У мінулую пятніцу выйшаў першы альбом Brutto – новага праекта Сяргея Міхалка, які сам мастацкі кіраўнік гурту называе «зборнай андэграўнду».

У дзень выхаду Underdog’а мы стэлефанаваліся з Міхалком і пачулі, хто будзе разам з ім спяваць у Brutto, чаму ён адчувае сябе вікінгам на вялізным востраве і для каго гэты альбом будзе сапраўдным выклікам.

«Мне важна было зрабіць новы парадаксальны стайл зносін са светам»

— Якія першыя рэакцыі паступаюць на альбом? І што ты сам цяпер адчуваеш?

— Я ў захапленні і нарэшце адчуваю сябе як Маўглі, які паказаў сябе рудым сабакам. У мяне адчуванне, што я ў цэнтры песні жыцця. Што наша невялікая зграя — у эпіцэнтры велічэзнай песні джунгляў. Калі наш крык, наш выклік пачулі ўсе. Пачулі і сланы, і ўдавы, і кракадзілы. Першымі пачулі, вядома ж, шакалы, якія швэндаліся побач.

Мне вельмі была патрэбная рэакцыя. Афіцыйна групе 12 дзён 12 гадзін 40 хвілін. Адзнач гэта, калі ласка. І пра Brutto ведаюць усе. Праект, які я задумаў вельмі даўно, таіў яго, рабіў паціху, які ствараўся практычна год. Гэта ж мэйнстрымавы велічэзны праект, які затым з шалёнай хуткасцю будаваўся з чалавечых ідэйных модуляў.

Цяпер ідзе велізарная рэакцыя. А рэакцыя мне і маёй камандзе патрэбная як вікінгам, што высадзіліся на брытанскі бераг. Яны не ведаюць ворага ў твар. Яны проста самкнулі шчыты і глядзяць, хто на іх ляціць, як яны адлятаюць і падаюць. Галоўнае цяпер – трымаць строй. Таму што Brutto – гэта не толькі гурт, гэта яшчэ і такое маштабнае паўваенізаванае падраздзяленне.

Мы цалкам разумелі, што гэта выкліча велізарны рэзананс. 12 дзён! Дзе хто чуў у сучасным свеце, што гурт за 12 дзён ўжо мае дзясяткі тысяч і прыхільнікаў, і хэйтараў?

— Ну гэта ж зразумела. Тут Міхалок, а не Brutto выклікае цікавасць, і ў прынцыпе любы праект, які б ты цяпер зрабіў, напэўна, гэтак жа абмяркоўваўся б.

— Дык у гэтым і парадокс, што калі б напісалі «той жа «Ляпіс», толькі від збоку» — тады б я лічыў, што прайграў. Я, калі рабіў Brutto, пазбаўляўся ад усіх мемаў «Ляпіса». Ніякага ска, ніякіх духавых секцый, ніякіх складаных і насычаных метафарамі тэкстаў. Няўжо нехта на поўным сур’ёзе можа думаць, што чалавек, які напісаў «Клоуна нет», «Я верю» або «Воины света», які можа гадзіну несці поўную ахінею на любыя тэмы, зрабіў выпадковую памылку і ў песню «Мяч» не ўставіў 2—3 сур’ёзныя метафары? Гэта стыль Brutto. Мне важна было зрабіць новы парадаксальны стайл зносін са светам.

Я, Міхалок, меншы ў 10 разоў за Brutto. Калі б я быў большы ў 10 разоў, то тады б пісалі, што Міхалок страціў розум. А так нехта піша, што Міхалка мала, нехта піша, што выдатны гурт, але Гуркоў дрэнна спявае. Але Гуркоў спявае адборна і па справе. І гэта спявае заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па тайскім боксе. А калі «Гири» спявае Бразіл, які цісне па 140 кг ад грудзей — слухач павінен не сумнявацца, што спявае чалавек, які пра гэта ўсё ведае. Калі ўсе астатнія хадзілі ў музычную школу, ён падымаў гіры і біўся на раёне. У гэтым пасыл. У гэтым сур’ёзны элемент тру.

Brutto — гэта зборная, dream team андэграўнду. З намі ў камандзе Лэфт – адэская зорка хардкору, легендарны чалавек з гурту Homesick. Яго ведаюць ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Ён у хардкоры ўжо больш за 12 гадоў. І ён з намі ў гэтай зборнай.

Няўжо нехта можа лічыць, што мы рабілі нешта неабдумана? Палова групы — веганы, людзі непітушчыя. Мы не маглі гэта зрабіць па п’янцы, па бравадзе, па дурасці. Кожны з нас прыйшоў у Brutto свядома. Кожны з нас — чалавек са сваім устойлівым светапоглядам, які зрабіў дакладны мужчынскі крок. Таму я згубіўся сярод іх і шчаслівы, што спяваю ўсяго толькі чатыры песні.

«Гуркоў спявае ах*енна і па справе» 

Ёсць чалавек, які лепш за мяне размаўляе па-беларуску. Чалавек, які першым з беларускіх спартоўцаў пачаў даваць інтэрв’ю на роднай мове. Гэта — Віталь Гуркоў. І калі ён спявае «Наша возьме», ніхто яму не скажа, што ён строіць дурня. А калі б гэта спяваў я, мне сказалі б: «Ды ён строіць дурня! Выйдзі на рынг!» І я сказаў бы: так, хлопцы, на рынгу я не быў, і на рынг я ганьбіцца, як спявак Сярога або Джыгурда, не пайду. Таму што я паважаю бокс, я паважаю спартоўцаў. Я займаюся боксам, каб спяваць песні і не задыхацца, і раблю гэта для сябе. А калі спявае Гуркоў (якога мы ў нашай брыгадзе называем Гурок), то тады ўсе ведаюць, што гэты чалавек здольны ісці да канца. Усе ведаюць, хто ён і што ён. Яго шлях бачны ў яго шнарах, яго ўчынках, і ў гэтым сэнс, што менавіта ён спявае радкі Якуба Коласа «Наша возьме».

Я ў нашай dream team усяго толькі мастацкі кіраўнік. І прынёс туды толькі свой вопыт. Побач са мной людзі, у якіх я вучуся. У гурце ёсць людзі, якія лепш за мяне б’юцца, якія лепш ведаюць андэграўндную музыку. Бразіл — гэта хардкор, гэта каляфутбол. Пеця з Адэсы мне распавядае пра гурты, нават назваў якіх я не чуў. Лэфт спявае прыгажэй за мяне. Што значыць прыгажэй? Так, як ён спявае кавэр Duran Duran, калі ў яго на твары зуб выбіты і зламаны нос, і ў гэтага чалавека дзве вышэйшыя адукацыі, і ён спявае па-англійску лепш, чым усе нашы хіпстарскія паслядоўнікі Joy Division, уся гэтая кодла-додла – то тады захоплівае дух. Нехта здзіўляецца: чаго гэтыя тармазы Duran Duran паставілі ў альбом? А мы паказалі, што можам быць рамантычнымі, можам улюбляцца, мы ведаем, што такое мелодыя. Але — чытай вышэй! Калі трэба, мы з паэтаў, вясёлых і класных хлопцаў, ператвараемся ў чувакоў, якія могуць даць па мордзе.

Кожны з нас біўся ў сваім жыцці. У нас няма ў гурце чалавека, які строіў бы дурня. І гэта ўжо не гурт, гэта велічэзны масіў. Тое, што мы ўбачылі ў верасні, – гэта вынік працы парадку пяцідзесяці чалавек. Пяцідзесяці! Гэта тыя, хто непасрэдна рабіў нешта — гук, рэпетыцыі. Я толькі змадэляваў сітуацыю і той свет, у які прыйшлі чувакі і зрабіліся Brutto. Ніколі ў жыцці я ў адзіночку такога масіву не зрабіў бы. У параўнанні з «Ляпісам Трубяцкім» тут іншыя ўзроўні, іншыя хуткасці.

— Значыць, у Brutto пяць вакалістаў: ты, Гуркоў, Бразіл, Пеця, Лэфт…

— Лэфт яшчэ і гітарыст. Вакалісты – гэта такая ўмоўная назва. У нас шмат розных функцый. У апошняй паездцы «Ляпіса» было шмат сур’ёзных момантаў, і Бразіл, напрыклад, выконваў ролю тафгая – чалавека, які, калі было трэба, разрульваў стромныя сітуацыі на сцэне.

«Праблема ў тым, што інтэлектуальная праслойка пагаджаецца быць цярпіламі»

— Не было жадання вытрымаць паўзу паміж «Ляпісам» і Brutto?

Рэч у тым, што як «ляпіс» я патух даўно. Я менапаўзу паміж «Ляпісам» і BRUTTO, паміж старым і новым «Ляпісам», вытрымліваў сем гадоў. Калі там «Ляпіс» патух? У 2001-м? А ў 2007-м з’явіўся «Капітал». Я ўжо вытрымаў гэтую паўзу і чакаў, калі прыйдзе хваля. 

І тое, што я напісаў у «Завяшчанні Ляпіса», – гэта ўсё не п*здзёж. Я прапаноўваў змяніць назву пасля альбома «Капітал». У мяне была назва «Рывок Юхансона», у мяне былі варыянты «Брутто», «Андердог». Я муціў гурт з нябожчыкам Сяргеем Кагадзеевым, і ён павінен быў называцца «Андердог», і гэта было таксама пра гантэлі і спорт. Гэтая «брута» жыла ўва мне даўным-даўно.

Таму ніякай паўзы не трэба было вытрымліваць. Мне неабходна было зрабіць толькі тэхнічныя дзеянні: падчас гастрольнага туру падрыхтаваць маналіт Brutto. Таму са мной ездзілі чувакі, якіх я сагітаваў рабіць праект. Яны павінны былі адчуць, што такое сцэна, павінны былі зразумець, па дарозе ім са мной ці не.

Таму Бразіл, Агурэц з’яўляліся на канцэртах. Потым Тапор пачаў з’яўляцца. Як яго назваць — вакалістам? Але ён і тафгай у нас, і служба бяспекі, і ён жа — рэжысёр, які зняў кліп Underdog. Ляпісаўскі прадзюсарскі цэнтр «Дзеці сонца» ніколі б не дазволіў зняць мэйнстрымавае дарагое відэа баксёру і футбольнаму хулігану. А я ўбачыў яго і зразумеў, што гэтаму чалавеку трэба рэалізавацца. Вось гэта і ёсць новы пасыл Brutto: гэта мастацтва, у якім могуць знайсці сябе людзі, якія ў прафесійным асяродку шоу-бізнесу лічацца маргіналамі і аматарамі. Ты зразумеў, у чым прыкол? Так, ён, Тапор, цяпер рэжысёр, бляха! І ён зняў Underdog, які стаіць побач з кліпам масцітага і прафесійнага Сашы Сцяколенкі (рэжысёр некалькіх кліпаў «Ляпіса Трубяцкога», а таксама першага відэа Brutto — 34mag). Абодвух я люблю, але многія кажуць, што Underdog нават круцейшы. І гэта зняў чалавек, для якога гэта – дэбютная праца. Але гэта чалавек, які ведае, што такое бокс, хто такі Махамэд Алі, ведае, што такое біць кувалдай па коле. Мне трэба было менавіта гэта. Мне важна, каб чалавек, які сёння заходзіць у спартзал, не змог прайсці міма свайго трэнера і не сказаць: «Ну што, лепшыя сябры мужчыны ў свеце цяжкія чыгунныя гіры? Га-га-га». Разумееш?

Мы з хлопцамі працуем па схеме: з раніцы прачнёмся, паглядзім новыя ўводныя і пачнём дзейнічаць. Мы — вікінгі. Глядзеў серыял «Вікінгі»? Гэта выдатны серыял. Яго няма ў рэестрах. Гэта не «Фарго». Гэта не Спэйсі з «Картачным домікам». Гэта «Вікінгі», канадска-ірландскі, здаецца, серыял. Там ёсць мачылава, там ёсць гісторыя. Але там менавіта пра гэта. Мы высадзіліся на велізарным востраве. Вакол – абывацелі, мяшчане, цывілы, каментатары партала tut.by. Гэта велізарнае дзікае асяроддзе, у якім усё, што звязана з хардкорам, нават спортам, падвяргаецца тролінгу.

Цалкам інтэрв'ю Антона Кашлікава з Сяргеем Міхалком чытайце на 34mag.net.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?