malagacf.com

malagacf.com

Футбаліст БАТЭ нечакана перайшоў у іспанскі чэмпіянат. 26-гадовы футбаліст Ягор Філіпенка працягне кар’еру ў сонечнай Іспаніі — галоўны трэнер «Малагі» Хаві Грасія пажадаў бачыць цэнтральнага абаронцу зборнай Беларусі ў складзе сваёй каманды. Кантракт разлічаны да 2017 года.

Калі наш суайчыннік пераязджае ў топавы еўрапейскі чэмпіянат — гэта заўжды падзея. Асабліва цяпер, калі такія выпадкі можна заносіць у Чырвоную кнігу. Дык хто ён такі, наш новы легіянер на заходнім фронце?

Ранняя птушка

Ягор Філіпенка — звычайны мінскі хлопец. Пачынаў займацца ў «Змене», якая цяпер стала кузняй кадраў для футбольнага клуба «Мінск». Разам з ім спасцігаў азы футбольнага мастацтва і ягоны сябра па барысаўскім этапе кар’еры Міхаіл Сівакоў, які цяпер гуляе ва Украіне.

Што цікава, гуляць на высокім узроўні Ягор пачаў даволі рана — ужо ў 19 год ён складаў пару ў цэнтры абароны БАТЭ разам з Арцёмам Радзьковым.

Такі імклівы пачатак кар’еры рэдкі сярод цэнтральных абаронцаў: на гэтай пазіцыі звычайна выкарыстоўваюць больш вопытных гульцоў.

Ну а яшчэ праз год, у 2008, Ягора сустракалі ўжо ў маскоўскім «Спартаку». На жаль, з ходу зайграць у складзе чырвона-белых у Філіпенкі не атрымалася праз высокую канкурэнцыю. Яшчэ два гады ён правёў у арэндах па расійскай глыбінцы, а ў 2011 вярнуўся да роднай старонкі.

БАТЭ выкупіў у «Спартака» палову правоў на абаронцу за $600 тысяч.

Гэта была рызыкоўная здзелка — у свой час Філіпенка пераязджаў у Маскву ўсяго за $300 тысяч. Аднак беларус надта хацеў вярнуцца ў БАТЭ, нават быў гатовы выкупіць трансфер за ўласныя грошы.

Далей быў удзел у Лізе чэмпіёнаў у складзе БАТЭ, сенсацыйнае трэцяе месца на моладзевым чэмпіянаце Еўропы, выступленні за нацыянальную зборную і прызнанне найлепшым абаронцам чэмпіянату Беларусі сезона 2014. Цяпер жа перад Ягорам новы выклік— гульня ў чэмпіянаце, які ўваходзіць у сусветны топ-3.

У «Малагу» ён сышоў бясплатна. Кантракт са «Спартаком» і БАТЭ скончыўся 31 снежня 2014.

malagacf.com

malagacf.com

Абаронца

Філіпенка — класічны цэнтральны абаронца. Высокі, але не вельмі фактурны. Добра дзейнічае на другім паверсе, смела ідзе ў адбор, мае неблагі першы пас. Гуляе з імпэтам. Не ўзгадаеш, каб гэты чалавек не хацеў змагацца за мяч і проста адбываў нумар на полі.

Адна з галоўных ягоных якасцей на полі — надзейнасць. Ён не схільны «пажарыць» нават у самых складаных сітуацыях.

Але акрамя сваіх прамых функцый,Філіпенка-абаронца можа ў патрэбны момант і «стрэліць». Так, у сваёй кар’еры ён забіў некалькі важных мячоў, сярод іх— гол у вароты зборнай Чэхіі на вышэйзгаданым моладзевым чэмпіянаце Еўропы. Гэта быў матч за «бронзу», і менавіта дакладны ўдар Філіпенкі на 88-й хвіліне прынёс нашым хлопцам перамогу з мінімальным лікам і пуцёўку на Алімпіяду (упершыню ў гісторыі).

«Троль», душа кампаніі і любімец публікі

Без сумневу, Філіпенка — самы медыяактыўны футбаліст краіны. Партнёры і сябры гульца расказваюць пра жарты і байкі, якія з’яўляюцца найлепшымі спадарожнікамі Ягора. Ягоныя інтэрв’ю і пасляматчавыя каментары— гэта проста скарб для спартыўных журналістаў. Увогуле, словы «Філіпенка» і «сумна»— гэта антонімы. Ёсць спадзеў, што нават няведанне іспанскай мовы дапаможа жыццелюбіваму беларусу ўліцца ў новы калектыў.

Сацыялізацыі будзе спрыяць і любоў Ягора да свецкіх тусовак. Філіпенка любіць адпачыць у начных клубах, якімі Іспанія акурат славіцца. Малага знаходзіцца на самым узбярэжжы Міжземнага мора і прыцягвае шмат турыстаў.

Так што нежанаты і гаварлівы легіянер можа стаць добрай мішэнню для мясцовых прадстаўніц слабага полу.

Да таго ж Філіпенка — не проста хахмач, а яшчэ і лідар, завадзіла ў камандзе.

«Такога, як Ягор, наогул цяжка адшукаць. Ёсць моманты, калі трэба проста сабраць усіх і пайсці напіцца. І Філіпенка здольны гэта арганізаваць. Не, ніхто не кажа, што футбалісты пасля валяюцца. Проста адбываецца аб’яднанне каманды. Ягор — любоў нашых заўзятараў, нашых трэнераў, мая любоў, нарэшце», — так характарызуе футбаліста кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі.

Калі не адбудзецца нейкага форс-мажору, Філіпенка зможа хутка абжыцца і ў Іспаніі: як з гульнявога боку, так і ва ўсіх астатніх аспектах.

Меркаванне эксперта

Мікіта Мелказёраў — рэдактар футбольнага аддзела беларускай Tribuna.com, а таксама сябар Ягора Філіпенкі (яны разам займаліся ў футбольнай акадэміі «Змены»).

Мне здаецца, у яго еўрапейскія характар і ментальнасць, запраўленыя здаровым нахабствам. Раней, калі Філіпенка быў зусім маладым, гэта магло падацца нейкім быдляцтвам, але цяпер ён ужо набыў густ. Нават Анатоль Капскі адзначаў, што Філіпенка можа «затроліць» каго заўгодна. І зрабіць гэта іранічна, стылёва і зусім не брыдка.

Дзіўна, але Філіпенка вырас у добрага футбаліста менавіта ў Беларусі.

Зразумелая справа, чалавек з’ездзіў у Расію. Але, калі шчыра, той пераход адбыўся ранавата. У аснове «Спартака» на пазіцыі Філіпенкі тады гулялі вельмі сур’ёзныя легіянеры, за якіх былі заплачаныя даволі салідныя грошы. Атрымалася б дзіўна, калі б іх пасунуў малады і невядомы беларус.

Плюс пасля пераезду ў «Том» у Філіпенкі здарылася цяжкая траўма, якая прымусіла прапусціць яго, лічы, год. Знаходжанне ў «Сібіры» запомнілася хіба што дрэннымі паводзінамі гульца. Па маладосці Ягор кідаў коні, пакрыўдзіўшыся на галоўнага трэнера. Ягор сам расказваў, маўляў, займаўся глупствам на трэніроўках і часам нават адмаўляўся лятаць на выязныя матчы. Не самыя адэкватныя паводзіны.

Я не дурань і разумею, што расійскі футбол, на жаль, лепшы за беларускі, але трэба прызнаць: у чэмпіянаце суседзяў Ягор больш збіраў геаграфічныя ўражанні.

Усё ж не кожны жыў у Томску і Новасібірску. Ну, і жыццёвую упэўненасць. А канкрэтна футбольны вопыт у выглядзе Лігі чэмпіёнаў і паспяховага чэмпіянату Еўропы сярод моладзі быў набыты ўжо пасля вяртання дадому.

Памятаю, адбываліся спробы выкарыстоўваць Філіпенку ў апорнай зоне, але нічым паспяховым яны не павярнуліся. Таму Ягор канчаткова зацвердзіўся ў якасці цэнтральнага абаронцы. Чалавек мае рост 194 см, адпаведна, выдатна гуляе галавой. Ногі доўгія — адбор добры, атрымліваецца. Упэўнена пачынае атакі. Пад ціскам не пачынае панікаваць, спакойна разбіраецца ў сітуацыі. Каштоўныя якасці. Дасведчаныя людзі пацешна характарызавалі стыль гульні Філіпенкі ў родным чэмпіянаце: «Ходзіць пешшу і смяецца з нападаючых, час яму адсюль з’язджаць». 

У «Малазе» для беларуса складваецца даволі спрыяльная сітуацыя.

Зараз там два здаровыя цэнтральныя абаронцы. Адзін з якіх— Серхіа Санчэс— збіраецца сыходзіць з каманды. Другому — бразільцу Велінгтану — 35 гадоў. Яшчэ два хлопцы — панамец Чэн і партугалец Ферэйра — траўмаваныя. Таму ў Філіпенкі ёсць магчымасць сысці з карабля на баль і адразу загуляць. Наўрад ці яго ўжо чымсьці спалохаеш: хлопец і за зборныя паспеў пагуляць, і ў еўракубках. Ды і наогул — навошта баяцца, калі табе даецца такі круты шанец.

Таму я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна.

Самыя гарачыя выказванні Філіпенкі

«Мне хацелася блевануць»

— Як склалася гульня? Ніяк! Нічыйны вынік… За апошнія сем гадоў— гэта самы нікчэмны і слабы «Шахцёр», які я бачыў. Яны з першай хвіліны цягнулі час, выбівалі мяч наперад… Брамнік гэты падае, хоць там і блізка нічога не было. Шчыра кажучы, мне хацелася блевануць ў распранальні ад такой гульні «Шахцёра». Яны сваё ачко адсюль увялі. Галоўны трэнер радуецца нічыёй з намі…

Не ведаю, што гэта за каманда, якая не хоча перамагчы. Мне проста смешна!

«Я хаджу ў клубы і п'ю віскі»

— Да бараў я стаўлюся станоўча… Ну, як станоўча. Я проста не бачу нічога страшнага ў тым, што футбаліст пасля матча ідзе ў клуб, п’е піва ці віскі і едзе дадому. Гэта яго права. Футбаліст — такі ж чалавек, як ты ці хто-небудзь іншы. Тым больш на наступны дзень выхадны. У чым праблема? Іншая справа, калі прафесійны гулец на сталай аснове парушае рэжым пасярод тыдня, і гэта неяк адбіваецца на яго выступах. А рабіць трагедыю з таго, што, дапусцім, я пасля матча схадзіў у клуб, дзіўна. І так— я хаджу пасля матчаў у клубы, п’ю віскі і не бачу ніякай праблемы ў гэтым.

«Я сапраўды канфліктны чалавек»

— Так, ён [пункт гледжання] можа не падабацца 99% чытачоў. Але мяне гэта не хвалюе. Мяне можа не хваляваць меркаванне гэтых жа 99%. Можа быць, я сапраўды канфліктны чалавек. Але гэта мой характар. Так, у нейкай ступені я складаны чалавек. Так, характар у мяне няпросты. Так, часта не маю рацыі. Але мне цяжка нешта з гэтым зрабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?