Дыяс Кадырбаеў з Казахстана быў студэнцкім сябрам Джахара Царнаева.

Дыяс Кадырбаеў з Казахстана быў студэнцкім сябрам Джахара Царнаева.

Двум студэнтам з Казахстана, затрыманым у ЗША па справе аб тэракце ў Бостане, выстаўлены абвінавачанні ў тым, што яны спрабавалі схаваць дачыненне да яго іхнага сябра Джахара Царнаева.
За гэта ім можа пагражаць да пяці гадоў турмы і штраф 250 тысяч долараў, паведаміла пракуратура штата Масачусэтс. Пакуль жа суд пастанавіў пакінуць іх пад вартай да наступнага слухання - 14 мая, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.
Паводле звестак ФБР, Азамат Тажаякаў і Дыяс Кадырбаеў, а таксама грамадзянін ЗША Робел Філіпас спрабавалі знішчыць доказы ў пакоі Джахара.
«Усе трое прызнаўшыся ў тым, што ўвечары 18 красавіка яны вынеслі з пакоя Царнаева заплечнік з выпатрашанымі феерверкамі і ноўтбук, а Тажаякаў і Кадырбаеў таксама прызнаўшыся ў тым, што вырашылі пазбавіцца ад яго, даведаўшыся з навін, што Джахар падазраецца ў тым, што ён з'яўляецца адным з саўдзельнікаў выбухаў падчас марафону», — гаворыцца ў абвінаваўчым дакуменце, апублікаваным у інтэрнэце.
Заплечнік і ноўтбук хлопцы выкінулі на звалку, там іх пазней знайшлі прадстаўнікі спецслужбаў ЗША.
Філіпасу выставілі абвінавачванні ў дачы лжывых паказанняў следчым. Яму пагражае да васьмі гадоў турмы і штраф чвэрць мільёна даляраў.
Мяркуецца, што хлопцы дзейнічалі з фальшыва зразуметага пачуцця таварыства.

Кадырбаеў і Тажаякаў здымалі на двух кватэру ў Нью-Бедфардзе (Масачусэтс), а Філіпас жыў у Кембрыджы. Яны і Джахар Царнаеў адначасова паступілі ў 2011 годзе ў Масачусэтскі ўніверсітэт.

Увосень 2012-га — вясной 2013-га Джахар жыў з суседам у пакоі 7341 універсітэцкага інтэрната. ФБР правяла там ператрус і канфіскавала металічныя шарыкі, шмат піратэхнічных прыладаў, а таксама чорную куртку і белую бейсболку, падобныя да тых, у якіх Царнаева-малодшага зафіксавалі відэакамеры перад тэрактам.

ФБР сцвярджае ў абвінавачванні, што Кадырбаеў, Тажаякаў і Філіпас пабывалі ў інтэрнаце і знеслі шэраг прадметаў, якія належалі Джахару. Усе яны прызналіся на допыце, што забралі з сабой заплечнік Царнаева і вырашылі «пазбавіцца ад яго пасля таго, як зразумелі, што Царнаеў быў адным з бостанскіх бамбістаў».

У Кадырбаева першага з’явілася думка, што асоба, фотаробат якой распаўсюдзілі тэлеканалы, гэта ягоны калега Джахар. Ён напісаў Джахару пра сваю здагадку. «Ухохочешься!» — гаварылася ў эсэсмэсцы Джахара ў адказ. Царнаеў таксама напісаў: «Лепш не пішы мне больш» і «Калі табе нешта трэба ў маім пакоі, можаш узяць», — цытуе Расейская служба Бі-Бі-Сі.

18 красавіка Кадырбаеў з Тажаяковым і Філіпасам прыехалі да Джахара ў інтэрнат. Сусед Царнаева упусціў іх і паведаміў, што той з'ехаў гадзіны за дзве да таго. Сябры паглядзелі ў пакоі кіно, а потым заўважылі там чорны заплечнік з феерверкамі, з якіх быў высыпаны порах. Таксама ў пакоі быў цюбік вазеліну, які мог быць выкарыстаны пры вырабе бомбы.

Следчы, спасылаючыся на словы Кадырбаева, піша, што ў гэты момант той зразумеў, што Джахар прыклаў руку да бостанскіх выбухаў. Тажаякаў таксама паказаў, што сябар падзяліўся з ім сваімі падазрэннямі.

Па словах следчага, Кадырбаеў прыняў рашэнне вынесці заплечнік з інтэрната з тым, «каб адмазаць сябра Царнаева ад непрыемнасцяў».
Кадырбаеў прыхапіў яшчэ і ноўтбук. Усё гэта ён выкінуў у смеццевы кантэйнер каля свайго дома. Тажаякаў і Філіпас не дапамагалі яму ў гэтым, але ведалі, што ён тое зрабіў.

26 красавіка следства знайшло заплечнік Джахара ў смецці на звалцы ў Нью-Бэдфардзе. Унутры чорнага пакета ляжалі выпатрашаныя феерверкі, слоічак вазеліну і хатняе заданне з Масачусетскага ўніверсітэта.

Кадырбаеў і Тажаякаў і раней прыцягвалі ўвагу паліцыі, у прыватнасці, тым, што ганялі па Бостане на машыне, на якой замест нумароў быў надпіс Terrorista#1.
На аўтамабілі з такімі нумарнымі знакамі ганяў і Джахар Царнаеў. У Амерыцы за грошы можна набываць сабе нумар не толькі з лічбамі, але і з любым надпісам.
У Беларусі ў аналагічнай сітуацыі апынуўся электрык Улад Кавалёў, сябар Дзмітрыя Канавалава. Следства сцвярджала, што ён з пачуцця фальшыва зразуметага сяброўства дапамог Канавалаву даставіць выбухоўку і не паведаміў пра тэракт.
Сам ён даказваў, што не ведаў пра намер Канавалава здзейсніць выбух і ўвогуле не верыў у вінаватасць сябра. Кавалёва пакаралі смерцю. Прысуд быў выкананы ў 2012 годзе.

У выпадку, калі віна Тажаякава, Кадырбаева і Філіпаса будзе даказаная, ім будзе пагражаць турма і гіганцкі штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?