Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла сваякам Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных два гады таму па абвінавачанні ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро, у аднаўленні справы па новаадкрытых акалічнасцях. Аб гэтым паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
У сакавіку маці і сястра Уладзіслава Кавалёва накіравалі заяву генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку, у якім прасілі вынесці пастанову аб распачынанні вытворчасці па гэтай крымінальнай справе па новаадкрытых акалічнасцях.
Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр абгрунтоўвалі гэта тым, што Камітэт ААН па правах чалавека, куды яны звярталіся са скаргай, устанавіў: беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва. Паводле меркавання гэтага міжнароднага органа, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: забарону прымянення фізічнай сілы і прымусу да дачы паказанняў супраць сябе, прэзумпцыю невінаватасці.
Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не з`яўляўся незалежным і бесстароннім, было парушана права на перагляд прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй.
У сваёй заяве жанчыны адзначалі, што выяўленыя Камітэтам ААН па правах чалавека парушэнні палажэнняў міжнароднага пакта пасля пакарання смерцю могуць быць выпраўлены толькі шляхам перагляду справы, а іх устараненне неабходна для забеспячэння правасуддзя ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і яго пасмяротнай рэабілітацыі.
Паводле меркавання праваабаронцы, які прадстаўляў маці і сястру Уладзіслава Кавалёва ў Камітэце ААН па правах чалавека, смяротны прысуд быў вынесены па выніках судовага разгляду са шматлікімі працэсуальнымі парушэннямі. Адзіная магчымасць для сваякоў Уладзіслава рэабілітаваць яго хаця б пасмяротна — гэта дамагчыся аднаўлення справы і яе паўторнага разгляду.
«З адказу генпракуратуры, які атрымалі Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр вынікае, што рашэнне Камітэта па правах чалавека па справе Уладзіслава Кавалёва не ўваходзіць у пералік падстаў для перагляду справы па новаадкрытых акалічнасцях, прадугледжаны артыкулам 218 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі», — сказаў праваабаронца.
Ён адзначыў, што маці і сястра Уладзіслава Кавалёва не згодны з такім адказам і маюць намер абскардзіць яго, бо лічаць: ёсць усе падставы для правядзення праверкі ў метах працэдуры распачынання справы па новаадкрытых акалічнасцях.
«У беларускім крымінальным заканадаўстве ў дачыненні да справы Кавалёва няма іншага прававога механізму выпраўлення парушэнняў, устаноўленых Камітэтам па правах чалавека ААН», — рэзюмаваў праваабаронца.
Нагадаем, смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 года Вярхоўным судом. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. 11 сакавіка 2012 года маці і сястра Уладзіслава Кавалёва апошні раз сустрэліся з ім на спатканні. 17 сакавіка 2012 года сваякі Кавалёва атрымалі з Вярхоўнага суда ліст аб тым, што 15 сакавіка прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Скарга маці Уладзіслава Кавалёва і яго сястры Таццяны Казяр была зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня 2011 года, разгледжана — 29 кастрычніка 2012 года.