Міністэрства замежных спраў Беларусі не мае інфармацыі аб складзеных міліцыяй спісах грамадзян, якія наведваюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы замежных дзяржаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка міністра замежных спраў Алены Купчыной на зварот праваабаронцы Алега Волчака.

Нагадаем, у канцы красавіка Волчак накіраваў у МЗС ліст з просьбай растлумачыць, чаму супрацоўнікі міліцыі перапісваюць пашпартныя звесткі наведвальнікаў пасольстваў ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі.

У адказе Купчыной адзначаецца: «У сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі, якія нясуць службу на пастах аховы, падпарадкоўваюцца ўпраўленню па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, іх дзейнасць рэгламентуецца ўнутранымі інструкцыямі адпаведнага ведамства».

Намеснік міністра падкрэсліла, што «ў адпаведнасці з арт. 22 Венскай канвенцыі на дзяржаве знаходжання ляжыць спецыяльны абавязак прымаць усе належныя меры для абароны памяшканняў прадстаўніцтва ад усялякага ўварвання або нанясення ўрону і для прадухілення ўсялякага парушэння спакою прадстаўніцтва або знявагі яго годнасці». «Пры гэтым з канвенцыі дакладна вынікае, што ў межах рэалізацыі гэтага спецыяльнага абавязку дзяржава знаходжання самастойна вызначае меры, неабходныя для арганізацыі бяспекі кожнага канкрэтнага дыппрадстаўніцтва, — адзначыла Купчына. — Выкарыстанне тэрміну „спецыяльны абавязак“ прадугледжвае, што меры, якія прымае дзяржава, могуць і павінны выходзіць за межы мерапрыемстваў па агульнай ахове правапарадку, што ажыццяўляюцца на пастаяннай аснове на ўсёй тэрыторыі дзяржавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?