Спявае бард Вольга Цярэшчанка.

Спявае бард Вольга Цярэшчанка.

Спявае бард Вольга Цярэшчанка.

Спявае бард Вольга Цярэшчанка.

Паэт Усевалад Сцебурака.

Паэт Усевалад Сцебурака.

Пісьменнік Максім Клімковіч, які нядаўна азначыў 55-годдзе.

Пісьменнік Максім Клімковіч, які нядаўна азначыў 55-годдзе.

Бард Андрэй Мельнікаў.

Бард Андрэй Мельнікаў.

Свята паэзіі «Дух – гэта, людзі, я!» стыхійна ўтварылася восем гадоў таму, пасля смерці геніяльнага паэта. Памяць аб ім пачалі ўшаноўваць сябры-літаратары і сёстры Анатоля.

Спачатку збіраліся пад крыжам, усталяваным на магіле, дзе потым паўстаў помнік у форме крыжа з салаўіным гняздом каля скроні.

У мінулым годзе гомельская моладзь выткала ручнік для Анатоля, якім і ўпрыгожылі салаўінае гняздо. «Памірай, а жыта сей! Рунь пра сейбіта раскажа», – выбілі радкі на помніку.

Звыкла на панадворку хаты, дзе жыў Цішка (вясковая мянушка паэта) найбольш гучаць два словы «Сыс» і «Холадна!». У тым годзе паэтаў і бардаў нават снегам пазамятала.

З-за таго холаду ў літаратараў час ад часу ўзнікаюць думкі перанесці свята ў нейкае памяшканне. Але маленькая хацінка Цішкі наўрад ці змесціць усіх жадаючых дакрануцца да высокага слова.

А з «афіцыйнымі» памяшканнямі – цяжкавата. Здаецца, дамовіліся сябры СБП наконт выступаў сёлета ў Бронненскай школе (дзе вучыўся Сыс), ды нешта адміністрацыя навучальнай установы перадумала.

«Дзве-тры гадзіны выстаяць-выслухаць вершы-успаміны могуць толькі сапраўдныя аматары паэзіі. Тут збіраюцца вынослівыя людзі. Гэй, трактар- «Беларус!» Не заглушыць табе беларускую паэзію!», – жартаўліва прыгразіў трактару, які раз-пораз праносіўся паўз хату, паэт і крытык Міхась Скобла.

Літаратары разважалі – на якую дату перанесці свята, каб не мерзнуць? На дзень смерці ў траўні? На 2 чэрвеня – калі ў раённай газеце быў надрукаваны першы верш паэта?

Пакуль жа вырашана ўсё-такі адзначаць дзень народзінаў святам паэзіі ў кастрычніку. Праўда, Алесь Пашкевіч падзяліўся, што ў наступным годзе, магчыма, усё-такі пройдуць паэтычныя чытанні ў роднай школе Анатоля.

Таксама ўзнікла дыскусія – ці варта выдаваць усё, што напісаў Анатоль? «Ён вельмі строга ставіўся да сваёй творчасці, і не друкаваў усё, што напісаў. Пасля смерці яго сястра знайшла дзве тэчкі з творамі, якія Анатоль не хацеў друкаваць пры жыцці. Гэта рэч этычная – ці варта друкаваць усё?», - разважаў Барыс Пятровіч.

Міхась Скобла казаў, што Анатоль Сыс, можа, і не вельмі шмат напісаў, але ён не запляміў сваю творчасць пустапарожнімі вершамі.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ ім.Ф.Скарыны, прафесар Іван Штэйнер падрыхтаваў новае эсэ пра творчасць свайго былога студэнта.

«Ніколі б мы не падумалі, што звычайны наш студэнт будзе вялікім паэтам. Праўда, ён заўсёды выдзяляўся сярод іншых сваёй няўрымслівасцю.

Хоць Анатоль і казаў, што «Я вучыўся ў гомельскім універмагу», але ён захоўваў патэтыку ў адносінах да ўніверсітэту, выкладчыкаў. Пра нашу кафедру ён казаў, што «Каб вас не было, дык і мяне б не было».

У эсэ я па-новаму спрабаваў разгледзець творчасць, спадчыну Сыса на фоне як беларускай, так і славянскай, еўрапейскай паэзіі. Мы толькі падступаем да даследавання яго спадчыны. Новае пакаленне будзе прыходзіць, перачытваць, а паэзія Сыса жыве – і будзе жыць», - падкрэсліў загадчык кафедры.

Новае пакаленне – дзеці паэтаў, таксама прысутнічалі на свяце, і нават чыталі вершы. Так, на імпрэзе адзначыліся дэкламацыяй дачка Сяржука Сыса і Галіны Дубянецкай Станіслава і сын Ларысы Раманавай Ціхан.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч узгадваў, як 25 гадоў таму, у 1988 годзе Анатоль Сыс быў адным з арганізатараў «Дзядоў», і першы агучыў спіс рэпрэсаваных беларускіх літаратараў. «Заўсёды беларускія літаратары вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Так было ў дваццатыя гады, так і ў васьмідзесятыя, калі паўставала адраджэнне. Беларушчына пайшла, можна так сказаць, з Гомеля. Менавіта тут жылі і працавалі ў 80-х Анатоль і Сяржук Сыс, Алесь Бяляцкі, Таццяна Сапач, Сяргей Дубавец», - дадаў старшыня СБП.

Вершамі ўзгадалі слыннага паэта Алесь Пашкевіч, Сяржук Сыс, Генадзь Лапацін, Ларыса Раманава, Усевалад Сцебурака, Аксана Данільчык. Песнямі ўшанавалі яго Зміцер Бартосік і Андрусь Мельнікаў.

Бард Вальжына Цярэшчанка паклала на музыку верш «Безназоўнае» Анатоля Сыса. Песня была прадстаўлена ў Гарошкаве ўпершыню.

Склалася традыцыя ахвяраваць свае новыя кнігі «хаце Сыса». Так калекцыя папоўнілася «Выбраным» Івана Штэйнера, кнігай пра абрад «Свяча» Генадзя Лапаціна і апошнім нумарам «Дзеяслова» з артыкулам Алеся Бяляцкага пра «Дзяды-88».

Кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў перадалі і настаўнікам Бронненскай школы.

Сталічныя паэты пасля афіцыйнай часткі адразу рванулі ў Менск. Гомельскія ж літаратары і прыхільнікі засталіся на нейкі час на панадворку, каб абмеркаваць былое і думы. У верандзе хаты Анатоля Сыса самотна сядзелі яго землякі, якія слухалі ў запісе з мінулагодняга свята паэзіі песню «Сяброў» «Жар-птушка» у выкананні Зміцера Бартосіка. Колькі разоў вяскоўцы нанава ставілі «Павуцінка ўверсе, павуцінка ў верасе, Павуцінка ў тваіх і у маіх валасах».

Пад вечар разыйшліся і вяскоўцы. Засталася ў хаце адна Тамара Ціханаўна, сястра паэта.

***

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка ў Гарошкаве. Скончыў ГДУ ім.Ф.Скарыны. Друкаваўся ў 1974 года. Выдаў зборнікі паэзіі «Агмень», «Пан Лес», «Сыс». Зборнік «Лён» выйшаў з друку пасмяротна. Памёр у траўні 2005 году.

«Беларусь мая, мая магіла, з бел-чырвона-белага радна.
Ці кашулю мне на смерць пашыла?
Беларусь мая, мая магіла.
Ты ж адна ў мяне, як ёсць адна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?