Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заклікае да неадкладнага вырашэння гуманітарнай катастрофы на ўсходзе Украіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы лідараў мытнай «тройкі», Украіны і прадстаўнікоў ЕС/

«Цяпер трэба забяспечыць перш за ўсё маштабную гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пацярпела, — падкрэсліў казахстанскі лідар. — Расійская Федэрацыя пачала ўжо яе аказваць. У гэтым працэсе павінны прыняць удзел міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Мытны саюз, СНД». 

Казахстан са свайго боку гатовы аказаць падтрымку, у тым ліку па лініі казахстанскага аддзялення таварыства Чырвонага Крыжа. Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, гэта арганізацыя таксама можа выступіць у якасці нейтральнага пасрэдніка пры канваіраванні гуманітарных грузаў іншых дзяржаў. 

«У цэлым важна забяспечыць непрадузяты міжнародны кантроль над дастаўкай гуманітарнай дапамогі Украіне. Таму я заклікаю канфліктуючыя бакі аб'явіць перамір'е на час аказання дапамогі людзям», — сказаў Нурсултан Назарбаеў.

«Патрэбна мірная перадышка, гэта дасць магчымасць выратаваць жыцці мірнага насельніцтва, якое стала заложнікам ваенна-палітычнага процістаяння. Мы асуджаем насілле, заклікаем бакі да хутчэйшага спынення агню. У гэтым працэсе павінна быць актыўна задзейнічана АБСЕ, якое можа выступіць гарантам выканання міжнародных дамоўленасцей», — сказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што поўнамаштабная дапамога ўсёй міжнароднай супольнасці патрэбна не толькі паўднёваму ўсходу Украіны, але і ўсёй украінскай эканоміцы. На думку Нурсултана Назарбаева, у гэтым павінны прыняць удзел суседзі Украіны - як на Захадзе, так і на Усходзе. «Гэта крытычна важна для прадухілення сацыяльна-эканамічнага калапсу ва Украіне», — упэўнены казахстанскі лідар.

Нурсултан Назарбаеў лічыць важным сумесна абмяркоўваць вострыя пытанні і знаходзіць кампрамісы - зразумела, што лёгкіх рашэнняў няма. Ён звярнуў увагу, што сустрэча ў Мінску - унікальны шанц для пошуку аптымальных шляхоў для пераадолення самага маштабнага крызісу ў рэгіёне. Прэзідэнт Казахстана выказаў надзею, што дыялог, які пачаўся, паслужыць стабілізацыі сітуацыі ва Украіне і ў рэгіёне ў цэлым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?