«Спадзяюся, што пытаньне крэдыту для Беларусі будзе вырашанае яшчэ ў лютым — заявіў на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі часовы павераны ў справах Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес. — Цяпер гэтае пытаньне разглядаецца. Канкрэтную суму назваць не магу, але гаворка ідзе пра дастаткова вялікія грошы».

Магчыма, пытаньне крэдыту будзе вырашана падчас візыту ў Каракас у сярэдзіне лютага беларускай урадавай дэлегацыі на чале з дзяржсакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам, якая адбудзецца ў сярэдзіне наступнага месяца. Падчас візыту будзе ўдакладнена праграма прыезду Уга Чавэса ў Беларусь. Хутчэй за ўсё, лідэр Вэнэсуэлы наведае Менск напрыканцы лютага ці ў пачатку сакавіка. Гэта ўжо будзе трэці візыт Чавэса ў нашу краіну. Прыкладна ў гэты самы тэрмін ён прыляціць і ў Расею.

Таксама ў Каракасе можа быць падпісаны кантракт на газыфікацыю гораду Барынас. Будзе заключанае пагадненьне і аб пастаўцы ў Паўднёвую Амэрыку газавых плітаў «Гефэст» і наваградзкіх базавых балёнаў.

На гэты момант між Беларусьсю і Вэнэсуэлай утворана некалькі сумесных прадпрыемстваў: 3 — па машынабудаўніцтве (за акіянам будзе адбывацца зборка БелАЗаў, МАЗаў і трактароў «Беларусь»), 2 — па здабычы нафты, 1 — па будаўнічых матэрыялах.

Ужо актыўна вядзецца супрацоўніцтва па здабычы нафты. Штодня беларусы здабываюць у Вэнэсуэле 5 тысяч барэляў «лёгкай» нафты. Цяпер ідзе гаворка пра прадастаўленьне Беларусі яшчэ некалькіх радовішч, прынамсі, у шэльфе ракі Арынока. Дарэчы, Беларусь ня цалкам валодае гэтымі сьвідравінамі. Прыбыткі дзеляцца пароўну між нашай дзяржавай і Вэнэсуэлай. Цікавы момант, што Беларусі выдзелілі старыя сьвідравіны, якія ўжо больш за 50 гадоў. Аднак вэнэсуэльскі дыплямат запэўніў, што нафты ў іх яшчэ дастаткова.

Сп.Нуньес не адказаў наўпрост, які на сёньняшні дзень таваразварот між нашымі краінамі. Ён адзначыў, што сапраўднае супрацоўніцтва пачалося толькі летась. Да гэтага нашы адносіны базаваліся амаль выключна на экспарце ў Вэнэсуэлу хлёрыстага калію. «Нягледзячы на далёкую адлегласьць між краінамі, мы назіраем бурлівае разьвіцьцё ў нашых адносінах», — сказаў Амэрыка Нуньяс. Ня выключана, што ўжо сёлета ў Беларусь паступіць першая, 20‑тонная, партыя вэнэсуэльскай кавы. Беларусы ж у Баліварыянскую рэспубліку, апроч трактароў і будаўнічых матэрыялаў, будуць пастаўляць сухое малако.

Дыплямат адзначыў, што цяпер вядзецца праца наконт адмены візаў для беларускіх грамадзян, якія наведваюць Вэнэсуэлу, хацеў бы сп.Нуньес бачыць і прамы авіярэйс між Менскам і Каракасам. Краіны зьбіраюцца перадаць ва ўласнасьці адна адной будынкі для пасольстваў. Вэнэсуэльцы плянуюць адкрыць у Менску і консульскі аддзел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?