На перамовах у Крамлі ў пятніцу. Фота Ройтэрз.

На перамовах у Крамлі ў пятніцу. Фота Ройтэрз.

Упершыню на беларускую зямлю ступіць нага канцлера Нямеччыны і прэзідэнта Францыі. Пра падводную частку мінскіх перамоваў можна здагадацца з паведамленняў з Мюнхена. Я маю на ўвазе не гістарычныя паралелі з 1938 годам, а міжнародную канферэнцыю, што адбылася ў цэнтры Баварыі на мінулых выхадных.

Пасля яе выразна стомленая канцлерка Германіі Ангела Меркель у нядзелю паляцела на сустрэчу з Абамам у Вашынгтон. Перад тым яна нечакана, узяўшы з сабой Алянда, у чацвер адправілася ў Кіеў, а ў пятніцу — у Маскву.

Вось ужо амаль год, як ва Украіне праліваецца кроў. Расія пасылае туды зброю і байцоў. У той жа час за цэлы год ЗША і краіны Еўрасаюза так і не распачалі паставак зброі ва Украіну. (Гэта не перашкодзіла Пуціну назваць украінскую армію «натаўскім легіёнам».)

Цяпер гэтае пытанне стала асноўным у заходніх сталіцах: пастаўляць ці не пастаўляць зброю Украіне. Менавіта пра гэта гаварылі ў Мюнхене, дзе сабраліся кіраўнікі краін Захаду.

Меркель выказвалася гранічна адкрыта. «Я не магу ўявіць сабе сітуацыю, калі Украіна стане настолькі добра ўзброеная, што Пуцін будзе думаць, што ён можа прайграць», — сказала яна. Урэшце, сказала яна, ЗША ж не ваявалі за ўз’яднанне Германіі пасля Другой сусветнай. Раз бо Кіеў не можа перамагчы ў вайне з Расіяй, то лепш пагадзіцца на часовыя межы, зберагчы жыцці людзей і захаваць веру ў больш справядлівую будучыню.

Ад Меркель, гэтай сціплай, як для палітыка, жанчыны, залежыць многае.

Меркель і Абама на сустрэчы ў Вашынгтоне ў нядзелю.

Меркель і Абама на сустрэчы ў Вашынгтоне ў нядзелю.

Асцярожны Абама хоча, каб пытанне пастаўкі зброі рашала яна. Ягоны віцэ-прэзідэнт Байдэн сказаў у суботу: «Паспрабаваць дасягнуць ганаровага міру мы павінны, але ўкраінцы маюць права абараняцца».

Рэспубліканцы, якія маюць большасць у Кангрэсе, традыцыйна настроеныя ў духу Рэйгана: імперыі зла трэба супрацьстаяць любымі даступнымі сродкамі.

Уплывовы сенатар Грэм у Мюнхене сказаў: «У Маскву можна ездзіць да пасінення». І заклікаў: «Уздыміцеся супраць брахні і пагрозы».

Кіраўнік амерыканскімі сіламі ў Еўропе генерал Фрэдэрык Ходжэс заявіў у інтэрв’ю «Уол-стрыт джорнал» у суботу, што, па ягоных ацэнках, Расія рыхтуецца да вялікай вайны «з некім» праз пяць-шэсць гадоў.

Мінск стаў месцам, дзе вайну хочуць прадухіліць. Хтосьці хоча, а хтосьці, магчыма, хоча проста выгадаць лепшыя пазіцыі для вырашальнага ўдару.

Хтосьці параўноўвае Мінск з Ялтай 1945 года, хтосьці – з Мюнхенам 1938-га. Меркель не мае ілюзій, якія меў Чэмберлен. Яна хоча выйсці з сітуацыі без вайны. Але, на жаль, адзіны, хто вырашыць, чым стануць мінскія перамовы – гэта Пуцін. Усе ведаюць, што думаюць заходнія лідары, але ніхто не ведае, што думае Пуцін.

Мір магчымы толькі тады, калі яго хочуць два бакі. Для вайны дастаткова волі аднаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?