Прэзідэнт Сірыі Башар Асад не скончыць двухгадовую грамадзянскую вайну, якая забрала больш за 80 тыс. жыццяў сірыйцаў, пакуль яго войскі перамагаюць на полі бою і любая іншая ідэя з’яўляецца «вар’яцкай», заявіў Джон Макейн, выступаючы ў Інстытуце Брукінгса. Ён заклікаў адміністрацыю Абамы вярнуць ЗША лідарства на Блізкім Усходзе і распрацаваць надзейную стратэгію па Сірыі, піша The Washington Times.

Па словах Макейна, грамадзянская вайна ў Сірыі правакуе міжрэлігійны канфлікт у рэгіёне, які выгадны Ірану.

На мінулым тыдні сенатар наведаў Емен, Іярданію і Турцыю і стаў самым высокапастаўленым амерыканскім чыноўнікам, які наведаў Сірыю з моманту пачатку вайны ў 2011 годзе. Там ён сустрэўся з прадстаўнікамі паўстанцаў.

«На дадзены момант адзіныя, хто не атрымлівае зброі ў Сірыі — гэта камандзіры ўмераных груп апазіцыі. Калі нехта мяркуе, што Асад будзе гатовы на мірныя перамовы з паўстанцамі, калі яму здаецца, што ён перамагае — той відавочна пакутуе ад галюцынацый. Чым больш будзе доўжыцца гэты канфлікт — тым больш уплыву будзе ў экстрэмістаў. Вакууму ўласціва запаўняцца», — падзяліўся Макейн сваімі ўражаннямі ад паездкі.

Сенатар заявіў, што ЗША здольныя паўплываць на сітуацыю ў Сірыі пры наяўнасці палітычнай волі з боку прэзідэнта,
перадае «Голас Амерыкі».

«Часам яго нерашучасць заводзіць мяне ў тупік. Вядома, што падчас другога тэрміну прэзідэнты пачынаюць думаць пра сваю спадчыну. Прэзідэнт Абама таксама відавочна думае пра яе і, мяркуючы па ўсім, яму не хочацца стаць Джорджам Бушам, умяшаўшыся ў канфлікт, з якога не відаць выхаду», — сказаў Макейн.

Прадстаўнікі адміністрацыі Барака Абамы лічаць, што раздробленасць сірыйскай апазіцыі перашкаджае аказанню ім дапамогі зброяй, якое толькі прывядзе да большага кровапраліцця.

Макейн перакананы, што нерашучасць Амерыкі гуляе на руку Асаду і экстрэмістам, якія далучыліся да барацьбы супраць кіруючага рэжыму ў Сірыі. Ён лічыць, што як раз умяшанне ЗША магло б стабілізаваць сітуацыю.

«Не варта меркаваць, што мы павінны знішчыць кожны сродак СПА або накіраваць тысячы салдат, каб змяніць сітуацыю ў Сірыі. У нас абмежаваны выбар. Мы можам выкарыстоўваць зброю далёкага дзеяння, напрыклад крылатыя ракеты, мэтай якіх стануць ваенна-паветраныя сілы Асада і ракетныя ўстаноўкі. Наўрад ці „Хізбала“ пасылала б у Сірыю баевікоў, а Расія — зброю, калі б яны лічылі, што ЗША гатовыя ўмяшацца. Некаторыя надзеі, спароджаныя „арабскай вясной“, развеяліся з-за адсутнасці амерыканскага лідарства. Мы маглі б дапамагчы ўстанавіць „зону бяспекі“ для апазіцыі ў Сірыі, пад абаронай ракет Patriot, дзе яны абвясцілі б аб стварэнні пераходнага ўрада. Гэтую зону мы можам абараніць ракетамі Patriot. І мы можам арганізаваць паўнавартасную аперацыю па навучанні і аснашчэнні сірыйскіх апазіцыйных сіл», — сказаў Макейн.

Сенатар лічыць, што адміністрацыя прэзідэнта не павінна была аб’яўляць ужыванне хімічнай зброі ў Сірыі «чырвонай рысай», перасячэнне якой зменіць правілы гульні, калі яна не была гатовая ўмяшацца, калі гэта адбудзецца.

«Калі ЗША не здольныя адказваць за свае словы — гэта дэмаралізуе нашых саюзнікаў і абнадзейвае нашых ворагаў. Паводле справаздачы ААН, Асад выкарыстоўваў хімічную зброю. „Чырвоная рыса“, заяўленая прэзідэнтам Абамам, відавочна была перасечаная не аднойчы. ЗША павінны ізноў стаць лідарамі — і пачаць са змены палітыкі ў Сірыі. Французы, англічане гатовыя ўмяшацца. Мы не можам замкнуцца ў „Крэпасці ЗША“. Мы не зможам выправіць усе, што не так на Блізкім Усходзе, але мы павінны праявіць больш уцягнутасці — гэта ў нашых нацыянальных інтарэсах», — заявіў ён.

«Ці прывядзе ўсё гэта да неадкладнага завяршэння канфлікту? Магчыма, не.
Але ці дапаможа выратаваць жыцці ў Сірыі? Ці дасць умеранай апазіцыі больш шанцаў на поспех? Ці дапаможа ператварыць канфлікт у стратэгічны правал Ірана і „Хезбала“? Па-мойму, адказ на гэтыя пытанні станоўчы», — дадаў ён.

Таксама сенатар раскрытыкаваў і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

«Становіцца ўсё больш зразумела, што Уладзімір Пуцін рухаецца ў кірунку да паводзінаў дыктатара, месцамі эксцэнтрычных паводзінаў. Расійцы працягваюць казаць, што ім патрэбны порт у Сірыі. Навошта? Якое значэнне гэта мае цяпер? І як менавіта іх падманулі ў Лівіі — няўжо ў Маскве лічылі, што нашай мэтай было пакінуць Кадафі на яго пасадзе», — сказаў Джон Макейн.

Нагадаем, некалькі дзён таму Камітэт па замежных справах сената ЗША ўхваліў законапраект, які санкцыянуе пастаўкі зброі для часткі сірыйскай апазіцыі.

У дакуменце адзначаецца, што пастаўкі будуць тычыцца толькі тых груп паўстанцаў, якія адпавядаюць «пэўным крытэрам у сферы правоў чалавека і барацьбы з тэрарызмам».

Законапраект таксама прадугледжвае ўвядзенне санкцый у дачыненні да асобаў, абвінавачаных у продажы зброі і ваеннай тэхнікі рэжыму Асада.

Канфлікт паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Асада, перарос у грамадзянскую вайну, якая працягваецца ў Сірыі з сакавіка 2011 года.
Паводле дадзеных ААН, з пачатку ваенных дзеянняў у Сірыі загінулі не менш за 80 тысяч чалавек. Вялікабрытанія і ЗША заявілі пра магчымасць паставак узбраення апазіцыі пасля інфармацыі аб ужыванні войскамі Асада хімічнай зброі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?