Украіна выстаяла супраць расійскай ваеннай агрэсіі і вызваліць Данецк і Луганск ад тэрарыстаў.

Пра гэта ў парламенце заявіў прэм'ер Арсень Яцанюк, адчытваючыся за 100 дзён дзейнасці свайго ўрада.

«Тыя 100 дзён, якія перажыла цяпер Украіна, я хацеў бы ахарактарызаваць словамі — мы выстаялі», — заявіў прэм'ер.

Паводле яго слоў, Украіна яшчэ ніколі не была ў такіх складаных умовах, бо «ўпершыню мы сутыкнуліся з непрыхаванай расійскай ваеннай агрэсіяй».

«Расія анексавала ўкраінскую тэрыторыю АР Крым. Не спыніўшыся на Крыме, яны спрабуюць пайсці далей. Усё, што адбывалася ў Данецку і Луганску з'яўляецца расійскай ваеннай інтэрвенцыяй», - заявіў Яцанюк.

Ён лічыць, што ўкраінцы прадэманстравалі мудрасць, выбраўшы прэзідэнта ўжо ў першым туры, нягледзячы на расійскую агрэсію.

«Ва ўкраінцаў могуць узнікнуць пытанні, як далей працаваць ўкраінскай уладзе. Я як кіраўнік урада заяўляю: прэзідэнт, парламент і Кабмін будуць дзейнічаць як адзінае цэлае», - запэўніў Яцанюк.

Ён лічыць, што калі украінцы захаваюць сваё адзінства, то ў іх атрымаецца перамагчы ў гэтай вайне.

«Украіна пазбавіцца тэрарыстаў, і мы вызвалім Данецк і Луганск ад тых, хто робіць замах на іх будучыню. Тэрарызм і бандытызм, які фінансуецца Расіяй, будзе знішчаны», - запэўніў прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?