З 1 ліпеня гэтага года дэпартамент «Белаўтадар» страціць правы юрыдычнай асобы ў складзе Міністэрства транспарту і камунікацый.

Такое рашэнне прынята ў сувязі з выкананнем норм прынятага ў красавіку ўказа № 168, які прадугледжвае скарачэнне колькасці дзяржапарату на 25%. Замест дэпартамента з’явіцца галоўнае ўпраўленне аўтамабільных дарог у складзе Мінтранса. Пры гэтым колькасць супрацоўнікаў апарату дарожнай структуры паменшана.

У Мінтрансе таксама паведамілі, што разам з гэтым плануецца стварэнне дарожна-будаўнічага холдынгу «Белаўтадар», які аб’яднае галіновые будаўнічыя трэсты і арганізацыі, якія займаюцца абслугоўваннем дарог.

«Будзе створана адзіная магутная структура з адзінай каардынацыяй працы, якая зможа ў тым ліку ўдзельнічаць у міжнародных тэндарах на вытворчасць дарожна-будаўнічых работ», — патлумачылі ў Мінтрансе.

***

Дэпартамент «Белаўтадар» быў створаны ў 2001 годзе пасля ліквідацыі камітэта па аўтамабільных дарогах пры Міністэрстве транспарту і камунікацый. Асноўнымі задачамі «Белаўтадара» з’яўляюцца распрацоўка і рэалізацыя дарожнай палітыкі, накіраванай на рацыянальнае развіццё і паляпшэнне тэхнічнага стану сеткі аўтадарог агульнага карыстання, задавальненне патрэб эканомікі і насельніцтва краіны ў аўтатранспартных паслугах, стварэнне ўмоў для развіцця сацыяльнай сферы; правядзенне эканамічнй і навукова-тэхнічнай палітыкі ў галіне дарожнай гаспадаркі; кіраванне рэспубліканскімі аўтамабільнымі дарогамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?