Але паабяцаў, што падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў наступным годзе з’явяцца ў неабходнай колькасці.

Пік навучання па-беларуску прыпаў на сярэдзіну 1990-х: тады прыкладна траціна беларускіх школьнікаў навучалася на роднай мове (у 1996/1997 навучальным годзе — 32,9%). Цяпер, паводле ацэнак Таварыства беларускай мовы, гэтая лічба скарацілася ўдвая. Але чыноўнікі Міністэрства адукацыі дакладных лічбаў альбо не ведаюць, альбо трымаюць іх у сакрэце. Не адказаў на пытанне Радыё Свабода пра колькасць школьнікаў, што вучацца па-беларуску, і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч:

«Я не магу вам сказаць дакладна, на жаль. Колькасць школ беларускамоўных скарачаецца, не магу сказаць, што значна. Гэта менавіта невялічкія сельскія школы, дзе колькасць навучэнцаў 20–30, закрываюцца. Таму, калі лічыць па колькасці школ, гэта будзе менш. Але адносна колькасці навучэнцаў — у гарадах яна стабілізавалася».

У 2012 годзе ў Беларусі зачынілі 128 малакамплектных школ у сельскай мясцовасці. Пераважна яны былі беларускамоўныя. Толькі ў 16 з прыкладна 230 сярэдніх навучальных установаў Мінска ёсць магчымасць вучыцца па-беларуску.

Ніводнай цалкам беларускамоўнай школы няма ў абласных цэнтрах і вялікіх гарадах краіны.

На прэс-канферэнцыі міністр гаварыў па-расійску, але на беларускамоўныя пытанні Радыё Свабода і Еўрарадыё адказваў па-беларуску.

Два гады таму ў школах гісторыю і геаграфію Беларусі дазволілі выкладаць акрамя беларускай мовы і на расійскай. Але школы прынялі гэты дазвол як заклік да дзеяння. Праблема яшчэ і ў тым, што фактычна няма беларускамоўных падручнікаў па гэтых дысцыплінах, кажа настаўніца з Полацка:

«Гісторыю і геаграфію, як толькі гэтая пастанова прыйшла, практычна паўсюль пачалі выкладаць на расійскай мове. Якраз тады ўсе падручнікі перавыдаваліся, і новыя прыйшлі па-расійску. Калі хто дзе і выкладае па-беларуску, то гэта энтузіясты. Па вялікім рахунку, забароны такой няма, але і самі дзеці пасля 9-га класа ў асноўным здаюць па-расійску — ім так прасцей».

Міністр адукацыі пра недахоп падручнікаў па гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове адказаў так:

«Я магу вам гарантаваць, што неабходная колькасць падручнікаў да наступнага навучальнага года будзе выдадзеная. Ёсць канкрэтныя даручэнні калегіі Міністэрства адукацыі, каб заяўкі зрабілі на падручнікі згодна з запатрабаваннямі дзяцей і іх бацькоў».

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч заявы і абяцанні міністра адукацыі пракаментавала так:

«Яны толькі дакляруюць, што гэтыя прадметы зноў перавядуць на беларускую мову. Гэтыя абяцанні ідуць з мінулага года. Наогул, да міністра адукацыі толькі адно пытанне:

ён гаворыць такія разумныя рэчы, а калі ж ён хоць што-небудзь зробіць?
Ён жа казаў і пра тое, што трэба назад перавесці выкладанне гісторыі і геаграфіі, ён казаў і пра ваўчарную сістэму фінансавання — таксама не зроблена, што профільная адукацыя вернецца — зноў не зроблена. Ёсць план пашырэння выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах адукацыі — Міністэрства адукацыі прыняло. Але нічога не робіцца».

Дарэчы, міністр адукацыі паведаміў, што сёлета мінімальны бал на цэнтралізаваным тэставанні па беларускай і расійскай мовах, з якім можна паступаць у ВНУ, павышаны з 7 да 10. Са 100 магчымых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?