Набліжаюцца трэція ўгодкі тэрактаў у Нарвегіі. Замест класічнага помніка нарвежцы плануюць «перарэзаць» востраў Утоя і на месцы трагедыі стварыць фіёрд.
Нетыповы помнік спраектаваў шведскі мастак Ёнас Дальберг. Праект прадугледжвае аддзяленне ад вострава невялікага кавалку штучным фіёрдам шырынёй 70 метраў, які мае сімвалізаваць раны. У скале будуць выбітыя імёны ахвяраў.
Ідэя помніка з'явілася, калі мастак быў на востраве. «Мы стаялі на тым самым месцы, дзе мноства людзей страціла жыццё, і я бачыў, што прырода пачала ўжо паціху прыхоўваць сляды таго, што адбылося. Мне захацелася стварыць нешта больш трывалае, чым класічны помнік, — нешта ў самой прыродзе», — тлумачыць Дальберг.
***
22 ліпеня 2011 г. у Нарвегіі Андэрс Брэйвік здзейсніў два тэракты, падчас якіх загінула 77 чалавек. Брэйвік быў асуджаны на 21 год турмы з магчымасцю працягнення пакарання.