі расійскай газеты «Известия», Рассельгаснагляд накіраваў у пасольства Беларусі ў Маскве скаргу на нядобрасумленны кантроль расліннай прадукцыі, што паступае на тэрыторыю РФ з трэціх краін цераз Беларусь, а таксама вырабленай непасрэдна ў краіне.

Унутры межаў Мытнага саюза, на расійскіх пунктах надгляду, праводзіцца толькі выбарачны маніторынг машын, яго вынікі выклікалі занепакоенасць расійскага боку.

«Атрымліваецца, што фітасанітарны кантроль у Беларусі практычна не ажыццяўляюць.

З пачатку 2012 года мы выявілі 9 тысяч машын, у якіх пломбы, напрыклад латвійскія або польскія, былі нязнятыя. Раслінная прадукцыя, прывезеная ў гэтых машынах, растаможана без ускрыцця пломб, значыць, без абавязковага фітасанітарнага кантролю, вызначанага дакументамі Мытнага саюза», — заявіў памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка.

Паводле звестак нагляднага ведамства, з пачатку года ў 894 выпадках выяўлены каранцінныя для Расіі шкоднікі — усяго дзевяць відаў. Гэта шкодныя насякомыя і ўзбуджальнікі захворванняў, якія ў выпадку распаўсюджвання на тэрыторыі краіны могуць нанесці значны ўрон раслінам. Напрыклад, была выяўлена залацістая бульбяная нематода. Заражэнне бульбы і таматаў гэтым паразітам прыводзіць да страты 30–80% ураджаю.

Акрамя таго, расійскі фітакантроль выявіў шкоднікаў цяплічных раслін, якія прыбылі з Беларусі, — тытунёвую белакрылку, заходні каліфарнійскі кветкавы трыпс, белую ржу хрызантэм.
Паводле слоў загадчыка кафедры аховы раслін РГАУ-МСХА імя К. А. Ціміразева Сяргея Папова, каліфарнійскі трыпс паражае цяплічныя расліны, у тым ліку агароднінныя і кветкавыя. «З ім вельмі цяжка змагацца — на пэўных стадыях ён можа хавацца ўнутры кветак і ў глебе. Інсектыцыды тут практычна бяссільныя. У 2004 годзе менавіта з-за гэтага шкодніка быў прыпынены ўвоз кветак з некаторых краін Заходняй Еўропы», — адзначаюць «Известия».

Асаблівую занепакоенасць Рассельгаснагляду выклікае насенны і пасадачны матэрыял, які паступае з Беларусі, падкрэсліваецца ў артыкуле.

У выпадку парушэння правілаў фітасанітарнага кантролю немагчыма ўстанавіць зямельныя ўчасткі, дзе ён будзе выкарыстаны, а значыць, і ліквідаваць першасныя ачагі шкоднікаў.

Пры горшым сцэнарыі развіцця падзей урон можа скласці да 480 млрд. рублёў у год, лічаць у Рассельгаснаглядзе.

У той жа час расійскія транспартныя кампаніі парушэнняў з боку беларускага фітасанітарнага кантролю не заўважалі. «Наколькі магу меркаваць, фітасанітарны кантроль з боку беларускай мытні ажыццяўляецца ў штатным рэжыме. Ні з чым, што выходзіць за рамкі нармальнага рабочага працэсу, мы не сутыкаліся», — сказаў «Известиям» намеснік дырэктара аператыўнага кіравання Asstra Forwarding па мытным абслугоўванні Міхаіл Казлоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?